Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты называюць Астравецкую АЭС самабудам


Незалежныя экспэрты называюць Астравецкую АЭС самабудам, бо яе ўзводзяць без архітэктурнага праекту і экалягічнай экспэртызы.

У Мінэнергетыкі цьвердзяць, што будоўля станцыі не пачатая, а толькі распрацоўваецца катлаван і вядуцца падрыхтоўчыя працы для стварэньня неабходнай для будаўніцтва вытворчай базы. Прафэсар Георгі Лепін называе праект будоўлі АЭС палітычным.

Паводле інфармацыі, зьмешчанай на сайце грамадзкага аб’яднаньня «Экадом», распрацоўка катлавана пад будынак, дзе будзе месьціцца рэактар Астравецкай АЭС, пачалася без архітэктурнага праекту.

Старшыня Рады грамадзкага аб’яднаньня Ірына Сухій кажа, што гэта не адзінае парушэньне нашай краінай узятых на сябе абавязкаў у межах міжнароднай канвэнцыі пры будаўніцтве атамнай станцыі:

Ірына Сухій
Ірына Сухій
«Што б ні будавалася, напачатку зьяўляецца праект, які потым праходзіць экспэртызу, і пасьля гэтага атрымліваецца дазвол на будаўніцтва. А тут праекту няма, а катлаван ужо выкапаны і там нешта заліваюць бэтонам. Ну як можна будаваць без праекту, тым болей — атамную станцыю? Гэта ж ня хлеў у гародзе паставіць».

Паводле дырэктара дэпартамэнту разьвіцьця ядзернай энэргетыкі Мінэнэрга Мікалая Грушы, будоўля станцыі не пачыналася, цяпер толькі вядуцца падрыхтоўчыя працы для стварэньня неабходнай для будаўніцтва вытворчай базы і распрацоўка катлавана. І дзеля гэтага яны маюць адпаведную ліцэнзію для работаў па распрацоўцы катлавана.

Са слоў Грушы, стварэньне праекту будаўніцтва станцыі, а таксама яго экспэртызы і зацьвярджэньне зоймуць пэўны час. А паколькі генпадрадчык правёў вышукальныя працы і мае ліцэнзію для распрацоўкі катлавана, некаторыя працы пачаліся ўжо цяпер.

Мікалай Груша
Мікалай Груша
Груша: «Таму некаторыя работы — да прыкладу, па распрацоўцы катлавана — варта зрабіць да зімы, бо потым умовы будуць ня тыя. Вось пра што гаворка вядзецца. Калі, скажам, у генкантракце была запісаная нейкая дата, то мы расейскі бок просім — зразумела, не дзеля пагаршэньня якасьці праекту і будучай ядзернай бясьпекі — разгледзець магчымасьці паскарэньня падрыхтоўкі гэтых дакумэнтаў».

З гэтымі меркаваньнямі не пагаджаецца доктар тэхнічных навук, прафэсар Георгі Лепін, які шэсьць гадоў прапрацаваў на Чарнобыльскай АЭС. Лепін лічыць, што без зацьверджанага праекту станцыі ні распрацоўка катлавана, ні выкананьне для яго праектнай дакумэнтацыі не павінны былі пачынацца.

Паводле прафэсара, гэты праект небясьпечны яшчэ і тым, што ў Беларусі наагул няма спэцыялістаў, якія маглі б прыняць станцыю і потым на ёй працаваць. Ён спасылаецца на дасьведчаных францускіх прафэсіяналаў, якія сьцьвярджаюць, што 80% аварый на атамных станцыях адбываюцца з прычыны чалавечага фактара. А спэцыялістамі ў ядзернай энэргетыцы, паводле яго, за 5 гадоў не становяцца.

Лепін наагул лічыць, што эканамічнай патрэбы будаваць атамную станцыю для Беларусі няма. Ён заклікае ўлады асвойваць новыя парагазавыя тэхналёгіі на існуючых цеплавых станцыях. Такія тэхналёгіі, кажа ён, на 40% скарачаюць спажываньне газу і нафтапрадуктаў і на 40% павялічваюць колькасьць выпрацаванай электраэнэргіі.

Георгі Лепін
Георгі Лепін
Лепін: «Няма ні спэцыялістаў, ні сродкаў — нічога дзеля гэтага няма. Таму сама ідэя будаўніцтва атамнай станцыі ня выкліканая нейкімі рэальнымі момантамі. Яна яўна не ў эканоміцы, а ў нейкіх іншых палітычных мэтах».

Прафэсар Лепін кажа, што зараз у Беларусі ўзмоцнена праводзіцца кампанія скарачэньня колькасьці людзей, якія стаяць у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Ён прапануе ўладам патраціць грошы — паводле яго, на будоўлю АЭС пойдзе ня меней за 20 мільярдаў эўра — на тое, аб чым многія беларусы мараць ужо цэлымі пакаленьнямі.

Лепін: «Дык, можа, паставіць такое пытаньне: альбо нікому не патрэбная, небясьпечная атамная станцыя, альбо ўсім патрэбныя жылыя дамы для забесьпячэньня жыльлём сваіх жа людзей?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG