Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90 журналістаў з розных рэгіёнаў Расеі завяршылі чарговы, ужо дзясяты прэс-тур па Беларусі традыцыйнай аўдыенцыяй у Аляксандра Лукашэнкі.

25 удзельнікаў дэсанту ўжо наведвалі краіну раней і не хаваюць, што заўсёды з задавальненьнем сюды прыяжджаюць. І ня дзіва: гасьцям паказваюць толькі самыя лепшыя дасягненьні, а таксама шчодра адорваюць мясцовай прадукцыяй. Такім парадкам за некалькі гадоў беларускія ўлады арганізавалі прапагандысцкія ваяжы для амаль тысячы прадстаўнікоў расейскіх СМІ, тым часам як у Расею беларускіх журналістаў ніхто адмыслова не запрашае.

Цягам трох дзён расейцаў прымалі ў Нацыянальнай акадэміі навук, Парку высокіх тэхналёгій, Рэспубліканскім цэнтры трансплянтацыі органаў і тканак. Пасьля экскурсіі па палацавым комплексы ў Нясьвіжы быў распачаты тур па Берасьцейшчыне — Кобрын, Бяроза, Івацэвічы. У самім Берасьці расказалі пра здаровы лад жыцьця, звадзіўшы ў Палац водных відаў спорту і на Вясьлярны канал. Перад сустрэчай з Лукашэнкам журналістаў «патрэніраваў» у пытаньнях і адказах старшыня аблвыканкаму Канстанцін Сумар.

Варта адзначыць, што кандыдаты на паездку ў Беларусь «фільтруюцца» ў адміністрацыі беларускага прэзыдэнта, таму «нязручныя пытаньні» ад іх практычна выключаныя. Адсюль і адпаведны кантынгент: практычна не прадстаўленыя цэнтральныя тэлерадыёкампаніі і друкаваныя выданьні, а акцэнт наўмысна робіцца на рэгіянальную прэсу — рэйтынг Лукашэнкі ў расейскай глыбінцы непараўнальна вышэйшы, чым у Маскве.

Уражаньні разнастайнасьцю не адзначаюцца. Галоўны рэдактар газэты «Российская Федерация сегодня» Аляксандар Шароў дзеліцца ўражаньнямі пасьля наведваньня берасьцейскага заводу газавай апаратуры «Гефэст»:

«Безумоўна, найперш цікавіць усё тое, што тычыцца вытворчасьці. Таму што няма сэнсу хаваць, што ў Расеі з гэтым — вялікія праблемы. І тое, што, не на крыўду будзь сказана, маленькая Беларусь (у параўнаньні зь вялізнай Расеяй) здолела гэта ўсё захаваць, больш за тое, запусьціць новыя вытворчасьці — гэта, вядома, нам у Расеі трэба вывучаць, трэба запазычваць такі досьвед эканамічнага росту».

Пераймаць беларускі досьвед прыехалі ня толькі супрацоўнікі мэдыяў, але і выкладчыкі профільных факультэтаў рэгіянальных ВНУ. Вольга Скібіна, загадчыца катэдры журналістыкі Арэнбурскага ўнівэрсытэту, пасьля візыту ў Нацыянальную акадэмію навук пахваліла «беларускіх акадэмікаў»:

«Зьяжджаю з пачуцьцём гонару за вашу краіну і нават з пачуцьцём нейкай добрай зайздрасьці. Таму што ўсё, што мы за гэтыя дні пачулі і пабачылі, хацелася б перанесьці і ў Расею. Прыкладам, ваша Нацыянальная акадэмія навук — гэта вельмі сур’ёзныя дасьледаваньні, гэта вельмі сур’ёзныя акадэмікі, вельмі сур’ёзныя кірункі».

У бытнасьць беларускім карэспандэнтам радыёстанцыі «Голос России» Яўген Агурцоў таксама бываў на падобных сустрэчах, але, як удакладняе, крыху ў іншай ролі:

«Тое, што прыяжджаюць расейскія журналісты, дык гэта часам робіцца нават сьмешна. Тут, у Беларусі, прадстаўленыя асноўныя фэдэральныя каналы, якія, як правіла, не запрашаюцца на такія сустрэчы. А калі і запрашаюцца, то ня ў якасьці ўдзельнікаў, а ў якасьці, скажам так, гасьцей. Аднойчы ў якасьці такога госьця быў і я, калі прыяжджалі расейскія журналісты такіх выданьняў як, умоўна кажучы, „Пермская правда“ ці „Красноярский край“, а „Голос России“ ў маёй асобе, карэспандэнты ОРТ ды іншыя, якія тут жывуць, усё ведаюць і могуць сказаць праўду, — мы былі гасьцямі. А ўсе расейскія рэгіяналы — удзельнікамі».

Не разгалошваецца, ува што абыходзіцца беларускаму бюджэту прыём такой колькасьці гасьцей. Але калі ўлічыць, што амаль тыдзень блізу сотні журналістаў жывуць у прыстойных гатэлях, тройчы на дзень сілкуюцца і банкетуюць, маюць шырокую культурную праграму і практычна з кожнага праінспэктаванага прадпрыемства вязуць падарункі, сума набягае немалая. Але выдаткі патрэбныя, каб падтрымліваць у Расеі вобраз моцнага палітыка Лукашэнкі, зьбіральніка славянскіх земляў.

Расейскі незалежны журналіст Рыгор Пасько падобныя падарожжы называе выключна прапагандысцкім крокам, на якім ніякай іншай сэнсавай нагрузкі няма. Разам з тым лічыць іх досыць шкоднымі, бо сваімі панэгірыкамі калегі толькі легалізуюць дыктатарскі рэжым:

«Зараз трэба намагацца не глядзець моўчкі, як у нас і ў вас умацоўваюцца дыктатуры, а разам з гэтага балота выкарасквацца. Мы ж не закончаныя дурні, трэба вучыцца нейкім чынам супрацьстаяць гэтаму маразму, якім, як плотам, абгарадзілі нас і Пуцін, і Лукашэнка. Таму нам трэба спрабаваць знайсьці такіх людзей, якія задавальнялі б бальшыню, і каб гэтая бальшыня разумела: так, вось гэты чалавек — наш, і мы за яго можам прагаласаваць. І прагаласаваць не абавязкова бюлетэнямі ў скрыні, а прагаласаваць, калі запатрабуецца, нагамі на масавых мітынгах».

Паказальна, што зь беларускімі журналістамі ў такім фармаце Лукашэнка амаль не кантактуе. Вялікія прэсавыя канфэрэнцыі звычайна зьбіраюцца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а ў астатнім ён абыходзіцца справаздачамі праверанай групы суправаджэньня зь дзяржаўных каналаў і афіцыйных выданьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG