Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абрабаваць банк па-беларуску: з нажом або зь пісталетам


Рабаўніком філіялу «Беларусбанку» аказаўся грамадзянін Грузіі, які жыў у Менску паводле часовай рэгістрацыі. Што такое «тыпова беларускі рабунак банку»?

Філію «Беларусбанку» на менскай вуліцы Шпалернай абрабавалі а другой гадзіне дня 10 кастрычніка. Як паведамляе менская міліцыя 11 кастрычніка, нападнік ужо затрыманы. Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі, расказваючы пра асобу затрыманага, абачліва падбірае словы:

«Пакуль, відаць, сьледзтва яму яшчэ ня выставіла абвінавачаньня, таму мы яго называем галоўным падазроным. Пра яго вядома, што ён 1973 году нараджэньня, меў у Менску часовую рэгістрацыю. А сам грамадзянін Грузіі. Жыў у Маскоўскім раёне, а чым займаўся, сказаць пакуль цяжка. У яго затрыманьні вызначыліся супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РАУС, гарадзкой управы міліцыі і нават МУС».

Вядома, што рабаўнік меў нож, але ці пацярпеў хто ад халоднай зброі, міліцыя зьвестак не дае. Як не раскрывае і акалічнасьцяў нападу. Паводле афіцыйнай інфармацыі, рабаўнік напаў на супрацоўнікаў філіі «Беларусбанку». Між тым у шматлікіх паведамленьнях за 10 кастрычніка гаварылася, што гэта былі інкасатары. Калі так, то чаму, маючы пісталеты, яны не аказалі супраціву чалавеку з нажом? Аляксандар Ластоўскі такіх падрабязнасьцяў не паведамляе, спасылаючыся на недахоп зьвестак ад сьледзтва, якое вядзе Сьледчы камітэт.

Напады ў адзіночку з нажом або зь пісталетам ці з муляжом пісталета — самыя распаўсюджаныя віды нападаў на філіі банкаў ці абменьнікі ў Беларусі. Пачынаюцца яны па-рознаму, але заканчваюцца падобна. Летась з муляжом пісталета рабаваў філію Беларусбанку ў Пружанах малады мясцовы прадпрымальнік. Злачынцу ўдалося забраць у эквіваленце каля 10 тысяч даляраў, але празь месяц яго арыштавалі. У 2010 годзе ў Рагачове выкладчык спрабаваў абрабаваць філію «Альфа-Банку» з запіскай, што ў яго ёсьць пісталет. Гэтаму не ўдалося нават уцячы з грашыма. Як і рабаўніку філіі банку «Масква-Менск», які ў жніўні таго ж году пайшоў на большую хітрасьць — схаваўся ў памяшканьні банку, а потым зачыніў супрацоўніц у прыбіральні. Але тыя вырваліся і націснулі кнопку трывогі — у выніку рабаўніка затрымалі.

У сьнежні 2009 году з прамежкам 8 дзён былі двойчы абрабаваныя абменьнікі «Абсалютбанку» ў Менску, прычым адзін з рабункаў скончыўся трагічна — загінула касірка абменьніка каля ўнівэрсаму «Аўтазаводзкі». Забойцу дагэтуль не знайшлі. Адмыслоўцы не выключаюць, што дзейнічаў добра падрыхтаваны адзіночка-«гастралёр».

За амаль тры мінулыя гады шмат якія банкі прыбралі з вуліц абменьнікі ці палепшылі сыстэмы іх унутранай аховы. Але збольшага, як мяркуе былы банкір Андрэй Клімаў, сыстэма аховы банкаў засталася нязьменнай. Адкрытасьць банкаўскіх устаноў непазьбежна штурхае людзей зь няўстойлівай псыхікай на спробы хутка і лёгка вырашыць свае грашовыя праблемы, мяркуе былы банкір. Але галоўная праблема для банкаў, паводле Андрэя Клімава, цяпер ня вулічныя рабаўнікі, а віртуальныя:

Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў
«У банках крадуць з электронных рахункаў грошы — вось якая самая галоўная праблема на сёньняшні дзень. А наяўныя грошы — гэта ўжо не праблема. Бо што такое гатоўка? Гэта трэба фізычна сябе засьвяціць».

Пры гэтым Андрэй Клімаў робіць адну агаворку — сказанае ім пакуль больш тычыцца заходніх банкаў. Беларускія банкі яшчэ чакае такая праблема. «Калі яны выжывуць у сёньняшніх складаных эканамічных умовах».

Сярод рабаўнікоў беларускіх банкаў, якія адбываюць тэрміны ў краіне, ёсьць грамадзянін Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ў 2009 годзе спрабаваў абрабаваць банк у Баранавічах. Рабаўніку з Грузіі, відаць, таксама давядзецца адбываць пакараньне ў мясцовай турме, мяркуе былы палітвязень Сяргей Скрабец, які ў калёніі сустракаў іншаземцаў, найчасьцей расейцаў. Сяргей Скрабец згадвае, што яны адзначалі як перавагі беларускіх турмаў, гэтак і іх «недахопы» ў параўнаньні з расейскімі:

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец
«На „Віцьбе“ казалі, што ў вас тут санаторый, кормяць — не параўнаць зь іхнімі калёніямі. Але ж, казалі, дрэнна, што сапраўдная дысцыпліна. Мала „закідаў“ у зону, няма наркотыкаў, гарэлкі, баб. Крыўдзіліся на гэта».

Паводле назіраньняў Сяргея Скрабца, мэнталітэту звычайнага беларуса не адпавядае рабунак банку, тым больш са зброяй у руках. «Скрасьці нешта ў калгасе ці на будоўлі і ў банку — гэта зусім розныя рэчы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG