Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: пра Лукашэнку лепш пытацца ў псыхіятра


Тое, што цяпер робіцца ў Беларусі — гэта ганьба роду чалавечага! Цяжка паверыць, што хлусьня, дыктатура і таталітарызм, якія дасягнулі нябачанага размаху, сёньня магчымыя ў цывілізаваным сьвеце. Аднак, такі рэжым «бацькі» выгадны Расеі, а Эўропа, акрамя абвяшчэньня гучных дэклярацыяў, нічога не можа і не хоча рабіць. Так лічыць Станіслаў Шушкевіч, першы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, які падпісаў у 1991 годзе Белавескія пагадненьні аб ліквідацыі СССР, а цяпер актыўны ўдзельнік беларускай апазыцыі, які даў эксклюзіўнае інтэрвію расейскамоўнаму інфармацыйнаму парталу ў Латвіі TVNET.

TVNET: Не абысьціся без пытаньня, якое Вам, хутчэй за ўсё, ужо надакучыла: калі Вы ў 1991 годзе разам з Ельцыным ад Расеі і Краўчуком ад Украіны падпісвалі так званыя Белавескія пагадненьні, якія азначалі скасаваньне СССР і стварэньне СНД, было адчуваньне, што робіце гісторыю?

Шушкевіч: Не, у мяне такога адчуваньня не было. Мне здавалася, што трэба нешта рабіць, і я быў рады, што мы зь Ельцыным і Краўчуком разумеем адзін аднаго ў гэтым пытаньні. Адчуваньне, што адбылося нешта глябальнае, узьнікла пазьней, калі я вяртаўся ў Менск у раскошным аўтамабілі, называным у народзе «членавоз», і па ўсіх радыёстанцыях на розных мовах расказвалі пра Белавескае пагадненьне, распад СССР і стварэньне СНД. Вось тады я і зразумеў: так, мы нешта стварылі.

TVNET: Існуе інфармацыя, што пры ратыфікацыі ў Вярхоўным Савеце Беларусі Белавескіх пагадненьняў цяперашні прэзыдэнт Лукашэнка, паводле адных зьвестак, быў адзіным дэпутатам, які прагаласаваў супраць, паводле іншых — ня ўдзельнічаў у галасаваньні, а паводле трэціх — устрымаўся пры галасаваньні. Пазьней Лукашэнка ацаніў распад СССР як «найвялікшую геапалітычную катастрофу XX стагодзьдзя». Як Вы можаце гэта пракамэнтаваць?

Шушкевіч: Магу сказаць толькі адно, — хлусіць, гледзячы ў вочы, гэта тое адно з нешматлікіх мастацтваў, якім Лукашэнка валодае бездакорна. Ён нахабна хлусіць, калі заяўляе, што выступаў супраць ратыфікацыі. Тады супраць быў толькі адзін чалавек, прафэсар унівэрсытэту, юрыст і мой добры знаёмы.

TVNET: Нядаўна ў Беларусі прайшлі парлямэнцкія выбары. Эўропа не прызнала іх, а кіраўнік Эўрапарлямэнту Марцін Шульц заявіў наступнае: «Я глыбока шкадую, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі чарговы раз не адпавядалі міжнародным стандартам справядлівага і празрыстага выбарчага працэсу. У сытуацыі, калі лідэры апазыцыі застаюцца ў турме, калі некаторым апазыцыйным кандыдатам адмоўлена ў рэгістрацыі, а народу затыкаюць рот, адбылася насьмешка над дэмакратычнымі выбарамі». А ЦВК Беларусі заявіў, што выбары адбыліся ...

Шушкевіч: У Беларусі няма выбараў ад 1996 году. У нас праходзяць толькі мерапрыемствы, званыя выбарамі, але галасоў ніхто ня лічыць, а ў выбаркамах сядзіць толькі 1% прадстаўнікоў апазыцыі. Вынікі фальсыфікуюцца часам нават такім нахабным чынам, што замежныя назіральнікі наогул ня вераць, што такое можа быць у цывілізаваным сьвеце. Так што ў нас ніякія ня выбары, а проста прызначэньні на пасады прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

TVNET: Кіраўнік Эўрапарлямэнту таксама падкрэсьліў, што Эўразьвяз цяпер мае распрацаваць эфэктыўную стратэгію дачыненьняў зь Беларусьсю, гэта значыць «вырашыць, як цьвёрда рэагаваць на грубыя парушэньні правоў чалавека і вяршэнства закону і як падтрымліваць беларускі народ і яго грамадзянскую супольнасьць». Раду ЭЗ нават заклікалі аддаць Нобэлеўскую прэмію для дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Дык як канкрэтна Эўропа можа паўплываць на сытуацыю ў Вашай краіне?

Шушкевіч: Эўропа прымае выдатныя дэклярацыі, ну і сяго-таго не пускае зь Беларусі ў цывілізаваны сьвет, нашых, я б сказаў, 100%-ых падонкаў. Больш Эўропа нічога ня можа зрабіць. Усе размовы пра нейкія санкцыі супраць беларускага рэжыму — гэта пустое! Ніколі ніякіх адчувальных санкцый не было, дый быць ня можа. Для гэтага Эўропа павінна раскашаліцца. Бо ад санкцый пацярпяць абодва бакі, у тым ліку і вашы латвійскія бізнэсоўцы. Таму Эўропа на такі крок не ідзе.

TVNET: Інфармацыя з Вашай краіны і пра яе прыходзіць самая супярэчлівая. Згодна з афіцыйнай, фільтраванай і дазаванай, краіна разьвіваецца, «цвьіце і пахне». А апазыцыя праз партал charter97.org, а таксама многія, калі не амаль усе, заходнія СМІ паказваюць Беларусь як практычна адзіны ў Эўропе аплот таталітарызму, стагнацыі, і як краіну, дзе адсутнічаюць элемэнтарная дэмакратыя і правы чалавека. Каму верыць?

Шушкевіч: Зразумела, абсалютна маюць рацыю заходнія СМІ: ні пра якія правы чалавека ў Беларусі ня можа быць і гаворкі. У нас груба парушаецца нават наша ўбогая канстытуцыя. Тое, што адбываецца сёньня ў нашай краіне — гэта ганьба роду чалавечага!

TVNET: А наколькі сёньня моцная апазыцыя ў Беларусі?

Шушкевіч: Сам тэрмін «апазыцыя» ў дачыненьні да Беларусі ўжываць нельга. Апазыцыі ў нас няма, паколькі яна проста была выкінутая з парлямэнту. Існуюць людзі, якія незадаволеныя ўладай, але яны ж ня могуць дзейнічаць нармальнымі апазыцыйнымі мэтадамі, удзельнічаць у выбарах і г.д. Тых, хто супрацьстаіць уладзе, дастаткова шмат, але ж у нас вельмі жорсткі і подлы рэжым.

Напрыклад, у сьнежні 2010 году на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў на наш цэнтральны праспэкт у Менску выйшла больш людзей, чым у свой час у трохмільённым Кіеве на Майдан. Тады з усіх абласьцей Беларусі ў Менск былі сьцягнутыя амапаўцы, якія ўсіх бязьлітасна зьбівалі. У такой сытуацыі апазыцыі дзейнічаць вельмі цяжка.

TVNET: Скажыце, як цяпер жыве, прабачце за нівэляваньне, сярэднестатыстычны беларус? Аб чым, напрыклад, гавораць на кухнях, што, як і ў савецкі час, адыгрывае роллю нейкага патаемнага Гайд-парку і індыкатара спраў у краіне?

Шушкевіч: Ня ведаю, пра што гавораць на іншых кухнях. Я гавару не ў сябе на кухні, а досыць адкрыта, што ў нас подлая ўлада, што яна не выбіраецца. І я магу пра гэта з упэўненасьцю казаць, бо ў мяне ёсьць маса фактаў, якія гэта пацьвярджаюць.

Акрамя таго, у нас жа няма свабодных СМІ. Ёсьць дзьве самакантраляваныя газэты, якія працуюць у рэжыме самацэнзуры і шмат пра што пісаць ня могуць, інакш іх прыкрыюць. Дык вось наклад абедзьвюх газэт у тыдзень складае ўсяго 60 000 асобнікаў, а тыраж адной праўладнай «Савецкай Беларусі» ці як яе называюць я народзе «Советская б ...» паўмільёна.

Да таго ж, Лукашэнка ж увесь час на экране, увесь час «сядзіць у тэлевізары». У нас ім ужо нават дзяцей палохаюць... І як Вы, скажыце, можна перамагчы ў гэтай інфармацыйнай барацьбе?

Дый інтэрнэту ў Беларусі то няма, то ён грунтоўна засьмечаны. Афіцыйныя сайты заўсёды даступныя і працуюць бесьперабойна, а вось ужо згаданы Вамі сайт апазыцыі charter97.org часта бывае недаступны.

TVNET: Гэта што тычыцца дэмакратыі і свабоды слова... А з эканамічнага пункту гледжаньня, як сёньня жыве Беларусь?

Шушкевіч: Колькі б у нас ні казалі, што сярэдні заробак дасягае ледзь не 400-500 даляраў, гэта ўсё хлусьня. Так, ёсьць тыя, хто зарабляе столькі ці нават больш. Сярод маіх знаёмых шмат настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ, так я ня ведаю такіх, хто зарабляў бы хоць бы 350-400 даляраў у месяц.

Беларуская ўлада вельмі спрытна перакладае фінансавыя праблемы на плечы людзей. Вось глядзіце. Беларускі рубель і расейскі рубель паходзяць ад таго самага савецкага рубля. Як вядома, стабільнасьць валюты ў значнай меры зьяўляецца паказчыкам стабільнасьці эканомікі. Сёньня за адзін расійскі рубель даюць амаль трыста беларускіх рублёў. Акрамя таго, у нас была дэнамінацыя, так што наш рубель у параўнаньні з расейскім абясцэніўся амаль у тры тысячы разоў.

TVNET: Але ж Лукашэнка ўвесь час заяўляе, што ў краіне растуць зарплаты, пэнсіі, выплачваецца мноства дапамог...

Шушкевіч: Сёлета на пачатку году даляр у нас каштаваў 7000 рублёў, цяпер ён «важыць» ужо 8600. Народу падкідваюць бездапаможныя капейкі, трубячы паўсюль, які наш бацька дабрадзей, але рэальная пакупніцкая здольнасьць увесь час падае.

TVNET: Нядаўна мае знаёмыя езьдзілі ў Беларусь і потым распавядалі, што быццам бы вярнуліся, як спявалі «Бітлз», «back in the USSR» ...

Шушкевіч: Я іх магу зразумець, гэта вельмі дакладнае ўражаньне.

TVNET: Чым, па-Вашаму, тлумачыцца фэномэн Лукашэнкі, які застаецца прэзыдэнтам амаль 20 гадоў? Ён, аказваецца, паводле спэцыяльнасьці, і «выкладчык гісторыі і грамадазнаўства», і «эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасьці», служыў у пагранвойсках КДБ СССР, быў сакратаром камітэту камсамолу... Адкуль такая, так бы мовіць, «адоранасьць»?

Шушкевіч: Цалкам адназначна, што Лукашэнку надзяліла ўладай Расея, даслаўшы сюды свайго эмісара Чарнамырдзіна, пачала працэдуру імпічмэнту нармальна дзейнага парлямэнту. З той пары Лукашэнка і слухаецца ва ўсім Маскву. Для Расеі гэта вельмі выгадны спарынг-партнэр, якога з задавальненьнем і падтрымліваюць. Прыбярыце расейскую падпорку, і Лукашэнкі ня стане вельмі хутка. Гаворачы аб «адоранасьці» Лукашэнкі. Ён амаль заўсёды наўмысна хлусіць, і ствараецца ўражаньне, што сам верыць у тое, што кажа. А з-за сваёй непісьменнасьці ён часта выдае такія пэрлы! Уручаючы мэдаль імя Францішка Скарыны, «гісторык» Лукашэнка сказаў, што Скарына гуляў па Санкт-Пецярбургу. Прабачце, але Санкт-Пецярбург пачалі будаваць толькі праз 150 гадоў!

TVNET: Не сакрэт, што ў Лукашэнкі і прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса асаблівыя, «сяброўскія» адносіны. Кіраўнік Вашай дзяржавы нават заявіў, што «правёў бяссонную ноч — сачыў за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Вэнэсуэле і перажываў за свайго сябра і калегу Уга Чавэса. Бо той у чацьвёрты раз прэтэндаваў на галоўны пост у краіне — і перамог.

Шушкевіч: Я скептычна гляджу на дэмакратычныя працэсы ў Паўднёвай Амэрыцы, але ж нават там было падабенства выбараў, якое значна бліжэй да дэмакратычнага працэсу, чым у нас, у Беларусі. Зразумела, што дыктатара цягне да дыктатара, але Лукашэнку да Чавэса ой, як далёка ...

TVNET: Больш за тое, відавочна, у сваё жаданьне вырвацца з ізаляцыі і хоць неяк выйсьці ў вонкавы сьвет, Лукашэнка дарыць эміру Катару Хамаду бін Халіфа ат-Тані беларускія дзяржаўныя землі. Яны даюцца для «будаўніцтва рэзыдэнцыі і паляўнічых вальераў». Катар атрымлівае землі ў карыстаньне бязвыплатна і тэрмінам на 99 гадоў. Памеры і межы уладаньняў у дакумэнце не пазначаныя. Як сказаў бы герой адной з вядомых кінакамэдыяў, «дык жа ніякіх валасьцей не набярэсься» ...

Шушкевіч: Я прывык адказваць і камэнтаваць інфармацыю, якую ведаю дасканала. Калі тое, што Вы кажаце, менавіта так, то, спадзяюся, ён яшчэ адкажа за ўсё перад беларускім народам.

TVNET: Беларусь дэ-юрэ зьяўляецца незалежнай дзяржавай. Наколькі, як Вы думаеце, яна незалежная дэ-факта?

Шушкевіч: Расея ў Беларусі што хоча, тое і робіць. У яе шмат рычагоў ўзьдзеяньня, у тым ліку і «газавы кранік». Аднак, я б сказаў, што Беларусь не павінна быць залежная ад каго б то ні было. Яна магла б аддаваць долю свайго сувэрэнітэту ў тым выпадку, калі гэта выгадна, як гэта адбываецца, напрыклад, у Эўразьвязе. Выбар павінен быць за Беларусьсю, а не за кімсьці іншым.

TVNET: Калі адбудзецца цуд і Беларусь стане дэмакратычнай дзяржавай, яна па-ранейшаму будзе арыентавана выключна на Расею ці пачне пазіраць і ў бок Захаду?

Шушкевіч: Гэта вельмі складанае пытаньне. Дзе б ні была Беларусь, на Захадзе ці на Ўсходзе, у любым выпадку адбудзецца памежны «тэктанічны злом». Цяпер, напрыклад, мяжа Беларусі з ЭЗ (Літва і Польшча) у чымсьці нагадвае мяжуе СССР з Эўропай. Шмат каму, ня толькі мне, здаецца, што Беларусь павінна перажыць пэрыяд дзяржаўнага нэўтралітэту. Яна павінна па стандартах адпавядаць краінам ЭЗ і НАТО, але не ўступаць у гэтыя арганізацыі. Як і ў СНД, які ператварыўся ў саюз дыктатураў. Бо акрамя Малдовы і трошкі Ўкраіны ўсе астатнія ўдзельнікі СНД — дыктатарскія дзяржавы. Гэта таталітарныя сыстэмы, з загартаванымі на савецкіх прынцыпах лідэрамі. Няма сёньня Саюзу незалежных дзяржаў! Ёсьць саюз дыктатур — сатэлітаў Расеі.

TVNET: Лукашэнка актыўна рэклямуе свайго пазашлюбнага сына Колю і рыхтуе яго ў наступнікі. Аляксандр Рыгоравіч зьбіраецца так доўга быць ля стырна — аж да дасягненьня Колем сталага і разумнага ўзросту?

Шушкевіч: Гэта пытаньне да псыхіятра, а не да мяне ...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG