Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Літвы супраць выдачы Беларусі зьбеглага вайсковага выведніка


Сьцяпан Захарчанка

Сьцяпан Захарчанка

За дзень да вынясеньня рашэньня суду міністар унутраных спраў Літвы Артурас Мялянас паведаміў, што зьвярнуўся ў Дэпартамэнт міграцыі з просьбай паўторна разгледзець пытаньне пра прытулак вайскоўцу Сьцяпану Захарчанку, які ўцёк зь Беларусі.

«Суд у гэтай справе прыме рашэньне, аднак я зьвярнуўся ў Дэпартамэнт міграцыі і яшчэ раз папрасіў яго ацаніць і ўзважыць усю сукупнасьць акалічнасьцяў», — сказаў Мялянас для прэс-рэлізу.

Віленскі акруговы суд у пятніцу павінен прыняць рашэньне, ці задаволіць скаргу грамадзяніна Беларусі на рашэньне Дэпартамэнту міграцыі адмовіць яму ў прытулку і часовай ахове.

Мялянас кажа, што ДМ павінен прыняць да ўвагі «чалавечы фактар» і магчымыя палітычныя наступствы, «якія ўзьнікаюць ня толькі пры ўцёках з суседняй краіны, але і пры боязі вярнуцца ў яе з прычыны зразумелых наступстваў».

Мялянас кажа, што ў такой сытуацыі трэба раіцца з МЗС, каб не паўтарыць памылку, калі Мін’юст Літвы перадаў беларускаму рэжыму дадзеныя пра банкаўскія рахункі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, піша Інтэрфакс.

Прыгоды вайсковага выведніка Сьцяпана Захарчанкі

3 кастрычніка ў Літве адбыўся працэс па справе былога беларускага вайскоўца Сьцяпана Захарчанкі, які аспрэчваў адмову міграцыйнай службы даць яму статус уцекача. Рашэньне суду стане вядомае 12 кастрычніка.

Суд, паводле Сьцяпана Захарчанкі, доўжыўся каля паўтары гадзіны і прайшоў гэтак, што ў яго засталіся надзеі на станоўчае рашэньне паводле ягонай скаргі.

Былы вайсковы выведнік Сьцяпан Захарчанка ўцёк у Літву і папрасіў палітычнага прытулку летась у канцы лета.

У інтэрвію, якія зьявіліся праз год, Сьцяпан Захарчанка патлумачыў уцёкі тым, што зазнаў пагрозы і зьбіцьцё пасьля адмовы падпісваць ліст-абавязаньне страляць у выпадку атрыманьня загаду ва ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Паводле былога выведніка, у выніку зьбіцьця ён трапіў у шпіталь, дзе яму зноў пагражалі, што жывым у частку ён можа не вярнуцца.

Міністэрства абароны Беларусі абвяргае зьвесткі Сьцяпана Захарчанкі пра тое, што ён лячыўся ў вайсковым шпіталі, дзе нібыта ягонаму жыцьцю пагражалі. Таксама сайт Мінабароны Беларусі паведамляе пра адмоўную характарыстыку Захарчанкі зь месца службы. Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з вайскоўцам, які абвяргаў словы Сьцяпана Захарчанкі. Уцякач называе гэтыя камэнтары хлусьнёй.

Міграцыйная служба Літвы адмовіла Сьцяпану Захарчанку ў статусе ўцекача, тады ён падаў скаргу ў літоўскі суд. Рашэньне наконт гэтай скаргі абвесьцяць 12 кастрычніка. Калі яно будзе адмоўным, уцякач зьбіраецца яго абскарджваць у Вярхоўным судзе Літвы.

Таксама Сьцяпан Захарчанка падаў скаргу ў Эўрапейскі суд у Страсбур і чакае, калі той вынесе рашэньне па ягонай справе. «Пакуль разгляду ў Страсбуры не адбудзецца, Літва ня мае права мяне выдаваць, нават адмовіўшы ў статусе ўцекача», — кажа Сяргей Захарчанка. У Беларусі, як ён перакананы, яго чакае паказальны суд і турэмны тэрмін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG