Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Хэмпстэдзе (штат Нью-Ёрк) прайшлі другія перадвыбарчыя дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША.

Дэбаты адбыліся ў будынку ўнівэрсытэту Хофстра, пры гэтым публіка складалася з тых, хто яшчэ ня вызначыўся з выбарам.

Дзейны прэзыдэнт Барак Абама абвінаваціў свайго суперніка рэспубліканца Міта Ромні ў тым, што той служыць інтарэсам багатых слаёў грамадзтва і нафтавым кампаніям. Ромні, у сваю чаргу, крытыкаваў эканамічную палітыку Абамы, адзначыўшы, што яна прывяла да росту колькасьці беспрацоўных.

Аглядальнікі заўважаюць, што гэтыя дэбаты былі больш вострыя, чым папярэднія.

– Я абяцаў вам, што я скарачу падаткі для сярэдняй клясы, і я гэта зрабіў, – сказаў Абама. – Я казаў, што будуць скарочаныя падаткі для малога бізнэсу, і я гэта зрабіў. Я сказаў, што я пакладу канец вайне ў Іраку, і я гэта зрабіў. Я сказаў, што я засяроджу ўвагу на тых, хто напаў на нас 11 верасьня, і мы перасьледавалі кіраўніцтва Аль-Кайды, як ніколі раней, а Асама бін Лядан быў зьнішчаны.

– Прэзыдэнт спрабаваў нечага дамагчыся, але яго палітыка не спрацавала, – заявіў Ромні. – Ён выдатны прамоўца і добра ўмее распавядаць пра сваё бачаньне і пляны. Гэта выдатна, але давайце паглядзім на яго паслужны сьпіс, а гэта сьпіс паказвае, што ён ня здолеў скараціць дэфіцыт бюджэту, эфэктыўна рэфармаваць сыстэмы мэдычнага страхаваньня і сацыяльнага забесьпячэньня і дамагчыся росту даходу грамадзян. Сярэдні гадавы даход сям'і зьменшыўся на больш чым чатыры тысячы даляраў, а 23 мільёны амэрыканцаў – беспрацоўныя.

У ходзе дэбатаў абмяркоўваліся і зьнешнепалітычныя пытаньні, у тым ліку напад на амэрыканскае консульства ў лібійскім горадзе Бэнгазі, у выніку якога загінулі амбасадар ЗША ў Лібіі і яшчэ трое амэрыканцаў. Абама заявіў, што нясе адказнасьць за бясьпеку амэрыканскіх дыпляматаў, якія працуюць за мяжой.

Трэці тур перадвыбарных дэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты пройдзе 22 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG