Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцян пра «Белую Русь»: Не пасьпее адрадзіцца — як загіне


Выступаючы на апошнім сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі мінулага скліканьня, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што новаабраны парлямэнт павінен распачаць мадэрнізацыю палітычнай сыстэмы ў краіне. Ён таксама заявіў, што падтрымае трансфармацыю «Белай Русі» ў цэнтрысцкую партыю.

Лукашэнка заявіў, што парлямэнт павінен пачаць мадэрнізацыю палітычнай сыстэмы краіны. Але гэта ў першую чаргу будзе залежаць ад зьнешнепалітычнай сытуацыі, у якой будзе існаваць Беларусь. Паводле Лукашэнкі, «пры далейшым цьвёрдым ціску мы ўсё роўна будзем па-славянску зьбірацца ў кучу вакол нейкай асобы, каб абараніцца, каб існаваць як дзяржава, як нацыя». Ён паставіў задачу, каб Беларусь прарвалася ў элітны клюб высокаразьвітых краін.

Ці зможа новы склад парлямэнту вырашыць такую задачу? І што маецца на ўвазе, калі Лукаашэнка гаворыць пра «мадэрнізацыю»?

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што словы пра мадэрнізацыю — гэта ня жарт і што гэта аб’ектыўная неабходнасьць.

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«А вось усё астатняе — голая рыторыка, бо гэты склад парлямэнту абсалютна безнадзейны. Ён ня мае шанцаў быць прыняты, прызнаны дзе-небудзь у Эўропе. І нават прыйманьне яго ў краінах СНД вымушанае. Ніякай павагі да сябе гэты парлямэнт за межамі выклікаць ня можа з прычын таго, як ён сфармаваны. Ён не абраны, ён прызначаны. Мала таго, што ён не абраны, а прызначаны, і таму не зьяўляецца парлямэнтам і нідзе ня можа быць прызнаны легітымным. Дык ён яшчэ прызначаны такім, што там няма ніводнага самастойнага чалавека. Там проста ня можа нарадзіцца ніякіх ініцыятываў, прапановаў ня тое што па лібэралізацыі, а каб неяк крыху зварушыць сытуацыю застою і стагнацыі. А што да параўнаньняў і ўяўленьняў пра славянаў, то гэта звычайная балбатня нашага неадукаванага так званага прэзыдэнта».

Лукашэнка таксама прапанаваў не сьпяшацца са зьменай выбарчай сыстэмы. Ён выказаўся супраць фармаваньня парлямэнту паводле партыйных сьпісаў, бо дзейсных палітычных партыяў пакуль няма. Паводле Лукашэнкі, у Беларусі найбольш вядомыя — кампартыя і Партыя БНФ.

Але ён заявіў, што падтрымае трансфармацыю грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» у палітычную партыю, якая магла б стаяць на цэнтрысцкіх пазыцыях, накшталт сацыялістычнай партыі ў Францыі, «якой не чужая будзе прыватная ўласнасьць, але якая не прымае зьяўленьня прыватнай уласнасьці ў выніку дзікай прыватызацыі». Маўляў, у «Белай Русі» сабраліся патрыёты.

Камэнтуючы гэта, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што абвал у эканоміцы прымушае Лукашэнку шукаць магчымасьці наладжваньня кантактаў з Захадам і яму патрабуецца ўяўная, фармальная пабудова партыйнай сыстэмы.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«У „Белую Русь“ уваходзяць чыноўнікі, якія тусуюцца вакол Лукашэнкі, альбо чыноўнікі, якіх сілай загналі ў гэтую арганізацыю. Але я ні на кроплю ня бачу патрыятызму ў гэтай структуры. Усьведамленьне патрыятызму ў іх пастаўлена з ног на галаву. Якім патрыётам можа быць сябар „Белай Русі“, калі ён нават ня ведае беларускай мовы, культуры і гісторыі? Ён хутчэй патрыёт Расеі. Патрыятызм у сяброў „Белай Русі“ я бачыў толькі тады, калі яны знаходзяцца каля карыта».

Сяргей Касьцян

Сяргей Касьцян

Кіраўнік Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян кажа, што тое, што дазволена «Белай Русі», забаронена іншым.

«Але калі прэзыдэнт пойдзе толькі па шляху адной „Белай Русі“, калі будзе забаронена рэгістрацыя іншых партый і калі не дадуць ходу іншым партыям, то „Белая Русь“ не пасьпее адрадзіцца, як і загіне. Трэба рабіць не з парлямэнтам зьмены ў нашым грамадзтве, а трэба дамаўляцца з усім грамадзтвам праз тыя грамадзкія арганізацыі, якія ўжо існуюць».

Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

Лукашэнка ня згодны, што парлямэнт чацьвёртага скліканьня быў «маўклівы», але параіў новаму складу быць больш адкрытым для грамадзтва. Маўляў, «нам ня трэба бяздумнага, аўтаматычнага галасаваньня». Камэнтуючы гэта, Уладзімер Навасяд адзначыў:

«Кіраўнік краіны цягам апошніх 20 год агучвае вельмі добрыя рэчы пасьля кожнай палітычнай кампаніі. Але ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот».

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Лукашэнка не прамінуў зноў заявіць, што «кампанія па так званым байкоце выбараў ганебна правалілася, паказаўшы слабасьць і баязьлівасьць так званай радыкальнай апазыцыі». Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў гэтую заяву:

«Лукашэнку дагэтуль кампанія байкоту не дае спакою. Бо пра тых, хто ўдзельнічаў, ён даўно забыўся. Гэта значыць, што кампанія байкоту яго насамрэч зачапіла. У яго ёсьць дадзеныя, што байкот быў вельмі сур’ёзны і шмат людзей практычна па ўсёй Беларусі ў выбарах ня бралі ўдзелу. Гэта насамрэч тое, што небясьпечна для сёньняшняй улады — страта легітымнасьці і ў вачах беларускага грамадзтва на гэты раз, і ў вачах міжнароднай супольнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG