Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: ЭЗ можа пашырыць чорны сьпіс


15 кастрычніка Эўразьвяз зьбіраецца падоўжыць дзеяньне санкцый адносна Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года. Ці будуць гэтыя санкцыі больш жорсткімі? Ці патрапяць пад іх новыя чыноўнікі і бізнэсоўцы?

У камэнтары адносна пасяджэньня Рады міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу адзначаецца, што санкцыі будуць працягнутыя, улічваючы, што ня ўсе палітвязьні вызвалены і ніхто з вызваленых не рэабілітаваны. А сытуацыя з павагай правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў не палепшылася. На гэты момант 243-м афіцыйным асобам зь Беларусі, уключна з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, забаронены ўезд у Эўразьвяз. Гэтым жа асобам і яшчэ 32 прадпрыемствам замарожаны актывы ў Эўразьвязе.
Эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць супраць кампаніяў, якія належаць набліжаным да Лукашэнкі бізнэсоўцам Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму.

Што ж чакаць на гэты раз, ці будуць санкцыі больш жорсткімі?

Паводле палітоляга Дзяніса Мельянцова, пакуль вядома, што санкцыі пашыраць да 31 кастрычніка наступнага года і што беларускае пытаньне будзе абмяркоўвацца 15 кастрычніка падчас абеду міністраў замежных спраў краінаў ЭЗ:

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
«Наконт таго, ці будзе пашыраны сьпіс, невядома. Але, мяркуючы па тым, што яшчэ ўзімку гэтага года быў складзены сьпіс, які налічвае нашмат больш людзей, чым рэальна знаходзяцца ў чорным сьпісе, ёсьць мажлівасьць таго, што ЭЗ будзе проста паэтапна гэты сьпіс пашыраць. І мяркуючы па тым, што незалежныя назіральнікі далі досыць нэгатыўную ацэнку парлямэнцкім выбарам у Беларусі, плюс нявыкананыя ўмовы пастаўленыя ЭЗ, ёсьць верагоднасьць, што гэты чорны сьпіс будзе пашыраны. Але пакуль цяжка сказаць, хто туды патрапіць».

Дзяніс Мельянцоў адзначае, што ў сьпісе асобаў, складзеным яшчэ ўзімку, ёсьць ня толькі судзьдзі, іншыя асобы, датычныя да рэпрэсіяў, але і бізнэсоўцы, якія, на думку эўрапейцаў, падтрымліваюць рэжым у Беларусі.

«Наконт мажлівасьці, што туды патрапяць яшчэ нейкія бізнэсоўцы, сказаць цяжка. Я думаю, што гэта якраз будзе абмяркоўвацца падчас гэтага пасяджэньня ў панядзелак. Але такая імавернасьць ёсьць, бо тыя патрабаваньні, якія ЭЗ выказаў у папярэдніх рэзалюцыях, таксама ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнта, не былі выкананыя. І адпаведна ЭЗ застаецца толькі пашыраць гэты сьпіс і ўзмацняць націск. Але дагэтуль былі дэбаты сярод краінаў-сяброў, ці варта карыстацца старым падыходам санкцыйным, бо для многіх краінаў-сяброў ён відавочна не працуе, ці трэба шукаць новую стратэгію. Але, на жаль, новай стратэгіі ніякай няма. Але няма поўнага кансэнсусу з тым, што трэба працягваць палітыку санкцый. Таму сытуацыя досыць няпэўная. І ў панядзелак будзе вырашана, ці будзе захоўвацца статус-кво, застануцца ў дзеяньні толькі тыя санкцыі, якія ёсьць, альбо будзе некаторае пашырэньне гэтага інструмэнту».

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, якія ў Брусэлі разам з прадстаўнікамі АГП, Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», БХД і «Справядлівага сьвету» прыняў удзел у дыскусіях па беларускім пытаньні, мяркуе, што кіраўніцтва Беларусі не прадэманстравала прагрэсу:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Нельга лічыць вызваленьне двух палітвязьняў з агульнай колькасьці больш за дзесяць такім прагрэсіўным крокам. Тым больш што з дадзеных асобаў было выбіта прашэньне аб памілаваньні. І якраз тут рэжым дэманструе зразумелую толькі яму лёгіку і выпускаюцца людзі невінаватыя, але вымушаныя прызнаць сваю віну. Таму ў гэтай сытуацыі ЭЗ не застаецца нічога іншага як працягнуць дзеяньне санкцый. І мяч на баку беларускага рэжыму, калі ён захоча прадэманстраваць прагрэс, прынамсі ў пытаньні вызваленьня палітвязьняў. Гэта адна з асноўных ўмоваў, але абсалютна недастатковая. Мусяць яшчэ быць зьмены да дэмакратызацыі, павінны быць прынятыя незваротныя мэханізмы. Каб не было адкату да сытуацыі, якую мы маем цягам некалькіх гадоў, калі людзей за іх палітычную актыўнасьць, за іншыя погляды саджаюць у турмы. Тады можа распачацца працэс перамоваў і мусіць быць задзейнічана дарожная мапа ў стасунках паміж Беларусьсю і ЭЗ».

Першыя санкцыі Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў у «Драздах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG