Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: Маленькія беды зь вялікім клопатам жыхароў завулку Буянава


Пра тое, што крама была гародніннай, кажуць цяпер толькі вітрыны

Пра тое, што крама была гародніннай, кажуць цяпер толькі вітрыны

У Магілёве жыхары некалькіх вуліц непадалёк ад цэнтру патрабуюць адкрыць гароднінную краму.

Зачынілася яна якраз перад тым, як людзі пачалі нарыхтоўваць на зіму вітамінную прадукцыю. Паслугамі крамы карысталіся пераважна людзі сталага веку. Яны цяпер і патрабуюць яе адчыніць, зьбіраюць подпісы пад зваротам да мясцовай улады.

Пра закрыцьцё крамы на завулку Буянава паведаміла слухачка «Свабоды». Яна заявіла, што краму зьбіраюцца прадаваць і людзей гэта абурае:

«Ужо вывозіцца абсталяваньне з крамы. Гэта ж адзіная крама ў тым раёне. Там дужа шмат жыве пэнсіянэраў, інвалідаў, якім цяжка дабірацца да „Менскага рынку“. Там жа ніякі транспарт ня ходзіць».

Гароднінная крама ў завулку Буянава, якая належыць аграгандлёвай фірме «Кадзіна», як выявілася, сапраўды зачыненая. На жалюзі нехта жартаўліва напісаў па-расейску «Не хвалюйцеся». На адным з вакон непрыкметная абвестка: «Крама зачыненая на рамонт». Рамонтнікаў не відаць.
Зачынены ўваход у краму з дасьціпным надпісам «Не хвалюйцеся»

Зачынены ўваход у краму з дасьціпным надпісам «Не хвалюйцеся»


«Вось я таксама дзіўлюся — чаму краму зачынілі на рамонт. А гледзячы на тое, што рамонту няма, то крама калі й адчыніцца, дык ня хутка. А можа, і наагул не адчыніцца, на жаль», — камэнтуе сытуацыю з рамонтам крамы адна з тутэйшых жыхарак.

Жыхары навакольных дамоў наагул сьцьвярджаюць, што краму зьбіраюцца прадаваць, а не рамантаваць. Зачынілі яе на пачатку восені.

«Начальніца гандлёвага аддзелу сказала мне, што краму рыхтуюць да продажу. Тут у асноўным „хрушчоўкі“, а ў „хрушчоўках“ жывуць пэнсіянэры, людзі малазабясьпечаныя ды інваліды. Крама гэтая патрэбная», — зазначае адна з жыхарак завулку Буянава.

Да гутаркі далучаецца яшчэ адна спадарыня сталага веку на мыліцах:

«Там было й малачко, і хлеб, там была й морква, і бульба. Усё было, і крупы былі. Хіба я магу цераз вуліцу прайсьці? А жыву я адна, у гэтую краму неяк дакульгаеш».

Паводле жыхароў, краму зьбіраюцца прадаваць ня першы раз. Абараніць яе людзі здолелі, сабраўшы дзьве сотні подпісаў.

У гандлёвым аддзеле фірмы «Кадзіна» на пытаньне пра продаж крамы супрацоўніца паведаміла:

«Мы яе проста зачынілі на рамонт. Пра продаж пакуль наагул гаворкі не ідзе».
Абвестку вывесілі, як сьцьвярджаюць жыхары завулку Буянава, пасьля таго як кіраўніцтва данялі пытаньнямі — чаму крама не працуе

Абвестку вывесілі, як сьцьвярджаюць жыхары завулку Буянава, пасьля таго як кіраўніцтва данялі пытаньнямі — чаму крама не працуе


Пакуль, аднак, крама застаецца зачыненай, і наладаваныя харчамі торбы людзі сталага веку цягаюць здалёк. У бліжэйшых крамах айчыннай вітаміннай прадукцыі няма. А ўсё прывазное — для пэнсіянэраў задорага.

Спадарыня: «У нашым раёне няма блізка гародніннай крамы. Тут недалёка ў краме „Перекрёсток“ ёсьць гароднінны аддзел, але там усё дорага».

Спадарыня: «Лукашэнка нам кажа — купляйце беларускае, а там мы па паліцах вывучаем геаграфію. Цэны там страшэнныя».

Першы дзясятак подпісаў актывісты мясцовай кампаніі за адкрыцьцё крамы сабралі за няпоўную гадзіну. Плянуюць сабраць да канца тыдня больш за дзьве сотні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG