Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэс-канфэрэнцыя Лукашэнкі — псыхатэрапэўтычны сэанс


Кіраўнік Беларусі даў традыцыйную прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх журналістаў. Якое ўражаньне ад гэтага выступу? Як Аляксандар Лукашэнка ацаніў беларуска-расейскія дачыненьні? Як ён прэзэнтаваў вынікі свайго кіраваньня?

Удзельнікі: палітолягі Ўладзімер Падгол і Юры Чавусаў.

Якое агульнае ўражаньне ад прэсавай канфэрэнцыі?

Валер Карбалевіч: «Гэта ўжо дзясятая, юбілейная прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі для расейскіх мэдыяў. Усё было як звычайна, традыцыйныя пытаньні, традыцыйныя адказы. Ці было нешта новае?»

Уладзімер Падгол: «Самы галоўны сэнс гэтай прэсавай канфэрэнцыі для Лукашэнкі — гэта быў псыхатэрапэўтычны сэанс. Ён сам сябе пераконваў, сам сабе даводзіў. І атрымліваў водгук аўдыторыі. Расейскія журналісты ня толькі задавалі пытаньні, але і сьпявалі хваласьпевы. Ён чыста маральна ўмацоўваўся».

Карбалевіч: «Сапраўды, гэта была своеасаблівая падзарадка энэргіяй. Лукашэнка і аўдыторыя хвалілі адзін аднаго».

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў: «Асноўным адрасатам гэтай прамовы быў расейскі істэблішмэнт „патрыятычнай“ накіраванасьці, які адчувальны да імя Сталіна. Гэта была спроба намацаць вобраз кіраўніка старой савецкай загартоўкі, які захаваў СССР у рамках адной рэспублікі. Таму і заігрываньне з імпэрскімі комплексамі, прапанова аднавіць канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы, стварыць супольны парлямэнт Эўразійскай садружнасьці і, у рэшце рэшт, аддаць Беларусі расейскія радовішчы».

Як Лукашэнка ацаніў беларуска-расейскія адносіны?

Карбалевіч: «Некалькі гадоў таму Лукашэнка выкарыстоўваў падобную прэсавую канфэрэнцыю для таго, каб паказаць падступную сутнасьць крамлёўскага кіраўніцтва. Гэтым разам тон Лукашэнкі адносна Расеі быў дружалюбны. Вы згодныя?»

Падгол: «Лукашэнка замаскаваўся, надзеў міралюбную маску, якая хавала ня вельмі добрае стаўленьне да Расеі. Калі яму задалі пытаньне пра пэрспэктывы інтэграцыі, то ён адказаў, што пачакаем, што скажуць Назарбаеў і Пуцін. Маўляў, не хачу бегчы паперадзе цягніка».

Чавусаў: «Сапраўды, модус выказваньняў на адрас Расеі быў прымірэнчы. Ён адбельваў вобраз вялікага інтэгратара. Падаецца, Лукашэнка ніяк ня можа зразумець, чаго ж насамрэч хоча Пуцін ад яго.

Гучала крыўда на Расею за Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Гучала думка, што насамрэч інтэграцыя Беларусі ў Эўразійскі зьвяз ператварылася ў падпарадкаваньне расейскаму дыктату падчас уступленьня РФ ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Ранейшая схема „нафта ў абмен на пацалункі“ ўжо не працуе».

Уладзімер Падгол

Уладзімер Падгол

Падгол: «Лукашэнка ўвесь час падкрэсьліваў несяброўскае стаўленьне Расеі да Беларусі. Вось кошты на газ у нас значна вышэйшыя, чым у Расеі. І вось, працуючы ў значна горшых цэнавых умовах, ён змог перасягнуць эканоміку Расеі. Вось ён — волат, асілак, а там у РФ — пігмэі.

Як Лукашэнка прэзэнтаваў вынікі свайго кіраваньня?

Карбалевіч: «Галоўная тэма прэсавай канфэрэнцыі — гэта прэзэнтацыя дасягненьняў Беларусі пад мудрым кіраўніцтвам Лукашэнкі. І ўвесь час было параўнаньне з Расеяй: маўляў, у нас усё цудоўна, а ў РФ усё дрэнна».

Чавусаў: «Трэба мець на ўвазе, як частавалі гэтых расейскіх журналістаў. У Расеі імідж Беларусі ня самы лепшы, у сэнсе эканамічных дасягненьняў. Лукашэнка імкнуўся прэзэнтаваць вобраз Гаспадара Беларусі».

Падгол: «Падчас гэтай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка ўтварыў віртуальную рэчаіснасьць. І яму там было вельмі ўтульна. І вяршыняй было, калі карэспандэнт „Праўды“ сказаў, што ягонае віншаваньне газэце зь юбілеем разьмешчана побач са старым віншаваньнем Сталіна. І Лукашэнка адказаў, што „мне да Сталіна і Леніна яшчэ шмат крочыць“.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Дык вось ягонае жыцьцё — у віртуальнай рэчаіснасьці. Уяўляю, што пасьля прэзыдэнцкая прэсавая служба адбярэ самыя лепшыя водгукі на гэтую паездку ў Беларусь. І ён будзе вечарамі чытаць, які ён геніяльны».

Чавусаў: «І важна тое, што гэтыя мэдыі ад яго незалежныя. Гэта тое люстэрка, якога Лукашэнку не хапае ўнутры Беларусі. Але гэта ж крывое люстэрка».

Карбалевіч: «Лукашэнку спадабалася такое параўнаньне яго з Сталіным. І ягоная сьціпласьць — гэта вышэйшая форма мэсіянства».

Чавусаў: «Яшчэ адзін момант. Лукашэнка хацеў падкрэсьліць, што нашы гульні з Захадам — ня ў піку Расеі. Гэта ня тыя геапалітычныя арэлі, якія былі раней».

Падгол: «Як звычайна, Лукашэнка рабіў ворага з апазыцыі. Вось БНФ усё разбурыў, і інш.»

Чавусаў: «Так, а Лукашэнка — гарант стабільнасьці. Ён робіць анэстэзію фантомных імпэрскіх боляў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG