Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва выбрала сойм. Ці зьменяцца адносіны да Беларусі?

абноўлена

У Літве адбылося галасаваньне на выбарах у парлямэнт. За 141 дэпутацкі мандат змагаліся 2000 кандыдатаў з 17 партыяў і адной кааліцыі чатырох партыяў.

Аналітыкі прагназуюць, што новы Сойм можа быць «стракаты» альбо «мазаічны» і ў такім выпадку Літву, якая зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай, чакаюць больш доўгія дыскусіі заканадаўцаў і большыя складанасьці ў прыняцьці адзінага рашэньня, чым цяпер. Выказваюцца і меркаваньні, што, калі перадвыбарчыя рэйтынгі спраўдзяцца, стаўленьне Літвы да Беларусі можа зьмяніцца.

Віціс Юрконіс
Віціс Юрконіс
«Існуюць складанасьці ў працы зь недэмакратычнымі рэжымамі, таму што рэжым амаль заўсёды дзейнічае першы, а дэмакратычныя дзяржавы, атрымліваецца, – адказваюць, рэагуюць, і ў гэтым пляне мы прайграем, але гэта праблема ня толькі для нас у стасунках зь Беларусьсю, але і для Польшчы, Латвіі, для ўсяго ЭЗ, – адзначае палітоляг Віціс Юрконіс. – А наконт чаканьняў ад новага парлямэнту, думаю, існуюць засьцярогі, што новы парлямэнт будзе больш прагматычны ў дачыненьні да Беларусі, будзе больш акцэнтаваны на эканамічную супрацу між суседкамі і гэта будзе мінімізаваць увагу да правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі, але ў прынцыпе, няма яснай карціны, які расклад кааліцыяў будзе».

Палітычны кактэйль у Літве


Паводле адных палітолягаў, сюрпрызаў на выбарах не чакаецца, іншыя цьвердзяць, што якраз цяперашняя сытуацыя «палітычнага кактэйля» можа прынесьці нечаканасьці.

На мандаты з 17 партыяў і кааліцый найбольш прэтэндуюць каля 5 партыяў. Сацыёлягі кажуць, што перавагі на баку апазыцыі.

На парлямэнцкіх выбарах могуць быць наперадзе сацыял-дэмакраты і Партыя працы, а партыя «Парадак і справядлівасьць», мяркуецца, будзе на 3-м месцы, кансэрватары – на чацьвёртым, Рух лібэралаў – на пятым.

Таксама прагназуюцца пэўныя шанцы для новай партыі «Шлях сьмеласьці» і «Выбарчай акцыі палякаў Літвы», паколькі неабходны для партыі 5-працэнтны бар'ер падлічваецца не ад усёй колькасьці выбаршчыкаў, а ад тых, хто прагаласаваў.

«Тэарэтычна, па нашых прагнозах, падобна, што новая ўлада ў Літве, калі верыць рэйтынгам, будзе меней спачуваць беларускай апазыцыі, чым цяперашні ўрад і цяперашні Сойм», – лічыць дырэктар Фонду абароны грамадзян і сябар Літоўскай Хэльсынскай групы Стасіс Каўшыніс.

Грамадзкасьць і СМІ могуць акцэнтаваць увагу на правах чалавека ў Беларусі і пры прагматычным падыходзе уладаў


Стасіс Каўшыніс
Стасіс Каўшыніс
Аднак літоўскі праваабаронца Стасіс Каўшыніс нагадаў, што ня толькі ўлада і палітыкі вызначаюць увагу Літвы да праблемы правоў чалавека і дэмакратыі ў бліжэйшай суседняй краіне.

Прагматычны падыход уладаў да стасункаў зь Беларусьсю можа карэктавацца грамадзкай думкай у такой дэмакратычнай краіне, як Літва, дзе даволі моцная роля СМІ і грамадзкіх арганізацыяў.

Прыкладам можа быць нядаўняя судовая справа адносна палітычнага прытулку былому беларускаму вайскоўцу Сьцяпану Захарчанку. Нават калі ў Літве зьменіцца ўлада пасьля выбараў, будуць іншыя міністры, увага СМІ, праваабаронцаў, грамадзкая думка не дазволіць чыноўнікам няўважліва ставіцца да такіх сытуацыяў, калі закранаецца праблема правоў чалавека, мяркуе праваабаронца.

Асноўнае вырашае Брусэль?


«Можна чакаць, што ў новым Сойме будзе вялікая кааліцыя з многімі рознымі партыямі і таму розныя погляды павінны будуць балянсавацца і я думаю, што ўсё адно літоўская палітыка ў дачыненьні да Беларусі будзе практычна такая самая, як і была, – мяркуе палітоляг, дырэктар праектаў Freedom House Віціс Юрконіс. – Гэта будзе кансэнсус, балянс розных поглядаў. Ёсьць іншы момант, які будзе «амартызаваць» падыход да Беларусі, я думаю, Літва будзе ўздымаць у Эўразьвязе і пытаньні Ўсходняга партнэрства, і Беларусі непасрэдна — мы ж напярэдадні старшынёўства Літвы ў ЭЗ і гэта будзе трымаць пытаньне Беларусі на парадку дня і праблемы з дэмакратыяй і з правамі чалавека там».

Наколькі Літва як краіна Эўразьвязу самастойная ў вызначэньні прыярытэтаў у стасунках зь Беларусьсю? Магчыма, калі з Брусэлю будзе адпаведны пасыл на увагу да беларускай дэмакратыі, ніякія прагматычныя і эканамічныя пляны нават самых папулісцкіх партыяў у Літве ня будуць мець значэньня для літоўска-беларускіх стасункаў?

Віціс Юрконіс: «Мэханізм супрацы з Брусэлем такі, што ў Літвы, натуральна можа быць і ёсьць сваё меркаваньне, свой погляд на тое, як разьвіваць дачыненьні зь Беларусьсю, але ўсё адно, калі мы гаворым пра «рашэньні Брусэлю», гэта – дамова паміж усімі краінамі Эўразьвязу. І тут Літва для падтрымкі свайго ўласнага погляду павінна шукаць партнэраў, кааліцыі і гэта даволі складаны працэс – знайсьці агульнае адзінае меркаваньне наконт Беларусі, таму што ўсе краіны вельмі розныя і тое, што важна для Літвы, для Італіі ці Гішпаніі, напрыклад, зусім не падаецца істотным. І таму, я думаю, на нашу літоўскую пазыцыю (адносна Беларусі – Т.П.) у Брусэлі, канечне, глядзяць, але яна не зьяўляецца вырашальнай. Калі б Літва з Польшчай, Швэцыяй, Чэхіяй магла б вызначыць нейкую агульную пазыцыю, думаю, такі расклад бы меў вельмі вялікі ўплыў у Эўразьвязе. Каб зьмяніць палітыку ў Брусэлі, трэба шукаць кааліцыі з суседнімі краінамі».

Сёньняшняе галасаваньне на выбарах у літоўскі Сойм, якое пачалося у 7 гадзін раніцы, завершыцца у 8 гадзін вечара (час у Літве такі самы, як у Беларусі). Адначасова з выбарамі праходзіць рэфэрэндум адносна пабудовы Вісагінскай АЭС.

Права голасу на выбарах і рэфэрэндуме маюць больш як 2,5 млн. грамадзянаў Літвы. Цягам трохдзённага датэрміновага галасаваньня прагаласавалі 111 тысяч чалавек (4,33 % выбаршчыкаў).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG