Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія «Транснафта» прапануе скарэктаваць міжурадавыя пагадненьні зь Беларусьсю, якія тычацца паставак нафты.

Пра гэта заявіў намесьнік віцэ-прэзыдэнта трубаправоднай манаполіі Ігар Кацал у інтэрвію карпаратыўнаму часопісу «Трубаправодны транспарт нафты».

Ён патлумачыў гэта тым, што кампанія, пастаўляючы нафту ў Беларусь, страчвае тарыфную выручку, бо транспартаваць сыравіну па трубе таньней, чым праз парты. Апроч таго, дзяржава страчвае мыта.

Ігар Кацал распавёў, што даволі працяглы час у Беларусь бяз мыта пастаўлялася каля 18 мільёнаў тон нафты. У 2010 годзе ўрад Расеі вырашыў пастаўляць на беларускія НПЗ 6 мільёнаў тон бязмытна і яшчэ столькі ж з мытам. У 2011 годзе зноў вярнуліся да 18 мільёнаў тон бяз мыта. А ў 2012 годзе аб’ём паставак вырас да 21,5 мільёна тон у год. Пры гэтым нафтапрадукты зь Беларусі ідуць на экспарт. Паводле Кацала, замест гэтага 3,5 мільёна тон нафты можна накіраваць у далёкае замежжа праз порт Усьць-Луга.

Паводле прадстаўніка «Транснафты», ва ўмовах прафіцыту экспартных магутнасьцяў сыстэмы магістральных нафтаправодаў, безумоўна, трэба карэктаваць міжурадавыя пагадненьні зь Беларусьсю.

Аднак пастаўкі нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале гэтага году ўжо скарочаныя. Пра гэта паведаміў 12 кастрычніка старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Жылін. Паводле рашэньня Міністэрства энэргетыкі Расеі, пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале складуць 4 мільёны тон супраць 5,3 мільёна тон у трэцім квартале 2012 году.

Ці не зьвязаныя гэтыя скарачэньні паставак з заявамі прадстаўніка «Транснафты» пра перагляд міжурадавых пагадненьняў зь Беларусьсю, якія тычацца паставак нафты? На гэта прэс-сакратар «Транснафты» Ігар Дзёмін сказаў карэспандэнту «Свабоды», што пастаўкі ажыцьцяўляюцца паводле графіку, які фармуе міністэрства. А прапанова прадстаўніка «Транснафты» цалкам упісваецца ў тыя перамовы, якія цяпер ідуць паміж Беларусьсю, Украінай і Расеяй.

«На Ўкраіне зачыніліся тры НПЗ. У нас няма афіцыйных дадзеных, але, наколькі я разумею, гаворка ідзе пра тое, што Беларусь забясьпечвае палівам Украіну. У нас афіцыйнай інфармацыі няма, але адкуль у такім выпадку ва Ўкраіне бяруць паліва? Хутчэй за ўсё, гэта беларускія заводы. Але для Расеі гэта ўсё замежжа. І, адпаведна, тут трэба разглядаць пытаньні надзвычай комплексна».

Паводле Дзёміна, беларускія кампаніі даволі адмоўна паставяцца да прапаноў прадстаўніка «Транснафты».

«Гэта ж прыемна — браць бязмытную нафту і пастаўляць яе за мяжу. І пры гэтым не плаціць ніякага мыта Расеі. Але ж гэта расейская нафта. Калі паглядзець публікацыі ў СМІ, там наагул даволі шмат сьмешнага пішуць. Напрыклад, калі ўсе трактары Беларусі будуць бесьперапынна працаваць круглы год, то максымум спажываньня — гэта недзе каля 6 мільёнаў тон дызэлю. У той час як мы зыходзім са значна большай сумы спажываньня на ўнутраным рынку Беларусі. Цягам многіх гадоў мы пастаўлялі 18 мільёнаў тон, і Беларусь асабліва на гэта ня скардзілася. Цяпер аб’ёмы пастаўкі павялічыліся да 21,5 мільёна тон. Ну, і зьявіліся ўсе гэтыя разбаўляльнікі. Таму трэба неяк вырашаць гэтае пытаньне. Я думаю, што і беларускія ўлады стаяць на пазыцыях законнасьці і правапарадку».

Эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак лічыць, што спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй адносна сумнеўнага бізнэсу на растваральніках і разбаўляльніках ужо крыху зацягнулася.

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Для Беларусі прынцыпова важна захаваць імпарт нафтапрадуктаў з Расеі бяз мыта. Для Беларусі гэта вельмі прынцыповая ўмова. Столькі часу беларускі бок змагаўся менавіта за тое, каб была такая магчымасьць у Беларусі. І вось атрымліваецца, што такая магчымасьць цяпер зачыняецца. Расейскі бок настойліва прасоўвае свае прапановы, а беларускі бок ня згодны. І таму першы рычаг — гэта зьніжэньне паставак нафты ў 4-м квартале для Беларусі. Цяпер — заявы, што трэба пераглядаць умовы паставак нафты на наступны год. Калі бакі так доўга ня могуць узгадніць гэтую пазыцыю, то разьвязаньне гэтага пытаньня можа перайсьці на палітычны ўзровень, на ўзровень двух прэзыдэнтаў. Без разьвязаньня гэтага пытаньня, вельмі адчувальнага для Беларусі і прынцыпова важнага для Расеі, складана будзе вытаргаваць умовы такія ж выгадныя, як у гэтым годзе. Калі Беларусь будзе займаць вельмі ўпартую пазыцыю, то нельга выключыць таго, што Расея перагледзіць умовы пастаўкі нафты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG