Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маратон Салідарнасьці — з Алесем Бяляцкім


16 кастрычніка ў межах Маратону Салідарнасьці з палітвязьнямі ў сядзібе БНФ прайшла прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма «Kazus Бяляцкага». Фільм прадстаўлялі аўтар сцэнару Ўладзімер Халіп і рэжысэр Юрась Стаюнічаў.

Калі пачнецца афіцыйны шырокі пракат фільму, пакуль невядома — як вырашыць праваўладальнік, віленская прадусарская кампанія «Вісата».

У гутарцы пра справу Бяляцкага ды іншых палітвязьняў Уладзімер Халіп нагадаў лёсы зьніклых палітыкаў — Захаранкі, Ганчара.

— Як жа так магло здарыцца? Усе ж разумныя людзі: Захаранка прафэсійны сьледчы, Ганчар таксама ня першы дзень у палітыцы. Як яны маглі не прыняць нейкія меры бясьпекі каб ня трапіць у гэткую сытуацыю? Я размаўляў зь іхнымі роднымі, і ўсе казалі: яны ведалі пра небясьпеку, былі гатовыя да таго што іх пасадзяць у турму, але ніхто зь іх ня думаў — ёсьць жа нейкая рыса, якую чалавек перайсьці ня можа... А ён можа."

Таму спадар Халіп папярэдзіў пра існую небясьпеку для сёньняшніх палітычных вязьняў і заклікаў кожны дзень працаваць дзеля іх вызваленьня.

— Усе, хто сёньня сядзіць у турме, гэтыя нашыя 12 герояў, знаходзяцца ў вялікай небясьпецы. І мы кожны дзень мусім што-небудзь рабіць каб хаця б падтрымаць, каб наблізіць іх вызваленьне — таму што іх там нельга пакідаць, ён яшчэ што-небудзь прыдумае.

На вечарыне прысутнічала маці зьніклага Зьмітра Завадзкага Вольга, напрыканцы ўсе прысутныя памаліліся разам за яго і іншых зьніклых.

У фільме скарыстанае апошняе на дадзены момант інтэрвію Алеся Бяляцкага, дадзенае ім незадоўга да арышту.
XS
SM
MD
LG