Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэшка: Зьмены ў Літве — не на карысьць беларускай дэмакратыі


На парлямэнцкіх выбарах у Літве перамагае апазыцыя. Бальшыня грамадзянаў краіны выказалася супраць будоўлі ў Літве новай атамнай станцыі. Як гэтыя падзеі могуць адбіцца на дачыненьнях новага літоўскага ўраду зь Беларусьсю?

Неўзабаве — камэнтары іншых палітыкаў.


Вялічка: «У трэцім сэктары чакаць зьменаў ад Літвы ня варта»

Старшыня міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка прагназуе, што вынікі літоўскіх выбараў наўрад ці моцна паўплываюць на літоўска-беларускія стасункі на розных роўнях, у тым ліку і на роўні грамадзянскай супольнасьці:

«Таму што тыя стасункі, якія цяпер існуюць паміж беларускімі і літоўскімі грамадзкімі арганізацыямі, не зьвязаныя, па вялікім рахунку, з палітычнымі сіламі, якія ў той ці іншы пэрыяд дамінуюць у Літве. Што тычыцца пытаньняў трэцяга сэктару, напрыклад, у справе Алеся Бяляцкага ці нейкіх іншых, то чакаць істотных зьменаў у пазыцыі літоўскага ўраду, я думаю, ня варта. Так ці інакш, тыя падыходы, на якіх будуюцца стасункі трэцяга сэктару дзьвюх краінаў, найхутчэй і застануцца».



Янялюнас: «Кардынальных зьменаў ня будзе»

Дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў у Віленскім унівэрсытэце Томас Янялюнас кажа, што, на ягоную думку, кардынальных зьмяненьняў у дачыненьнях дзьвюх краін ня будзе:

«Таму што тая палітыка, якую праводзіла Літва, і раней была двухсэнсоўная. З аднаго боку, гэта падтрымка адносінаў зь беларускім рэжымам. З другога боку, урад стараўся дапамагчы беларускай апазыцыі. І калі, як цяпер мяркуецца, кантраляваць Міністэрства замежных спраў у нас будуць сацыял-дэмакраты, то агульная пазыцыя наконт Беларусі застанецца даволі падобнай. То бок будучы ўрад будзе падтрымліваць тыя ж стасункі з рэжымам Лукашэнкі, якія існавалі дагэтуль. І разам з тым урад ня будзе пазьбягаць пытаньняў падвышэньня дэмакратычных стандартаў у Беларусі і іншых падобных пытаньняў».


Арэшка: «Зьмены ў Літве — не на карысьць беларускай дэмакратыі»

Палітоляг Вацлаў Арэшка ў сваім камэнтары адзначае:

Вацлаў Арэшка

Вацлаў Арэшка

«Мне думаецца, што той склад, які зараз атрымліваецца ў літоўскім парлямэнце, будзе не на карысьць беларускай дэмакратыі. Тыя левыя, якія будуць у Літве ў большасьці, ня будуць зацікаўленыя ў тым, каб нешта ў Беларусі радыкальна зьмянілася ў бок дэмакратыі, каб наша краіна стала побач зь Літвою ў эўрапейскім полі. Для іх сытуацыя з такім лукашызмам, які не стварае ні эканамічнай, ні палітычнай канкурэнцыі, мне здаецца, будзе больш выгаднай».

Вацлаў Арэшка выказаў сваё меркаваньне і наконт вынікаў літоўскага рэфэрэндуму пра будоўлю АЭС:

«Гэта і сыгнал для нас, беларусаў — трэба думаць, пакуль ня позна. Літоўцы думаюць пра сваю будучыню, а беларусы дагэтуль ніяк не зьбяруцца падумаць добра».

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў «Свабодзе»:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«У Літве ў значнай ступені зьнешнюю палітыку вызначае прэзыдэнт. Але многае залежыць і ад таго, хто зойме пасаду міністра замежных спраў. Пры пэўных сымпатыях Грыбаўскайце да беларускіх уладаў і спробах наладзіць зь ёй канструктыўны дыялёг усё ж такі супрацьвагай гэтаму было Міністэрства замежных спраў на чале з Ажубалісам і камітэт па міжнародных справах Сэйму на чале зь Зінгерысам.

Як будзе зараз, сказаць складана. Але ў любым выпадку ў асобах і кансэрватараў, і лібэралаў мы будзем мець сыстэмную падтрымку. І я думаю, што голас на карысьць дэмакратыі ў Беларусі там будзе гучаць. Хоць, мабыць, будзе больш прагматызму. То бок гэта азначае, што будуць зробленыя нейкія новыя спробы аднавіць і актывізаваць супрацоўніцтва зь беларускім ўладамі.

Што тычыцца атамнай станцыі, то вынікі рэфэрэндуму сьведчаць — сындром Чарнобыля і Фукусімы прысутнічае ў Эўропе. Наагул у Эўропе зараз бачны трэнд на тое, каб наагул адмовіцца ад атамнай энэргетыкі. І літоўцы таксама паказалі, што праблему забесьпячэньня энэргіяй трэба вырашаць іншым спосабам. Гэта — рэальны факт. І гэта, відаць, азначае, што ёсьць агульнаэўрапейскі трэнд, у якім апынуліся і літоўцы.»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG