Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нобэля далі за тое, што ў Эўропе няма вайны


Нобэлеўскі камітэт сёньня прысудзіў нобэлеўскую прэмію міру Эўрапейскаму зьвязу.

У Осла сёньня абвясьцілі ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру за 2011 год — ім стаў Эўрапейскі Зьвяз. Такім чынам была адзначаная роля гэтай арганізацыі ў пашырэньні міру, стабільнасьці і правоў чалавека. Адным з намінантаў на сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію міру быў беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі.

Старшыня Нобэлеўскага камітэту міру, былы прэм’ер Нарвэгіі, генэральны сакратар Рады Эўропы Торб’ёрн Ягланд заявіў, што сёлетняя прэмія прысуджаецца Эўрапейскаму Зьвязу за 60 гадоў намаганьняў дзеля пашырэньня міру, дэмакратыі і правоў чалавека на кантынэнце. Гэты працэс пачаўся з замірэньня Францыі і Нямеччыны ў 1945 годзе, пазьней працягваўся з далучэньнем да ЭЗ Грэцыі, Гішпаніі і Партугаліі, а на пачатку 21 стагодзьдзя — шэрагу краін постсавецкага блёку, заявіў спадар Ягланд:

«Стабілізуючая роля, якую адыгрывае Эўрапейскі Зьвяз, дапамагла ператварыць Эўропу з кантынэнта вайны ў кантынэнт міру».

Сярод намінантаў на сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію міру быў і прадстаўнік Беларусі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», палітвязень Алесь Бяляцкі, летась асуджаны на 4,5 года турмы. Ягоная жонка Натальля Пінчук вітала рашэньне Нобэлеўскага камітэту:

Натальля Пінчук

Натальля Пінчук

«Я думаю, што прэмія абсалютна заслужаная ў дадзеным выпадку. Эўразьвяз шмат намаганьняў прыкладаў да справы міру, а таксама шмат увагі зьвяртаў і на праблемы Беларусі. У гэтым кантэксьце ягоная заслуга таксама неаспрэчная».

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак меў спадзеў, што ляўрэатам прэміі міру стане Алесь Бяляцкі і што гэта паспрыяе ягонаму вызваленьню з турмы:

«Гэта было б пацьверджаньнем прызнаньня Алеся і ўвогуле заклапочанасьці беларускай сытуацыяй. Але, на маю думку, у любым выпадку тое, што Алесь быў вылучаны на гэтую прэмію, тое, што ён быў падтрыманы многімі грамадзкімі дзеячамі, палітыкамі, дыпляматамі, урадамі, — гэта ўсё адно прагучала вельмі моцна, гэта было карысна».

Разам з тым Алег Гулак па-ранейшаму спадзяецца, што Алесь Бяляцкі бліжэйшым часам выйдзе на волю.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў прызнае, што прэмія міру была прысуджаная Эўразьвязу ў момант крызісу гэтай арганізацыі і што гэта — маральнае заахвочваньне Брусэлю ў складаны момант:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Але, шчыра кажучы, апошнім часам Нобэлеўскія прэміі міру крыху страцілі сваю прыцягальнасьць. Яны былі даволі шмат разоў прызначаныя людзям, якія не зусім адпавядаюць таму, што ў гэтае паняцьце ўкладаецца. Калі паглядзець за апошнія 20–25 гадоў, мы ўбачым, што столькі асобаў было ўзнагароджана, якіх зараз ніхто ня памятае».

Андрэй Фёдараў зазначае, што ў беларусаў ніякай крыўды ці прыкрасьці ад таго, што Алесь Бяляцкі не атрымаў прэмію, быць ня можа:

«Я, дарэчы, чуў такую ініцыятыву, якую ўкраінцы вылучалі нейкі час таму — каб разам вылучыць Цімашэнку, Бяляцкага і Хадаркоўскага. Думаю, што гэта мела б пэўны сэнс, бо становішча ў іх падобнае... Але калі не адбылося, дык не адбылося».


Усяго на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году быў вылучаны 231 намінант — 188 чалавек і 43 арганізацыі з усіх куткоў сьвету. Сярод іх палітвязьні Алесь Бяляцкі і Юлія Цімашэнка, экс-прэм’ер ураду Ўкраіны, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, былы канцлер ФРГ Гельмут Коль, амэрыканскі салдат Брэдлі Мэнінг, якога абвінавачваюць у выдачы сакрэтных дакумэнтаў для сайту WikiLeaks, прэзыдэнт Тунісу Мунсыф Марзукі, дысыдэнты з Кубы Асвальда Пая і Ёані Санчэс. Сярод вылучаных на прэмію арганізацыяў — расейскі Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», тэлеканал «Аль-Джазіра».

ЗА ШТО ЭЎРАЗЬВЯЗ АТРЫМАЎ НОБЭЛЯ?

У жывым эфіры праграмы Svaboda Jazz пра гэта расказаў Ян Максімюк. Сярод асноўных прычынаў прысуджэньня ўзнагароды: прымірэньне Нямеччыны з Францыяй пасьля 2 сусьветнай вайны, узьяднаньне Нямеччыны, далучэньне краінаў Сярэдняй Эўропы да Эўразьвязу і мір на Балканах.



КАМЭНТАРЫ

Марцін Шульц, прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту, паведаміў у Twitter: «Глыбока крануты, усьцешаны, што ЭЗ выйграў Нобэлеўскую прэмію міру. Эўразьвяз — гэта мір і палагоджваньне канфліктаў. Эўразьвяз —. гэта ўнікальны праект, які замяніў вайну маірам, нянавісьць салідарнасьцю. Перапаўняюць эмоцыі з нагоды прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі Эўразьвязу.»

Карл Більт, міністар замежных спраў Швэцыі, напісаў у Twitter: «Сардэчна віншую ўсе краіны Эўропы і сьвету з уручэньнем Нобэлеўскую прэміі міру Эўрапейскаму Зьвязу. Высока заслужаная і вельмі важная ўзнагарода! »


**********************

У 1901-2011 гг. Нобэлеўскую прэмію міру ўручалі 124-м ляўрэатам — 99 разоў асобам і 23 разы арганізацыям.

Нобэлеўскай прэміі міру не прысуджалі ў 1914-1916 і 1918 гг., падчас Першай сусьветнай вайны, і ў 1939-1943 гг., падчас Другой сусьветнай вайны. Прэміі не прысуджалі таксама ў 1923, 1924, 1928, 1932, 1948, 1955, 1956, 1967, 1968, 1972 гг.

Нобэлеўскую прэмію міру атрымлівалі, сярод іншых:



Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (1917, 1944),
Марцін Лютэр Кінг (1964),
Дзіцячы фонд ААН (1965),
Вілі Брант (1971),
Андрэй Сахараў (1975),
Amnesty International (1977),
Маці Тэрэза (1979),
Лех Валэнса (1083),
Міхаіл Гарбачоў (1990),
Аун Сан Су Чжы (1991),
Нэлсан Мандэла, Фрэдэрык Вілем дэ Клерк (1993),
Джымі Картэр (2002), Барак Абама (2009).

Ляўрэата прэміі міру вызначае Нобэлеўскі камітэт у Осла на чале з генэральным сакратаром Рады Эўропы, былым прэм’ерам Нарвэгіі Торб’ернам Ягландам. Пяць чальцоў камітэту абіраюцца нарвэскім парлямэнтам і звычайна рэпрэзэнтуюць увесь палітычны спэктар.Сёлета з прычыны крызісу Нобэлеўская прэмія міру складае 8 замест ранейшых 10 мільёнаў швэдзкіх крон (931 тысяча замест 1 мільёна 200 тысяч эўра).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG