Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чавэс і Лукашэнка падлеткамі не нагуляліся ў салдацікі»


Чавэс і Лукашэнка ў Вэнэсуэле, чэрвень 2012

Чавэс і Лукашэнка ў Вэнэсуэле, чэрвень 2012

Цягам бліжэйшых трох месяцаў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавес, магчыма, наведае Расею. У амбасадзе Вэнэсуэлы ў Менску адзначылі, што «традыцыйна, калі прэзыдэнт Чавес наведвае Маскву, ён стараецца наведаць і суседнія краіны. Можна меркаваць, што калі ён прыедзе ў Маскву, то абавязкова наведае і Беларусь.»

Чым падобныя і чым адрозныя Чавэс і Лукашэнка? На чым грунтуецца ўлада вэнэсуэльскага лідэра?

З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да супрацоўніка рускай службы Радыё Свабода, экспэрта ў справах Лацінскай Амэрыкі Аляксандра Госьцева.

Госьцеў: Уга Чавэс апошнім часам усё больш уяўляе сябе палітыкам сусьветнага маштабу. За апошнія год-два ён моцна зьмяніўся ня толькі зьнешне, з прычыны цяжкой хваробы, ён зьмяніўся і мэнтальна. Ён усё больш робіцца фанатыкам глябальнай ідэі. Ён называе схему, якую будуе, «восьсю дабра», у процівагу амэрыканскаму вызначэньню «вось зла».

Ён выбудоўвае гэтую сваю вось зь іншымі палітыкамі, якія таксама лічаць сябе буйнымі велічынямі. І аб’ядноўвае іх дзіўны ваяўнічы антыамэрыканізм і папулісцкая рыторыка.

Чавэс і Лукашэнка — гэта ў палітыцы мужчыны адной пароды, якія ў дзяцінстве не найграліся ў салдацікі, якія не атрымалі дастатковай адукацыі, прызнаньня і любові навакольля. І зараз яны даказваюць сваю маскуліннасьць, свой мачызм.
Іх сяброўства, пышныя візыты — гэта падлеткавы мэнталітэт, воляй лёсу ўзьнесеных на вяршыню ўлады. Хаця ня будзь ў Вэнэсуэле, як і ў Беларусі, такі народ, які ёсьць, ні Чавэс, ні Лукашэнка на гэтай вяршыні не зьявіліся б. За Чавэса сапраўды прагаласавала большасьць.

РС: Як такія якасьці Чавэса спалучаюцца з даволі дэмакратычнай пабудовай Вэнэсуэлы? Вы сказалі, што за яго ўсё ж прагаласавала большасьць на апошніх выбарах. І там сапраўды ніхто не казаў пра татальныя фальсыфікацыі. І больш за 40% галасоў, якія атрымаў кандыдат ад апазыцыі — у дыктатарскіх краінах так не бывае.

Аляксандар Госьцеў у Вэнэсуэле

Аляксандар Госьцеў у Вэнэсуэле

Госьцеў: Сапраўды, Чавэс не баіцца выйграваць зь лікам, які падобны на праўду. Чаму? Ну, у Вэнэсуэле на аднаго пісьменнага чалавека прыпадае 5 малапісьменных ці наагул непісьменных. Вэнэсуэла — гэта краіна дзікага сацыяльнага расслаеньня, краіна, дзе большасьць насельніцтва мае архаічны тып мысьленьня. Лацінская Амэрыка мяняецца імкліва, але гэты кантынэнт пачаў гэтак мяняцца апошніх гадоў 20. Іх праблемай заўсёды было тое, што там не было палітыкаў памяркоўных, там былі толькі ўльтраправыя і ўльтралевыя. Тое, што зараз адбываецца ў Вэнэсуэле, гэта шмат у чым хвароба росту. Людзі толькі пажынаюць плады дэмакратыі, а ў такіх выпадках на вяршыню прыходзяць самыя яркія, самыя гаваркія, самыя агрэсіўныя папулісты — такія, як Чавэс.

Вельмі важна тое, што ён ўлавіў мову натоўпу, мову, на якой натоўп хоча, каб зь ім размаўлялі.

Да таго ж у Чавэса, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, зараз у руках велізарныя грошы ад нафтавага экспарту. І гэтыя грошы ён унутры Вэнэсуэлы разьмяркоўвае даволі пісьменна.

РС: А хто падтрымлівае Чавэса, на каго ён абапіраецца?

Госьцеў: За Чавэса выступае ўся армія і велізарная нацыянальная гвардыя, у якой служаць хлопцы з самых бедных ускраін, з трушчобаў, і гэта апірышча яго ўлады. Другое апірышча — сацыялістычныя бядняцкія камітэты, якія створаныя па ўсёй краіне. Трэцяе — гэта рабочыя нацыяналізаваных прадпрыемстваў, якім пачалі плаціць маленькі, але рэгулярны заробак.

Ну, і яшчэ адзін фактар — тое, што гэта шалёна разнастайная краіна паводле этнічнага складу насельніцтва. Палова насельніцтва — індзейскія плямёны, якія ходзяць у насьцёгнавых павязках зь дзідамі. Я, калі быў у Вэнэсуэле, іх бачыў. Але яны грамадзяне, яны выбаршчыкі. І калі яны прыходзяць на выбарчы ўчастак на чале са сваім правадыром, якога ахоўвае тая самая нацыянальная гвардыя Чавэса, то зразумела, куды яны паставяць «птушку».

Іх сымпатыі можна танна купіць. Індзейцы абагаўляюць Чавэса за тое, што кожнай індзейскай сям’і ён даў новы падвясны японскі матор Ямаха для каноэ. І сэрцы многіх плямёнаў у дэльце Арынока ці на мяжы з Калюмбіяй былі ім заваяваныя.

РС: А моладзь?

Госьцеў: Улада Чавэса — гэта ўлада нізоў, улада люмпэн-пралетарыяту, які зразумеў, што пры гэтым кіраўніку на нейкі час будзе жыць лепш, чым калі-небудзь. У Вэнэсуэле, як і ў шмат якіх іншых лацінаамэрыканскіх краінах, значная частка моладзі жыве на вуліцы і ня хоча для сабе нічога сур’ёзнага. Яна ня хоча вучыцца, ня хоча працаваць. Яна хоча ці атрымаць ваенную форму, пісталет, і стаяць на вуліцы, каб цябе бачылі твая дзяўчына, тата, мама, браты, і пры гэтым цябе 3 разы на дзень кармілі гарачай ежай. Ці яна хоча беспакарана красьці электраэнэргію (гэта вялікая праблема ў Вэнэсуэле) ў прыватных прадпрыемстваў — у «буржуяў», як там прынята казаць. Ці гандляваць наркотыкамі. Пры Чавэсы Каракас выйшаў на трэцяе месца сярод усіх гарадоў сьвету па ўзроўні бытавой злачыннасьці і забойстваў на душу насельніцтва. І гэта не палітычны гвалт, і нават не высьвятленьне адносінаў паміж наркакартэлямі — гэта звычайны «гоп-стоп».

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Пра дакладныя даты візыту Чавэса ў Беларусь ў амбасадзе Вэнэсуэлы не паведамляюць.

«Мяркую, што будзе шмат сьвяточнай рыторыкі, шмат гаворкі пра сяброўства і глябальнае партнэрства. — камэнтуе магчымы візыт палітоляг Андрэй Фёдараў. — Увогуле ў Беларусі з Вэнэсуэлай дзіўныя адносіны: калі нафта была — то была адна сытуацыя, і ўсё было зразумела. Зараз гандлёвы нафтавы зварот значна скараціўся, і гэта ўжо іншая сытуацыя. Таму я ня думаю, што вынікі гэтага візыту будуць нейкія надзвычайныя. Гэта будзе звычайны візыт, і ня больш за тое».
XS
SM
MD
LG