Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 кастрычніка пасьля размовы з адміністрацыяй архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту мастак напісаў заяву па ўласным жаданьні. «Калі б не напісаў заявы сам, то звольнілі б за прагул — дзень, калі мяне незаконна затрымалі», — кажа мастак.

Міхаіл Гулін працаваў старшым выкладчыкам на катэдры «Малюнак, акварэль і скульптура» два месяцы. Гуліна, трох ягоных памочнікаў і журналістку Тацяну Гаўрыльчык затрымалі 9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы.

Там Гулін ладзіў творчую акцыю «Пэрсанальны манумэнт». Яе ўдзельнікі насілі па горадзе жоўты паралелепіпэд і тры ружовыя кубы, усталёўвалі на плошчах і фатаграфавалі.

Гулін: «Сэнс гэтага мерапрыемства — выключна мастацкі. Для мяне важна было такім чынам асэнсаваць скульптуру ў прасторы. Гэта ж ня проста кубікі, гэта скульптура».

Гуліна, Гаўрыльчык, валянтэраў, а таксама паралелепіпэд з кубамі даставілі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Гаўрыльчык адпусьцілі, не складаючы пратаколу, прыкладна праз тры гадзіны. Астатніх пратрымалі да восьмай гадзіны вечара.

Па словах Міхаіла Гуліна, валянтэраў па адным выводзілі ў іншы кабінэт, прымушалі здаць адбіткі пальцаў і зьбівалі. Скульптуру аўтару не вярнулі.

22 і 26 кастрычніка пройдуць суды над мастаком і ягонымі памочнікамі. Аўтара пэрформансу і трох ягоных напарнікаў абвінавачваюць у непадпарадкаваньні міліцыі. За гэта ім пагражае штраф ад 2 да 5 мільёнаў рублёў альбо арышт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG