Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыгоды выведніка Захарчанкі. Чарговы этап — 12 кастрычніка


Сьцяпан Захарчанка. Здымак DELFI.lt

Сьцяпан Захарчанка. Здымак DELFI.lt

12 кастрычніка Віленскі акруговы суд павінен задаволіць альбо не скаргу Сьцяпана Захарчанкі.

Былы беларускі вайсковец аспрэчвае рашэньне міграцыйнай службы Літвы не даваць яму статус уцекача.

12-га суд павінен вынесьці рашэньне. Сам Захарчанка кажа, што паседжаньне доўжылася паўтары гадзіны і ў яго засталіся надзеі на станоўчае рашэньне.

Калі ж яно будзе адмоўным, уцякач зьбіраецца яго абскарджваць у Вярхоўным судзе Літвы.

Раней Міграцыйная служба Літвы адмовіла Сьцяпану Захарчанку ў статусе ўцекача. Тады ён падаў скаргу ў літоўскі суд.

Таксама Захарчанка падаў скаргу ў Эўрапейскі суд у Страсбур і чакае, калі той вынесе рашэньне па ягонай справе. «Пакуль разгляду ў Страсбуры не адбудзецца, Літва ня мае права мяне выдаваць, нават адмовіўшы ў статусе ўцекача», — кажа Сяргей Захарчанка. У Беларусі, як ён перакананы, яго чакае паказальны суд і турэмны тэрмін.



Міністар унутраных спраў Літвы просіць абараніць Захарчанку


11 кастрычніка міністар унутраных спраў Літвы Артурас Мялянас паведаміў, што зьвярнуўся ў Дэпартамэнт міграцыі з просьбай паўторна разгледзець пытаньне пра прытулак вайскоўцу Сьцяпану Захарчанку, які ўцёк зь Беларусі.

«Суд у гэтай справе прыме рашэньне, аднак я зьвярнуўся ў Дэпартамэнт міграцыі і яшчэ раз папрасіў ацаніць і ўзважыць усю сукупнасьць акалічнасьцяў», — заявіў Мялянас.

Ён кажа, што Дэпартамэнт міграцыі Літвы павінен узяць пад увагу «чалавечы фактар» і магчымыя палітычныя наступствы, «якія ўзьнікаюць ня толькі пры ўцёках з суседняй краіны, але і пры боязі вярнуцца ў яе з прычыны зразумелых наступстваў».

Мялянас кажа, што ў такой сытуацыі трэба раіцца з МЗС, каб не паўтарыць памылку, калі Мін’юст Літвы перадаў беларускаму рэжыму дадзеныя пра банкаўскія рахункі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Пазьней Бяляцкага асудзілі на 4,5 года турмы.


Уцёкі Захарчанкі ў Літву


Былы вайсковы выведнік Сьцяпан Захарчанка ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку летась у канцы лета.

У інтэрвію, якія зьявіліся праз год, Сьцяпан Захарчанка патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў пагрозы і зьбіцьцё пасьля адмовы падпісваць ліст-абавязаньне страляць у выпадку атрыманьня загаду ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Паводле былога выведніка, у выніку зьбіцьця ён трапіў у шпіталь, дзе яму зноў пагражалі, што жывым у частку ён можа не вярнуцца.

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае зьвесткі Сьцяпана Захарчанкі пра тое, што ён лячыўся ў вайсковым шпіталі, дзе нібыта ягонаму жыцьцю пагражалі. Таксама сайт Мінабароны Беларусі паведамляе пра адмоўную характарыстыку Захарчанкі зь месца службы. Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з вайскоўцам, які абвяргаў словы Сьцяпана Захарчанкі.

Уцякач называе гэтыя камэнтары хлусьнёй.
XS
SM
MD
LG