Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыку Ігару Кузьмінічу прапанавалі звольніцца


Ігар Кузьмініч

Ігар Кузьмініч

Старшы выкладчык Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Ігар Кузьмініч чакае звальненьня за казкі, якія зьмясьціў на сваім блогу --> http://ikuzminich.livejournal.com/ . На ўласнае жаданьне ён звальняцца адмовіўся. Кузьмініч даў інтэрвію «Свабодзе».

12 кастрычніка Ігар Кузьмініч парушыў маўчаньне і паведаміў «Свабодзе», што яго некалькі разоў выклікалі да кіраўніцтва — у чэрвені і ў жніўні.

У першай размове фігуравалі ягоныя казкі пра герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг, а таксама кароткая нататка пра «Нашу Ніву».

Другім разам прадметам гутаркі стаў тэкст Кузьмініча пра тое, каго можна лічыць беларускім пісьменьнікам.

Апошні тэкст, які не спадабаўся, — гэта віншаваньне з пятнаццацігодзьдзем грамадзкай арганізацыі «Трэці сэктар». Спадар Кузьмініч — адзін зь яе заснавальнікаў.

Кузьмінічу прапанавалі звольніцца на ўласнае жаданьне «ў зьвязку з тым, што мая грамадзкая пазыцыя нейкая не такая», — заўважае ён.

Ігар Кузьмініч кажа, што некалькі тыдняў думаў, што яму рабіць:

«Сама сытуацыя дзіўная і сьмешная. Але яна б была б сьмешнай, каб не была праўдай. У прынцыпе, я ня мог бы паверыць, што за казкі можна звольніць. Аказваецца, у дваццаць першым стагодзьдзі гэта рэальна».

Выкладчык удакладняе, што канкрэтна за казкі звальняць ня будуць, бо такога артыкула пакуль што няма ў заканадаўстве. Будуць звальняць зь нейкіх іншых прычын, пра якія яму пакуль невядома. Сказалі, што звольняць у любым разе, дадае спадар Кузьмініч.

Дэкан Сільчанка: «Кузьмініч заваліў працу па прафарыентацыі»

Дэкан юрыдычнага факультэту Мікалай Сільчанка заявіў:

«Кузьмініч заваліў працу па прафарыентацыі, ён не падрыхтаваў своечасова загад рэктара. Калі студэнтаў накіроўваюць на практыку, рыхтуецца загад. Ён своечасова яго не падрыхтаваў, і ў нас узьніклі складанасьці і з пракуратурай, і зь іншымі структурамі. Кузьмініча за гэта вывелі са складу рады факультэту, а я яго асабіста вызваліў ад абавязкаў на грамадзкіх асновах памочніка або намесьніка дэкана па практыцы. Вось гэта рэальная карціна. А пры чым тут „Пагоня“ і ўсе астатнія рэчы — гэтага я ўжо ня ведаю».

Карэспандэнт: «Ці сапраўды Ігара Кузьмініча могуць звольніць з працы?»

Сільчанка: «Хто яму пагражае? Хай ён у сваім блогу напіша — хто яму пагражае звальненьнем? Паглядзіце ў расклад, пазваніце ў дэканат, у яго ёсьць нагрузка, ён гэтую нагрузку выконвае. Пакуль што выконвае. Але калі будзе пісаць у блогу такую бязглузьдзіцу, то я яго за гэтую бязглузьдзіцу і пакараю. Гэта дакладна, таму што кожны павінен адказваць за свае словы, праўда?»

Прафэсар Сільчанка дадаў, што казак Кузьмініча не чытаў і не зьбіраецца.


У цэнтры кадравай і прававой працы Гарадзенскага ўнівэрсытэту паведамілі, што ведаюць пра выкладчыка Ігара Кузьмініча, але загадаў наконт яго не паступала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG