Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэатыўная паштоўка палітвязьню


Праваабарончы цэнтар «Вясна» працягвае конкурс самаробных паштовак і сувэніраў, прысьвечаных палітвязьням і правам чалавека.

«Адлегласьць і час саступаюць, калі ў сэрцы жыве надзея», — падпісаў сваю паштоўку ўдзельнік конкурсу з Маладэчна. На картцы — чырвоная птушка зь лістом у дзюбе, выразаная ў тэхніцы выцінанкі. Яшчэ адно папяровае пасланьне за краты таксама вытрыманае ў белым і чырвоным колерах. На паштоўцы аўтар пакінуў адбітак далоняў дзіцяці і дарослага ды падпісаў: «Цябе чакаюць...»

Арганізатары лічаць, што лісты палітвязьням павінны быць троху незвычайныя:

«Калі пішаш тым, хто цяпер у ізаляваным становішчы, то разумееш, які маленькі выбар беларускіх паштовак. А перапіска для іх — адзіная сувязь са зьнешнім сьветам. Таму заўсёды хочацца парадаваць чалавека: каб ён адкрыў паштоўку і зразумеў, што яго чакаюць на волі», — распавяла сябра «Вясны» Алеся Якубоўская.

Акрамя паштовак, на конкурс прымаюцца калажы, здымкі, коміксы і відэаролікі на праваабарончую тэматыку. Даслаць працы можа кожны ахвотны да канца лістапада. Урачыстую цырымонію ўзнагароджваньня вясноўцы хочуць прымеркаваць да Сусьветнага дня правоў чалавека 10 сьнежня.

«Пакуль што мы атрымалі ня вельмі многа прац пра правы чалавека. Але я шчыра спадзяюся, што ў грамадзтве, асабліва сярод моладзі, ёсьць разуменьне правоў чалавека і іх каштоўнасьці. І веру, што нашым людзям уласьціва пачуцьцё салідарнасьці. Сваім конкурсам мы хочам гэта паказаць», — кажа Алеся Якубоўская.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG