Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыё «Бэатрыс» пра вядомасьць ва Ўкраіне і невядомасьць на радзіме


Алена Вярбіцкая (зьлева) і Вольга Грыгор'ева

Алена Вярбіцкая (зьлева) і Вольга Грыгор'ева

Посьпех жаночага трыё «Бэатрыс» з Магілёва на шоў талентаў «X-factor 3», што праходзіў ва Ўкраіне, адразу стаў топавай падзеяй у беларускім інтэрнэце.

Гучныя назвы публікацыяў, захопленыя камэнтары пасьля прагляду відэароліка з конкурсным выступам выявілі, аднак, што на радзіме гурт амаль невядомы. Дзяўчаты спрабавалі прабіцца на беларускую сцэну, але ім гэта не ўдалося. Чаму? На гэтае і іншыя пытаньні адказалі дзьве ўдзельніцы гурту, Алена Вярбіцкая і Вольга Грыгор’ева.

Нашу гутарку мы пачалі з пытаньня — «Чаму ва Ўкраіне трыё „Бэатрыс“ віталі авацыямі, а ў Беларусі пра яго мала хто ведае? У чым прычына?»

Алена Вярбіцкая: «Гэта й для нас вялікае пытаньне. Так ужо павялося, што ў нас, можа, нейкія іншыя крытэры ацэнкі. Хочуць, можа, паказваць нейкі іншы прадукт, альбо ня ўмеюць зрабіць з нас нешта такое, што будзе прадавацца. Хочацца, вядома, каб на нашай беларускай сцэне зьяўляліся якасныя, новыя, сьвежыя прадукты. Пакуль гэта наш галоўны недахоп».

Вольга Грыгор’ева: «Можа, нейкія стэрэатыпы склаліся, што сапраўды ў нашай краіне дужа шмат таленавітых людзей, і ня толькі ў мастацтве, але і ў іншых сфэрах. А варта толькі чалавеку выехаць за мяжу, і калі яго там ацэняць, то мы, вядома ж, адразу: „О, як жа мы яго прапусьцілі“. Дужа шкада, што такое адбываецца».

Алена Вярбіцкая: «Для таго каб быць вядомым у нас у краіне, трэба зьяўляцца на тэлебачаньні. Вось у гэтым і ўся загваздка. Вось выпусьцілі нас, так адзін раз атрымалася, але далей за тэлевізійны кастынг гэта не прайшло. Людзі нейкія абмяжоўваюць прасоўваньне далей. Сказалі, што гэта нефармат, што ўзрост нібыта ня той, што трэба саступаць дарогу маладым талентам».

Карэспандэнт: «Украінская публіка адрозьніваецца ад беларускай? І чым?»

Вольга Грыгор’ева: «У прынцыпе, наша публіка сваёй музыкі ня ведае. Сваіх артыстаў мы ня ведаем. То бок мы можам выйсьці на вуліцу — і, можа, са ста чалавек нехта адзін назаве такіх масьцітых, як Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева. Больш мы нікога ня ведаем. Вось жа, робім высновы: альбо такая музыка нікому не патрэбная, альбо гэта ня музыка, альбо наагул трэба перагледзець свае погляды ў шоў-бізнэсе».

Алена Вярбіцкая: «Альбо проста — давай выбар. Нельга ж навязваць нешта адно, як гэта робіцца. Каб людзі маглі выбіраць».

Вольга Грыгор’ева: «Сытуацыя з Украінай крыху іншая. Ва Ўкраіне цяпер дужа шмат таленавітых людзей. Шмат артыстаў. І, у адрозьненьне ад нас, яны ведаюць сваю музыку. На жаль, у нас народ ня надта цікавіцца мастацтвам».

Трое дзяўчат з гурту «Бэатрыс» працуюць у Магілёўскай філярмоніі. Разам ад 2007 году. Выконваюць музыку ў стылі Soul, пераважна англамоўныя кампазыцыі. Разам зь іншымі калектывамі філярмоніі часта наведваюць з канцэртамі вёскі і аграгарадкі. Дзяўчаты прызнаюць, што тамтэйшы люд ня дужа ўспрымае кампазыцыі з рэпэртуару «Бэатрыс».

Алена Вярбіцкая: «Там жа народ больш просты такі, і яны ня дужа ўспрымаюць такую музыку. А калі цябе не разумеюць, то цяжка дужа даносіць нешта. А вось калі канцэрт па нейкай канкрэтнай тэме, вечарынка, народ туды прыходзіць мэтанакіравана — вось тады сапраўды такая музыка ўспрымаецца на ўра».

Ёсьць у рэпэртуары гурту і беларускамоўныя кампазыцыі.

Вольга Грыгор’ева: «Мы былі на конкурсе ў Крыме „Ўсходні базар“. Там мы павінны былі ад Беларусі паказаць песьню сваёй краіны. У нас была апрацоўка народнай песьні беларускай „Туман ярам“. Да нас падыходзілі людзі і са зьдзіўленьнем гаварылі, што мы ніяк не чакалі, што між расейскім гучаньнем, беларускім і ўкраінскім такая розьніца. То бок сама манера выкананьня — здавалася б, што мы браты славяне, а гучаньне ўва ўсіх рознае абсалютна. Усім гэта было цікава».

Пасьля нашумелага выступу трыё «Бэатрыс» ва Ўкраіне дзяўчатамі пачалі цікавіцца. Сьпявачкі кажуць, што пакуль толькі журналісты. Чакаюць яны і зацікаўленьня з боку прадусараў. Спадзяюцца, што хваля папулярнасьці не спадзе яшчэ доўга.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG