Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кніжным кірмашы ў Франкфурце адбылася дыскусія пад назвай «У супраціве дыктатуры: як быць аўтарам у Беларусі?»

У ёй прынялі ўдзел Лявон Баршчэўскі, прадстаўнік нямецкага ПЭН-клюбу Гербэрт Віснэр, дырэктар кірмашу Юрген Бос і нямецкі журналіст Інга Пэц.

«Чаму мы клапоцімся пра пісьменьнікаў, якія сядзяць у турме ў Кітаі і ў Іране, але нас не цікавіць тое, што адбываецца зь пісьменьнікамі ў Беларусі? Чаму мы не адчуваем сваёй адказнасьці за гэтую краіну? Чаму, напрыклад, Гюнтэр Грас яшчэ ні слова не сказаў пра Беларусь?» — так нямецкі журналіст Інга Пэц выказаўся падчас дыскусіі пра Беларусь на кніжным кірмашы ў Франкфурце.

Дыскусія пад назвай «У супраціве дыктатуры: як быць аўтарам у Беларусі» прайшла 11 кастрычніка. Арганізатарам стаў нямецкі PEN-клюб, ад імя якога выступаў пісьменьнік Гербэрт Віснэр. Беларусь прадстаўляў Лявон Баршчэўскі. Ён чарговы раз гаварыў пра цяжкасьці пісьменьніцкага лёсу ў часы дыктатуры: пра зьняволеных пісьменьнікаў Алеся Бяляцкага і Паўла Севярынца, цяжкасьці незалежных выдавецтваў, забарону на прафэсію для пісьменьнікаў зь незалежнага Саюзу пісьменьнікаў і самацэнзуру.
Інга Пэтц і Гербэрт Віснэр

Інга Пэтц і Гербэрт Віснэр


Тое, наколькі востра ў Нямеччыне стаіць беларускае пытаньне, — гэта адзнака здаровага стану нямецкага грамадзтва, упэўнены журналіст Інга Пэц, які працуе зь Беларусьсю ўжо 18 гадоў. Сам ён кажа, што на арганізаваныя ім беларускія імпрэзы прыходзіць усё больш маладых людзей. На апошні канцэрт сабралася 200 чалавек.

Але больш падчас дыскусіі згадвалі пра прыклады таго, як гучыць у Нямеччыне беларуская тэма. Ня раз зьвярталіся да скандалу, які выклікала ў нямецкім грамадзтве супрацоўніцтва нямецкай паліцыі зь беларускімі міліцыянтамі. А адзін з прысутных у залі распавёў, што паходзіць з маленькага нямецкага гарадку, які доўгі час быў пабрацімам такога ж маленькага беларускага гораду. «Мы дапамагалі беларусам лекамі, мэбляй, адзеньнем. І ўрэшце рэжым Лукашэнкі сказаў, што мы мусім плаціць за гэта падаткі! Але ж у нас няма на гэта грошай, мы вымушаныя спыніць дапамогу. Мы хочам дапамагаць, але нам забараняюць!» — абураўся слухач.

Навошта ўвогуле нямецкаму грамадзтву дбаць пра Беларусь? «Таму што гэта Эўропа, — кажа Інга Пэц. — Я як дэмакрат жыву ў свабодным грамадзтве. Мне важна падтрымліваць нашыя каштоўнасьці ў Беларусі, Расеі і ва ўсім сьвеце. Гэта важна найперш для нас. Гэта ўмацоўвае нашую грамадзянскую супольнасьць».

Падчас дыскусіі гучалі важныя пытаньні: «Чаму рэжым Лукашэнкі трымаецца так доўга? Што Эўрапейскі Зьвяз мусіць зрабіць, каб у Беларусі адбыліся перамены?» Адказаў на іх не было ані ў Інга Пэца, ані ў Лявона Баршчэўскага. Аднак кніжная выстава, на думку Пэца, — выдатны спосаб прыцягнуць увагу нямецкіх інтэлектуалаў да беларускіх праблемаў.

Пра ўзровень дыскусіі сьведчыць і тое, што ўдзел у ёй прыняў дырэктар Франкфурцкага кірмашу Юрген Бос. Менавіта яму давялося справаздачыцца перад тымі, хто сабраўся паслухаць пра Беларусь. А іх было каля пяці дзясяткаў чалавек. Гэта пры тым, што на кірмашы адначасова адбываюцца сотні падобных падзеяў.

«Што вы асабіста зрабілі для таго, каб беларускія незалежныя выдаўцы і аўтары былі прадстаўленыя тут? — запыталіся дыскутанты ў дырэктара кніжнай выставы. — Чаму ў вас прадстаўленыя толькі дзяржаўныя беларускія выдавецтвы?»

Пачырванеўшы, спадар Бос сказаў, што галоўнае, што яны могуць зрабіць, — гэта спрыяць распаўсюду інфармацыі пра Беларусь. Наколькі яму вядома, на кірмашы ёсьць і незалежныя выдавецтвы, і беларускія аўтары. Але імёнаў ён ня змог назваць. Лявон Баршчэўскі ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што такіх на кірмашы не сустракаў.
Стэнд «Беларусь» на кніжным кірмашы ў Франкфурце

Стэнд «Беларусь» на кніжным кірмашы ў Франкфурце


Лявон Баршчэўскі: «Нельга чакаць, што адна дыскусія нам дапаможа. На жаль, нават выбух у Чарнобылі хоць і выклікаў вялікую цікавасьць да Беларусі, не азначае, што пра Беларусь сталі ведаць усе. Такія дыскусіі дапамагаюць спасьцігнуць галоўнае: у цэнтры Эўропы ёсьць краіна, у якой не існуе закону, у якой улады ненавідзяць пісьменьнікаў. Калі гэта нехта зразумеў з тых, хто прыйшоў на дыскусію, ён падзеліцца зь іншым. І такім чынам ствараецца грамадзкая атмасфэра».

Аднак беларускія выдавецтвы на Франкфурцкім кірмашы ўсё ж ёсьць. Гэта супольны стэнд дзяржаўных выдавецтваў, на якім прадстаўленыя «Адукацыя і выхаваньне», «Пачатковая школа», «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа», «Макбел» і іншыя.
Юргэн Бос, Лявон Баршчэўскі і мадэратар дыскусыі Саша Фойхэрт

Юргэн Бос, Лявон Баршчэўскі і мадэратар дыскусыі Саша Фойхэрт


«Гэта не Беларусь, — кажа пра гэты стэнд Інга Пэц, — гэта дзяржаўныя выдавецтвы, якія прадстаўляюць свае кнігі. Большасьць зь іх па-расейску. Трэба, каб былі прадстаўленыя такія выдавецтвы, як «Логвінаў», «Кнігарня „Наша Ніва“, Зьміцер Колас».

Але ж менавіта гэты стэнд прадстаўляе Беларусь на самым буйным кніжным кірмашы. Выглядае ён даволі сьціпла. Але ня горш, чым, напрыклад, стэнды ўкраінскіх, казахстанскіх, некаторых расейскіх выдавецтваў. Гэтыя беларускія выдаўцы прыяжджаюць на Франкфурцкі кірмаш ужо шмат гадоў запар. Распавядаюць, што едуць за свае грошы на аўтамабілях праз усю Нямеччыну, каб паказаць сваю прадукцыю, заключыць новыя кантракты, паглядзець на іншых.
Беларускі выдавец: гэтая кніга цікавая ў Франкфурце

Беларускі выдавец: гэтая кніга цікавая ў Франкфурце


Беларускамоўных кніг тут сапраўды ня так шмат. Дырэктар выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне» Мікалай Супрановіч кажа, што ў Франкфурце няма на іх попыту. А дырэктар «Паліграфкамбінату імя Якуба Коласа» перакананы, што паліграфічныя магчымасьці беларускіх выдаўцоў ані ня горшыя за сусьветныя стандарты.

Перамовы беларускія выдаўцы вядуць найбольш з калегамі з постсавецкай прасторы. Пра тое, колькі перамоваў правялі і дамоваў заключылі, распавядаць ня хочуць.

Нікога з удзельнікаў гэтага беларускага стэнду на дыскусіі не было. Дырэктар кірмашу Юрген Бос паабяцаў, што ў наступным годзе Беларусь будзе прадстаўленая ў Франкфурце шырэй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG