Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі суд стаў на бок беларускага выведніка Захарчанкі


Абвяшчаецца прысуд
Абвяшчаецца прысуд

Віленскі акруговы суд вырашыў задаволіць скаргу былога беларускага выведніка Сьцяпана Захарчанкі. Былы беларускі вайсковец аспрэваў рашэньне міграцыйнай службы Літвы не даваць яму статус уцекача.


Віленскі акруговы адміністрацыйны суд сёньня абвясьціў вынікі разгляду скаргі Сьцяпана Захарчанкі на Дэпартамэнт міграцыі Літвы. Былы беларускі вайсковец, які прасіў ў Літве палітычнага прытулку, абскардзіў адмову Дэпартамэнта міграцыі. Суд задаволіў скаргу беларускага ўцекача і цяпер Дэпартамэнт міграцыі можа наноў разглядаць просьбу Сьцяпана Захарчанкі аб палітычным прытулку.

Гэта яшчэ не азначае станоўчага рашэньня аб прытулку ў Літве, а толькі тое, што Дэпартамэнт можа занава пачаць працэдуру разгляду справы Захарчанкі. Дэпартамэнт міграцыі можа пайсьці і іншым шляхам — не пачынаць перагляд просьбы аб палітычным прытулку Сьцяпана Захарчанкі, а абскардзіць цяперашняе рашэньне Віленскага адміністрацыйнага акруговага суду ў вышэйшай судовай інстанцыі. Гэтае рашэньне акруговага суду можа быць ў парадку апэляцыі абскарджанае цягам 14 дзён у Літоўскім вышэйшым адміністрацыйным судзе.

Паводле сёньняшняга рашэньня Віленскага суду, Дэпартамэнт міграцыі не сабраў дастаткова дадзеных аб становішчы ў Беларусі з праваабарончых інстытуцыяў, парушыў парадак і працэдуры разгляду просьбы аб прытулку і ня высьветліў належным чынам правы і абавязкі абодвух бакоў.
Увага СМІ, грамадзкасьці, праваабаронцаў да гэтай справы была проста паказальная

«Дэпартамэнт міграцыі (...) не расьсьледаваў і не ацаніў абставіны, з-за якіх ён (С.З.) пакінуў сваю краіну, не сабраў дастаткова дадзеных аб становішчы ў Беларусі з існуючых у Літве інстытуцыяў па абароне правоў чалавека», — гаворыцца ў прэс-рэлізе суду.

Прадстаўнік Дэпартамэнту міграцыі не прысутнічаў ні ў часе суду, ні ў часе абвяшчэньня судовага рашэньня. Ці будзе гэтая ўстанова абскарджваць рашэньне суду, ці пачне перагляд справы Сьцяпана Захарчанкі, пакуль не паведамляецца.

Тым ня менш, сёньня і ў шматлікіх літоўскіх журналістаў, якія прыйшлі ў суд, і ў праваабаронцаў і ў самога Сьцяпана Захарчанкі было адчуваньне першай перамогі.

«Я цяпер лягчэй сябе адчуваю, — сказаў Сьцяпан Захрачанка адразу пасьля абвяшчэньня рашэньня. — Я спадзяюся, што цяпер наноў разгледзяць маю справу ў Дэпартамэнце міграцыі, аб’ектыўна і адпаведна ўсім нормам. Думаю, што на вырашэньне справы паўплывала увага СМІ і дапамога праваабаронцаў».

Сьцяпан Захарчанка падпісвае паперы пасьля суду
Сьцяпан Захарчанка падпісвае паперы пасьля суду


«Вельмі добра ацэньваю гэтае рашэньне суду, такога мы і чакалі і прыкладалі ўсе намаганьні, каб яно было такім, — сказаў дырэктар Фонду абароны грамадзян і сябар Літоўскай Хэльсынскай групы Стасіс Каўшыніс. — Я мяркую, паводле ўсіх абставінаў, што апэляцыі ад Дэпартамэнту міграцыі ня будзе. Увага СМІ, грамадзкасьці, праваабаронцаў да гэтай справы была проста паказальная — каб так было ў дачыненьні да ўсіх, магчыма, Дэпартамэнт быў бы больш памяркоўны да тых, хто просіць ў іх дапамогі».

У чацьвер літоўскія міністры ўнутраных спраў і юстыцыі заклікалі Дэпартамэнт міграцыі перагледзець просьбу Сьцяпана Захарчанкі аб прытулку.

У нядзелю 14 кастрычніка ў Літве пройдуць парлямэнцкія выбары, але і калі зьменіцца ўрад, прыйдуць іншыя міністры, увага грамадзкасьці і СМІ, як мяркуе літоўскі праваабаронца, будзе гарантыяй таго, што ўнутраныя палітычныя зьмены не паўплываюць на стаўленьне да справы былога беларускага вайскоўца, які просіць у Літвы палітычнага прытулку.
Новая ўлада ў Літве, калі верыць рэйтынгам, будзе меней спачуваць беларускай апазыцыі.

«Хаця тэарэтычна, па нашых прагнозах, падобна, што новая ўлада ў Літве, калі верыць рэйтынгам, будзе меней спачуваць беларускай апазыцыі, чым цяперашні ўрад і цяперашні Сойм».

Генэральная пракуратура Літвы паведаміла, што атрымала некалькі зваротаў ад афіцыйнага Менску адносна Сьцяпана Захарчанкі, аднак падрабязьней гэта не камэнтуе.

Цяпер і надалей Сьцяпан Захарчанка будзе заставацца ў Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у Падбродзьдзі (Пабраде), які знаходзіцца непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Ён атрымлівае штомесячную дапамогу ад літоўскага ўраду ў памеры 35 літаў (13,5 даляраў) і можа свабодна пакідаць Цэнтар, але не даўжэй чым, на 24 гадзіны. Літоўскія праваабаронцы мяркуюць, што для яго знаходзіцца там пад аховай больш бясьпечна, чым жыць самастойна.

У інтэрвію, якія зьявіліся праз год, Сьцяпан Захарчанка патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў пагрозы і зьбіцьцё пасьля адмовы падпісваць ліст-абавязаньне страляць у выпадку атрыманьня загаду ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Паводле былога выведніка, у выніку зьбіцьця ён трапіў у шпіталь, дзе яму зноў пагражалі, што жывым у частку ён можа не вярнуцца.

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае зьвесткі Сьцяпана Захарчанкі пра тое, што ён лячыўся ў вайсковым шпіталі, дзе нібыта ягонаму жыцьцю пагражалі. Таксама сайт Мінабароны Беларусі паведамляе пра адмоўную характарыстыку Захарчанкі зь месца службы. Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з вайскоўцам, які абвяргаў словы Сьцяпана Захарчанкі.

Уцякач называе гэтыя камэнтары хлусьнёй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG