Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: Без падтрымкі Расеі Лукашэнка абрынецца

  • Аляксандар Лукашук

Аўдронюс Ажубаліс

Аўдронюс Ажубаліс

Міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс адказаў на пытаньні беларускай службы Радыё Свабода.

Свабода: Ці будуць зьмены ў палітыцы Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля выбараў, якія нядаўна прайшлі ў вашай краіне?

Ажубаліс: Літва ёсьць часткай ЭЗ і падзяляе яго зьнешнюю палітыку. Як вы ведаеце, ЭЗ у цяперашні час рэалізуе палітыку крытычнага ўзаемадзеяньня ў адносінах да Беларусі з-за рэпрэсій беларускіх уладаў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і парушэньняў грамадзянскіх правоў. Умовы для зьмены гэтай палітыкі вельмі ясныя: безумоўнае вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі.

Свабода: Ці чакаеце вы якіх-небудзь крокаў у бок лібэралізацыі ад рэжыму Лукашэнкі?

Ажубаліс: Ну, у першую чаргу, вы павінны адрасаваць гэтае пытаньне спадару Лукашэнку!

Шчыра кажучы, у мяне няма ніякіх чаканьняў ад Лукашэнкі. За апошнія 10-15 гадоў мы маглі назіраць некалькі «détentes», якія завяршаліся ў дакладна аднолькавай манеры – новымі рэпрэсіямі супраць рэшткаў грамадзянскай супольнасьці. Вядома, я не выключаю магчымасьці яшчэ адной так званай «лібэралізацыі», што ня будзе большым, чым проста звычайным пачаткам гульні «з нуля», калі Лукашэнка будзе спрабаваць атрымаць новыя эканамічныя саступкі, пагражаючы Пуціну «фліртам» з Эўразьвязам. Я думаю, што толькі адзіная і моцная апазыцыя пры падтрымцы палітыкі ЭЗ магла б прымусіць рэжым зрабіць некаторыя лібэральныя рэформы.

Свабода: Ці магчымы ўплыў Эўразьвязу на Беларусь праз Маскву? Ці зьяўляецца Лукашэнка незалежным дыктатарам, альбо ён марыянэтка Масквы?

Ажубаліс: Я б прапанаваў падзяліць гэтыя два пытаньні. Я хацеў бы пачаць з другога.

Уся эканоміка Беларусі прывязаная да Расеі праз розныя субсыдыі альбо ўзмоцнены кантроль вытворчасьці. Калі Расея прывядзе свае эканамічныя адносіны зь Беларусьсю на тыя ж падставы, як адносіны зь Літвой або якой заўгодна іншай эўрапейскай краінай, беларуская эканоміка абрынецца. Без сумневу – як і Лукашэнка, Пуцін ведае гэта вельмі добра. І гэта вызначае ступень незалежнасьці Лукашэнкі.

І, што да першага пытаньня – вы бачыце, што на Беларусь можна было б вельмі лёгка паўплываць праз Маскву. Але хіба Эўразьвяз павінен уплываць такім чынам? Мы зацікаўленыя ў дэмакратычнай Беларусі з цалкам дзеяздольнай рынкавай эканомікі і вяршэнствам закона. І, на жаль, цяперашняя Расея ня ў стане дапамагчы нам дасягнуць вышэйзгаданай мэты.

Свабода: Спадар Ажубаліс, нядаўна Вы выказалі прапанову пра новы цэнтар улады за межамі Рэспублікі Беларусь – што менавіта Вы мелі на ўвазе?

Ажубаліс: Я ня стаў удакладняць, што гэта альтэрнатыўны цэнтар улады павінен дзеяць па-за межамі Беларусі, але я з вамі згодны. Аўтакратычны беларускі рэжым проста не пакідае месца для істотнай грамадзянскай дзейнасьці ўнутры краіны. Шматлікія актывісты апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці вымушаныя працаваць па-за межамі Беларусі – у Літве і іншых дэмакратычных краінах. У такіх абставінах было б ня дзіўна, калі працэс аб'яднаньня апазыцыі праходзіў бы за мяжой. Апазыцыя і грамадзянская супольнасьць пры садзейнічаньні дэмакратычных краінаў магла б выпрацаваць адзіную стратэгію, прывабную для беларускага грамадзтва, быць рэальнай і жыцьцяздольнай альтэрнатывай цяперашняму рэжыму. Толькі тады, я лічу, дэмакратыя мае шанец выйграць у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG