Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск выплаціў МВФ 100 мільёнаў даляраў


Міністэрства фінансаў Беларусі пагасіла частку пазыкі, якую брала ў Міжнародным валютным фондзе.

У афіцыйным паведамленьні гаворыцца, што Беларусь сплаціла 99,4 мільёна даляраў.

Мінфін з 13 красавіка па 1 кастрычніка выплаціў МВФ агулам 281,5 мільёна даляраў, піша Інтэрфакс.

12 кастрычніка ў Токіё пачынаецца штогадовае паседжаньне Рады кіраўнікоў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку. У Японію выправілася афіцыйная беларуская дэлегацыя, каб папрасіць у МВФ новы крэдыт.

Афіцыйную дэлегацыю ачольвае міністар эканомікі Мікалай Снапкоў. Ад Нацбанку паехаў намесьнік старшыні Юры Алымаў. А Міністэрства фінансаў прадстаўляе намесьнік кіраўніка ведамства Максім Ермаловіч.

Беларусь і МВФ: гісторыя крэдытаў і стасункаў


Пасьля звароту беларускіх уладаў Рада выканаўчых дырэктараў МВФ 12 студзеня 2009 году ўхваліла праграму тэрмінам на 15 месяцаў і выдзяленьне Беларусі фінансавых рэсурсаў у аб’ёме каля $2,46 млрд.

Пазьней на просьбу беларускага боку МВФ павялічыў агульны аб’ём фінансаваньня да $3,46 млрд.

За час з 1992 па 2008 год Беларусь двойчы скарыстала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сыстэмных трансфармацыяў — $217,2 млн. і паводле мэханізму стэнд-бай — $77,4 млн. Абодва гэтыя крэдыты Беларусь цалкам пагасіла ў лютым 2005 году.

Беларусь — сябра МВФ з 1992 году.
XS
SM
MD
LG