Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна супраць выключэньня Сяргея Балыкіна з АГП


Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

Маладачанская арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) на сходзе 14 кастрычніка адмовілася выключаць з партыі кіраўніка Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна.

Як паведаміў БелаПАН старшыня мясцовай партыйнай арганізацыі юрыст Генадзь Фарына, адзіным чалавекам, які прагаласаваў за выключэньне Балыкіна, стаў ініцыятар разгляду гэтага пытаньня Віталь Жыбуртовіч. Дзевяць іншых чальцоў першаснай арганізацыі, якія прысутнічалі на сходзе, прагаласавалі «супраць» альбо ўстрымаліся. А некаторыя ўвогуле адмовіліся прыйсьці на сход з парадкам дня аб выключэньні Балыкіна.

Сяргею Балыкіну інкрымінаваліся крытыка лініі АГП, партыйнага кіраўніцтва і асабіста Анатоля Лябедзькі, удзел у парлямэнцкіх выбарах, а таксама публічная адмова ад удзелу ў зьезьдзе АГП вясной сёлета.

Сходу былі прадстаўленыя інтэрвію Балыкіна шэрагу недзяржаўных СМІ, якія, на думку партыйнага кіраўніцтва, дыскрэдытуюць АГП.

«Тым ня менш, так і засталося незразумелым, чым менавіта Балыкін дыскрэдытаваў партыю, а ў пацьверджаньне сваёй пазыцыі Жыбуртовіч ня змог вымавіць нічога выразнага, – распавёў Фарына. – І для мяне па-ранейшаму застаецца загадкай прычына гэтак нечаканай актыўнасьці Жыбуртовіча. Магчыма, ён ініцыяваў усё гэта не са сваёй волі, а паслужыў усяго толькі інструмэнтам у руках нейкіх іншых асобаў».

На думку ўдзельнікаў сходу, Балыкін не парушыў ніводнага пункту Статута АГП да такой ступені, каб быць выключаным з партыі. «У яго ёсьць права крытыкаваць любога чальца партыі і любы партыйны орган, у тым ліку асабіста Анатоля Лябедзьку, – лічыць Фарына. – Для нас, як дэмакратычнай партыі, свабода зьяўляецца базавай каштоўнасьцю і мы павінны на ўласным прыкладзе дэманстраваць усім захаваньне дэмакратычных прынцыпаў. Мы страцім маральнае права патрабаваць ад улады дэмакратыі і свабоды слова, калі самі пачнём кіраваць партыяй аўтарытарнымі мэтадамі».

Лідэр маладачанскай суполкі партыі рады, што ў рамках хоць бы гэтай арганізацыі АГП шануюцца прынцыпы дэмакратыі і свабоды слова. «Спадзяюся, што сёньняшняе рашэньне нашай ячэйкі паслужыць урокам талерантнасьці для іншых партыйных арганізацый», – сказаў Фарына.

Варта адзначыць, што напярэдадні сходу шэраг сяброў АГП на чале са старшынёй маладачанскай арганізацыі заявілі пра гатоўнасьць выйсьці з партыі ў выпадку выключэньня зь яе Сяргея Балыкіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG