Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 кастрычніка ў інтэрвію міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир» Лукашэнка пракамэнтаваў грузінскія выбары. І, як заўсёды, зрабіў гэта ў сваім незраўнаным стылі. «Я не чакаў ад Саакашвілі такіх паводзінаў, ён проста пераступіў церазь сябе. У гэтым сэнсе я хачу сказаць, што ён малайчына. Усё ж такі прызнаць сваю паразу, калі ён да апошняй хвіліны быў упэўнены, што яго ўвесь народ стоадсоткава падтрымае — гэта дарагога варта. Дарэчы, гэта ацанілі ўсе, і расіяне, і грузіны, і зьнешнія назіральнікі».

8 кастрычніка кіраўнік Беларусі зноў вяртаецца да тэмы выбараў, на гэты раз вэнэсуэльскіх, віншуе Уга Чавэса. І зноў зьвяртаецца да той жа тэмы. «Гэта была безумоўная перамога, і галоўны альтэрнатыўны кандыдат прызнаў сваю паразу. Гэта таксама дарагога варта, гэта годнасьць гэтага чалавека».

Як вядома, Аляксандра Лукашэнку трэба слухаць уважліва. І тады стане зразумелым, якія патаемныя, магчыма, падсьвядомыя думкі яго турбуюць, сядзяць як стрэмкі, шчымяць, непакояць сэрца і душу, не даюць спакойна жыць.

Гэтыя два сюжэты сьведчаць, што беларускага лідэра вельмі хвалюе пытаньне прызнаньня вынікаў выбараў, асабліва калі гэтыя вынікі неспрыяльныя для палітыка.

Праблема для Лукашэнкі хваравітая, але ня новая. Яна ўзьнікла адразу пасьля ягонай перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, якія ён расцаніў як цуд. У ягоным уяўленьні, якое стала важнай часткай сьвядомасьці, сьветапогляду, узяўшы ўладу, яе нельга аддаваць. Трымацца за ўладу да апошняга, любой цаной — гэта норма. У сваім вядомым інтэрвію расійскаму тэлеканалу ТВЦ у ліпені 2005 году прэзыдэнт Беларусі заявіў: «У гісторыі быў прыклад з Сальвадорам Альендэ. Я свой народ, сваю дзяржаву і ўладу прэзыдэнта буду абараняць сам, калі трэба — са зброяй у руках, калі трэба — адзін... Я буду яе абараняць, не баючыся нічога. Я не ўцяку з краіны». Заява дзівіць сваёй шчырасьцю. Інакш кажучы, жыцьця без улады Лукашэнка не ўяўляе, яно страчвае сэнс.

З гэтага вынікае непрыхаваная сымпатыя Лукашэнкі да дыктатараў усіх часоў і народаў, якія шмат гадоў утрымлівалі ўладу. Прычым часта гэта ідзе на шкоду ягонай уласнай рэпутацыі, як, напрыклад, пры выказваньнях адносна Гітлера і Сталіна. Але гэта яго не спыняе, бо ёсьць нешта мацнейшае. Можна таксама ўзгадаць шмат захопленых выказваньняў Лукашэнкі адносна ўладароў — сучасьнікаў беларускага лідэра: Садама Хусэйна, Фідэля Кастра, Муамара Кадафі, Башара Асада, Уга Чавэса. Вось героі нашага часу.

І наадварот, кіраўнік Беларусі зь непрыхаванай грэблівасьцю ставіцца да палітыкаў, якія аддалі ўладу, саступілі яе іншым. Напрыклад, да Міхаіла Гарбачова. На яго думку, апошні кіраўнік СССР страціў уладу з прычыны выяўленай ім слабасьці, адсутнасьці палітычнай волі. І беларускі прэзыдэнт неаднаразова вяртаецца да досьведу яго кіраваньня, настойліва прэзэнтуе сябе як палітычнага антыпода М. Гарбачова: «Ва ўладзе ў Савецкім Саюзе стаяў размазьня. І ён стаўся першапрычынай развалу... Я ня маю права паўтарыць яго памылку. Ня маю права быць анучай». «Гарбачоў... соплі жаваў». «Ён проста збаяўся і кінуў краіну».

Зь непавагай ставіцца Лукашэнка і да былога прэм’ера Вячаслава Кебіча, у якога выйграў прэзыдэнцкія выбары 1994 году. «Да гэтага часу не магу зразумець: як тая ўлада прайграла выбары — і то зь яе машынай», — узгадваў ён праз тры гады пасьля тых падзей. Сапраўды, ён ня можа зразумець, як гэта — аддаць уладу, прайграўшы на выбарах. Выступаючы на 2-м Усебеларускім народным сходзе ў траўні 2001 году, Лукашэнка шмат увагі аддаў крытыцы ўлады, ня здольнай «абараніць сябе», на прыкладзе дзеяньняў Слабадана Мілошавіча (былога кіраўніка Югаславіі) і Вячаслава Кебіча, якія пагадзіліся з воляй народу, выяўленай на выбарах, і саступілі свае паўнамоцтвы пераможцам. Кіраўнік Беларусі заявіў, што ён не паўторыць іхніх памылак і ўлады не аддасьць.

Можна ўзгадаць грубую, але вельмі паказальную ацэнку Лукашэнкам эўрапейскіх палітыкаў у знакамітым інтэрвію расейскаму журналісту Сяргею Дарэнку мінулым годам. На ягоную думку, яны «бязь яйцаў», то бок слабакі. І праўда, што гэта за палітыкі, якія, прайграўшы выбары, сыходзяць? Няўжо яны ня могуць арганізаваць выбары так, каб не прайграць?!

Таму з гледзішча Лукашэнкі Міхаіл Саакашвілі — дзівак. І ягоны ўчынак — прызнаньне паразы — выклікаў у беларускага лідэра вялікае зьдзіўленьне: «Я не чакаў ад Саакашвілі такіх паводзінаў, ён проста пераступіў церазь сябе».

Але цяпер для Лукашэнкі ў гэтай тэме зьявіўся новы момант. Раней пытаньне пра паразу на выбарах было для яго тэарэтычным, філязофскім. Бо на прэзыдэнцкіх выбарах 2001, 2006, 2010 гадоў ягоная перавага над апанэнтамі была відавочная.

А вось цяпер сытуацыя можа памяняцца. Прамінулая парлямэнцкая кампанія паказала, што былая народная падтрымка рэзка скарацілася. І калі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыя праявіць палітычную сьпеласьць, здолее аб’яднацца, вылучыць адзінага кандыдата, то апошні можа атрымаць большую электаральную падтрымку, чым Лукашэнка. І кіраўнік Беларусі, гледзячы па ўсім, гэта разумее. І ня можа ўтрымацца, каб уголас не прагаварыць тое, што яго хвалюе. Няхай і ў такім апасродкаваным выглядзе.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG