Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 кастрычніка ў Стакгольме будзе абвешчана імя ўладальніка Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы за 2012 год.

Нобэль за эканоміку, у адрозьненьне ад астатніх прэмій, якія ўручаюцца на цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў, не зьяўляецца спадчынай знакамітага швэдзкага вучонага і мэцэната Альфрэда Нобэля. Гэтую ўзнагароду, афіцыйна яна называецца «Прэмія памяці Альфрэда Нобэля», заснаваў у 1968 годзе Дзяржаўны банк Швэцыі з нагоды свайго 300-гадовага юбілею. Пасьля некаторых ваганьняў Швэдзкая каралеўская акадэмія навук прыняла на сябе ролю інстытуту, якія прысвойвае ўзнагароду за дасягненьні ў галіне эканомікі ў адпаведнасьці з тымі ж прынцыпамі і правіламі, якія ўжываюцца да іншых Нобэлеўскіх прэмій, пасьля чаго ўправа Фонду Нобэля вырашыла больш не павялічваць колькасьць намінацыяў.

Першае ўзнагароджаньне Нобэлеўскай прэміяй у эканоміцы адбылося ў 1969 годзе – яе ляўрэатамі сталі нарвэжац Рагнар Фрыш і галяндзец Яян Тынбэрген – «За стварэньне і прымяненьне дынамічных мадэляў да аналізу эканамічных працэсаў». А першай і адзінай на гэты момант жанчынай-ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы зьяўляецца амэрыканскі палітоляг і эканаміст Элінор Острам, якая атрымала ўзнагароду ў 2009 годзе. Усяго ж, з моманту заснаваньня «Прэміі памяці Альфрэда Нобэля», ёю былі ўзнагароджаныя 69 чалавек, 47 зь якіх – грамадзяне ЗША.

Сярэдні ўзрост ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы складае 62 гады. Самым маладым уладальнікам узнагароды стаў ляўрэат 1972 году, 51-гадовы амэрыканскі эканаміст Кэнэт Эроў. На іншым канцы узроставай шкалы – суайчыньнік і калега Эроў, Леанід Гурвіч, якому на момант прысуджэньня прэміі ў 2007 годзе споўнілася 90 гадоў. Акадэмік Гурвіч, дарэчы, стаў і самым пажылым з усіх 830 нобэлеўскіх ляўрэатаў.

Расповед пра ляўрэатаў у эканоміцы будзе няпоўным без імя амэрыканскага матэматыка Джона Нэша, узнагароджанага ў 1994 годзе за працы ў галіне тэорыі гульняў і дыфэрэнцыяльнай геамэтрыі. Вучоны, які многія гады пакутуе на шызафрэнію, стаў вядомы шырокай публіцы пасьля выхаду біяграфічнай кнігі амэрыканскай журналісткі Сільвіі Назар «Гульні розуму», якая распавядае аб матэматычным таленце Нэша і яго барацьбе з хваробай. У 2001 годзе па матывах кнігі быў зьняты аднайменны фільм, у якім ролю геніяльнага матэматыка згуляў актор Расэл Кроў.

За больш чым сорак гадоў існаваньня намінацыі, Нобэлеўская прэмія ў эканоміцы толькі аднойчы «сышла» ў СССР. Яе атрымаў савецкі матэматык і эканаміст Леанід Кантаровіч, падзяліўшы ў 1975 годзе ўзнагароду з амэрыканцам Т'ялінгам Купмансам «за ўклад у тэорыю аптымальнага разьмеркаваньня рэсурсаў». Працы акадэміка Кантаровіча, які заклаў асновы лінейнага праграмаваньня, маюць у нашы дні практычнае прымяненьне ў многіх галінах эканомікі і паліталёгіі, закранаючы, у прыватнасьці, праблемы фармаваньня эканамічных інстытутаў.

З самага пачатку ўручэньне Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы выклікала спрэчкі ў навуковым сьвеце. Некаторыя экспэрты не прызнаюць за эканамічнай тэорыяй навуковага статусу, альбо лічаць яе статус ніжэйшым, чым у прыродазнаўчых навук. Сярод аргумэнтаў праціўнікаў намінацыі і той факт, што сам Альфрэд Нобэль не ўключыў эканоміку ў сьпіс навук, якія ўзнагароджваюцца. Крытыкі прэміі паказваюць таксама на тую акалічнасьць, што ўзнагародай былі абдзеленыя найбуйнейшыя сусьветныя эканамісты XX стагодзьдзя – Джаан Робінсан, Нікалас Калдар, Аба Лернэр, Дон Патынкін, – па сутнасьці, з-за таго, што памерлі, не дажыўшы да прысуджэньня.

Акрамя таго, выказваецца меркаваньне, што ўручэньне прэміі ў эканоміцы вядзе да своеасаблівай «нобэлеўскай гонкі», да сутыкненьня інтарэсаў і канфліктаў паміж рознымі краінамі, унівэрсытэтамі і асобнымі эканамістамі. А вялікая перавага эканамістаў з ЗША ў сьпісе нобэлеўскіх ляўрэатаў спарадзіла самы вядомы жарт на тэму прэміі ў эканоміцы: «Нобэлеўскі камітэт – гэта рытуальная сэкта, якая вызнае культ матэрыяльнага заахвочваньня найбольш глыбокіх аблудаў амэрыканскіх навукоўцаў».

Тым ня менш, нягледзячы на ўсе плёткі, «Прэмія памяці Альфрэда Нобэля» вось ужо больш за чатыры дзесяцігодзьдзі працягвае лічыцца найвышэйшай ступеньню прызнаньня навуковых заслуг.
XS
SM
MD
LG