Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы Сойм Літвы не падтрымае беларускую апазыцыю?


Паводле папярэдніх вынікаў, на парлямэнцкіх выбарах у Літве перамаглі апанэнты цяперашняй улады, а найбольшая на цяперашні час кіроўная кансэрватыўная партыя — Саюз айчыны—Хрысьціянскія дэмакраты Літвы — будзе ў апазыцыі. Канчатковыя вынікі будуць вядомыя пасьля другога туру, які мае адбыцца 28 кастрычніка.

Паводле папярэдніх вынікаў выбараў у Сойм Літвы, якія прайшлі у нядзелю 14 кастрычніка, на першым месцы партыя мільянэра Віктара Ўспаскіх (Партыя працы), якая ў цяперашнім парлямэнце была ў апазыцыі, на другім месцы — таксама апазыцыйныя сацыял-дэмакраты. Гэтыя дзьве партыі разам з партыяй Раландаса Паксаса («Парадак і справядлівасьць») сёньня ўначы ужо дамовіліся аб рабочай групе для стварэньня кіроўнай кааліцыі.

Кансэрватыўная партыя — на трэцім месцы, ёй давядзецца прайсьці ў апазыцыю.

Існуе магчымасьць, што ў кіроўную кааліцыю патрапіць «Акцыя выбарчая палякаў у Літве», а лідэр Саюза лібэралаў Элігіюс Масюліс ужо заявіў, што яго партыя не далучыцца да кааліцыі, калі ў ёй будуць папулісцкія партыі, хаця Віктар Успаскіх цьвердзіць, што хацеў бы бачыць у кіроўнай кааліцыі лібэралаў.

«Перамога апазыцыі — традыцыя ў Літве»

Апазыцыйныя палітычныя сілы ў Літве традыцыйна перамагаюць на парлямэнцкіх выбарах. Літоўскія СМІ цытуюць вядомага ў Літве палітоляга Кястуціса Гірнюса, які сказаў BNS пасьля гэтых выбараў: «У Літве зьмена ўлады, і досыць радыкальная зьмена, пасьля кожных выбараў — сьвятыня: калі выйгралі правыя, наступны раз перамогуць левыя».

Гэта ж адзначылі ў сваіх камэнтарах іншыя літоўскія палітолягі.

Аналітыкі аднадушна адзначаюць, што паразу кансэрватараў выклікала непапулярная суровая фіскальная палітыка ва ўмовах фінансавага крызысу і яго наступстваў: зьмяншэньне пэнсіяў, сацыяльных дапамог, рост падаткаў, і нягледзячы на тое, што пры прэм’еру Андрусу Кубілюсу ўнутраны валавы прадукт у Літве павялічыўся болей як на 5 %, звычайныя людзі на сабе гэта не адчулі.

Камэнтуючы вынікі выбараў, палітоляг, прафэсар Ковенскага тэхналягічнага унівэрсытэту Альгіс Крупавічус сказаў «Žinių radijo», што цяпер, магчыма, палітыка ашчаднасьці, якую праводзілі кансэрватары, зьменіцца на ажыўленьне эканомікі і інвэстыцыяў.

Магчымыя зьмены ў стаўленьні да Беларусі

Прагназуюцца і зьмены ў зьнешняй палітыцы Літвы.

Перадвыбарчыя прагнозы прадказвалі посьпех апазыцыйным левым і папулісцкім партыям, і напярэдадні выбараў аналітыкі і праваабаронцы выказвалі засьцярогі, што пры новым складзе Сойму палітыка ў дачыненьні да Беларусі можа зьмяніцца ў больш прагматычны бок, а на парушэньні правоў чалавека ў суседняй краіне будзе меней увагі, чым цяпер.

Напярэдадні старшынёўства Літвы ў Эўразьвязе гэта можа выклікаць заклапочанасьць, але магчыма, як мяркуе палітоляг Віціс Юрконіс, менавіта гэты фактар ня дасьць цалкам забыцца на абарону дэмакратычных каштоўнасьцяў.

«У наступным годзе Літва старшынюе у ЭЗ, і для нас усіх важна думаць, як найлепш выкарыстаць гэтую магчымасьць, але цяпер немагчыма яшчэ нават прагназаваць, хто будзе міністрам замежных спраў, прадстаўнік якой партыі, другі тур галасаваньня можа прынесьці значныя зьмены,» — лічыць Стасіс Каўшыніс, дырэктар Фонду абароны грамадзян і чалец Літоўскай Хэльсынскай групы.

Каўшыніс: У новым Сойме пакуль ня бачна тых, хто падтрымаў бы беларускую апазыцыю, а супраца зь дзяржструктурамі Беларусі можа актывізавацца

«Апошнім часам палітыка ў дачыненьні да падтрымкі беларускай апазыцыі з боку Літвы і не была такой добрай, як, скажам, тры гады таму. Да прыкладу, былі праблемы з уездам у Літву некаторым актывістам зь Беларусі, адмова ў прытулку Захарчанку, іншыя падобныя выпадкі. Мы бачым, што толькі асобныя парлямэнтары ў тым часе актыўна працавалі дзеля падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў, напрыклад Эмануэліс Зінгерыс, Саўлюс Печалюнас, яшчэ некалькі можна назваць, а па цяперашніх выніках яны могуць і не ўвайсьці ў склад гэтага Сойму», — кажа Стасіс Каўшыніс.

Паводле праваабаронцы, у новым магчымым Сойме ня бачна пакуль дэпутатаў, якім бы рупіла падтрымка беларускай дэмакратыі: «Але, натуральна, трэба пачакаць другога туру. Давядзецца добра пашукаць і падумаць, хто з новых дэпутатаў стаў бы надаваць болей увагі сувязям зь беларускай апазыцыяй, зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю», — адзначае літоўскі праваабаронца.

«Асноўная ўвага літоўскай палітычнай эліты скіраваная на эўрапейскія структуры, а не на суседзяў, гэта і ня толькі Беларусі тычыцца, але і Латвіі, напрыклад. А новая кааліцыя будзе больш прагматычная ў сэнсе эканомікі. Можна меркаваць, што актывізуецца супрацоўніцтва з Расеяй, і, напэўна, зь Беларусьсю, але відавочна зь дзяржаўнымі структурамі. Будзе дамінаваць бізнэс, прагматычная палітыка, а ідэалізму тут цяжка спадзявацца, і цяжка спадзявацца падтрымкі дэмакратычных працэсаў і ў Беларусі, і ў Расеі», — кажа Стасіс Каўшыніс.

Другі тур парлямэнцкіх выбараў заплянаваны на 28 кастрычніка. Паводле аналітыкаў, ён яшчэ можа прынесьці істотныя зьмены.

Тым часам, у Літве ужо расьсьледуюцца некалькі справаў аб парушэньнях пры галасаваньні на першым туры 14 кастрычніка, у іх ліку справы аб магчымых подкупах галасоў выбаршчыкаў, ёсьць затрыманыя. У подкупах галасоў, у тым ліку у вязьняў Лукішак, падазраецца Партыя працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG