Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заяву аб вызваленьні Ірына Халіп называе правакацыяй


Ірына Халіп

Ірына Халіп

Журналістка Ірына Халіп называе правакацыяй заявы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб сваім вызваленьні.

Пра тое, што яна можа свабодна выяжджаць зь Менску, Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію журналістам брытанскай газэты The Evening Standard. Ірыну Халіп прызналі вінаватай і асудзілі на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

На пытаньне замежных журналістаў, чаму Ірына Халіп ня можа выехаць у Маскву, Аляксандар Лукашэнка выказаў зьдзіўленьне: ён, маўляў, ня ведае ні пра яе абмежаваньне на выезд, ні ўвогуле — дзе яна. А затым кіраўнік краіны заявіў, што ён прыняў рашэньне і журналістка можа пакінуць Менск. Пра гэта Ірына Халіп даведалася ад саміх журналістаў, якія бралі інтэрвію:

«Заходнія журналісты, як і расейскія, дарэчы, калі сустракаюцца з такой упэўненасьцю, то яны пачынаюць думаць: а можа, так і ёсьць? Журналісты, якія бралі гэтае інтэрвію ў Лукашэнкі на мінулым тыдні, яны адразу прыехалі да мяне і сказалі: усё, ты вольная — нам асабіста гэта было сказана. Я ім проста нагадала ўсе заявы Лукашэнкі адносна палітзьняволеных, што іх увогуле няма, і што ён ня ведае пра мой арышт, і шмат што іншае я ім прыгадала».

Загадчыца інспэкцыі выкананьня пакараньняў Партызанскага РУУС Менску Натальля Каляда адмовілася паведаміць, ці сапраўды ўмовы адбыцьця пакараньня для Ірыны Халіп зьмененыя:

«Мы ніякай інфармацыі ня можам вам даваць, і я ніякай інфармацыі вам ня дам».

У сваю чаргу, сама Ірына Халіп кажа, што, са словаў супрацоўнікаў міліцыі, у яе статусе ніякіх зьменаў не адбылося. Зробленыя кіраўніком краіны заявы пра скасаваньне пакараньня Ірына Халіп называе спробай правакацыі:
Калі б я была гэткай жа наіўнай, як брытанскія журналісты, то села б у цягнік, каб наведаць, да прыкладу, сваю рэдакцыю ў Маскве. А ў Воршы мяне б ужо чакалі

«Мяне вельмі зьдзівіла, што чалавек спакойна і ўпэўнена спрабаваў сьцьвярджаць, што мяне няма ў Беларусі, што я ў Маскве, добра ведаючы, дзе я і што са мной. Таксама зьвярніце ўвагу, што некалькі разоў ім настойліва было сказана, маўляў, што ўжо сёньня ўвечары — забірайце, і няхай едзе ўжо сёньня ўвечары. Я магу расцаніць гэта як спробу правакацыі. Бо калі б я была гэткай жа наіўнай, як брытанскія журналісты, то села б у цягнік, каб наведаць, да прыкладу, сваю рэдакцыю ў Маскве. А ў Воршы мяне б ужо чакалі».

Пра тое, што Лукашэнка адмыслова ўводзіць журналістаў у зман альбо некампэтэнтны ў прававых пытаньнях, кажа праваабаронца Уладзімер Лабковіч:

«Не вазьмуся даваць маральную ацэнку спадару Лукашэнку і ягоным заявам. Але яны, безумоўна, зробленыя альбо каб увесьці ў зман журналістаў, альбо гэтыя заявы элемэнтарна некампэтэнтныя. Бо адносна Ірыны Халіп выкарыстаная такая форма пакараньня, як адтэрміноўка. Ёй быў прызначаны нагляд, і тое, што кажа Лукашэнка — абсалютна некампэтэнтна».

Час адтэрміноўкі прысуду аб двухгадовым зьняволеньні для Ірыны Халіп заканчваецца 20 ліпеня 2013 году. Яе справу паўторна перададуць у суд, які прыме рашэньне — вызваліць журналістку, накіраваць яе ў турму альбо пакінуць цяперашні статус яшчэ на няпэўны час.

Між тым у прэсавай службе кіраўніка дзяржавы ўвогуле адмаўляюць факт інтэрвію:

— Ніякага Олівэра Пула і ніякага Evening Standard не было, — прыводзіць tut.by словы кіраўніка прэс-службы Паўла Лёгкага.

Разам з тым, на канале VideoCharter97 на YouTube зьявіўся фрагмэнт размовы з Аляксандрам Лукашэнкам, прысьвечаны Ірыне Халіп. Лукашэнка размаўляе зь Яўгенам Лебедзевым, дырэктарам Evening Standard. Лебедзеў таксама валодае 39% акцый расейскай «Новой газеты», дзе працуе Халіп.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG