Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка ў парлямэнце: зрабіў стаўку на «Белую Русь» і паабяцаў палітычную мадэрнізацыю


11 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка выступіў на апошнім сумесным сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Асноўныя тэзы: Беларусь пераадолела эканамічны крызіс; будзе «палітычная мадэрнізацыя»; байкот выбараў — гэта «слабасьць і баязьлівасьць радыкальнай апазыцыі»; «Белая Русь» павінна стаць палітычнай партыяй на цэнтрысцкіх пазыцыях.



12.50 Лукашэнка робіць стаўку на «Белую Русь»

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» можа пераўтварыцца ў палітычную партыю, якая магла б стаяць на цэнтрысцкіх пазыцыях.

«Кажуць,» Белая Русь" гатовая стаць партыяй. Гатовая — хай становіцца партыяй, я ня супраць. Наадварот, я буду падтрымліваць, таму што там сабраліся патрыёты«, — паабяцаў Лукашэнка.

«Яны могуць сапраўды стаць цэнтрысцкай сілай (...) Напрыклад, кшталту сацыялістычнай партыі ў Францыі, якой не чужая будзе прыватная ўласнасьць, але якая не прымае зьяўленьня прыватнай уласнасьці ў выніку дзікай прыватызацыі», — адзначыў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка прызнаў, што найбольш вядомыя партыі ў краіне — камуністычная і БНФ.

«БНФ — зразумела: Захад, нацыяналізацыя, радыкалізацыя, гвалт, шум. Усіх прыбраць, беларусаў толькі пакінуць, кроў беларускую толькі пакінуць, а ўсіх астатніх прыбраць. У нас ёсьць праваднікі такіх ідэй у нашым грамадзтве», — кажа Лукашэнка.

«А вось цэнтральнае месца (цэнтрысцкая партыя — Інтэрфакс) сёньня фактычна свабоднае», — сказаў ён.

Кастусёў: Патрыятызм у сяброў «Белай Русі» я бачыў толькі тады, калі яны знаходзяцца каля карыта

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пракамэнтаваў выказваньні Лукашэнкі наконт партыйнай сыстэмы ў Беларусі. Адносна закідаў на адрас Партыі БНФ ён сказаў, што Лукашэнка шмат перабольшвае ў сваіх выказваньнях і новага нічога ня кажа. Тое ж ён казаў і ў 90-я гады, і цяпер.

«У сытуацыі, калі адбываецца абвал у эканоміцы, Лукашэнку трэба шукаць магчымасьці наладжваньня кантактаў з Захадам. Яму патрэбна ўяўная, фармальная пабудова партыйнай сыстэмы. Зразумела, што грамадзкае аб’яднаньне „Белая Русь“ — гэта і ёсьць тая пэрспэктыва ў пабудове партыйнай сыстэмы, якую ён бачыць, і нічога больш. У „Белую Русь“ уваходзяць чыноўнікі, якія тусуюцца вакол Лукашэнкі, альбо чыноўнікі, якіх сілай загналі ў гэтую арганізацыю. Але я ні на кроплю ня бачу патрыятызму ў гэтай структуры. Усьведамленьне патрыятызму ў іх пастаўлена з ног на галаву. Якім патрыётам можа быць сябар „Белай Русі“, калі ён нават ня ведае беларускай мовы, культуры і гісторыі? Ён хутчэй патрыёт Расеі. Патрыятызм у сяброў „Белай Русі“ я бачыў толькі тады, калі яны знаходзяцца каля карыта. А калі гэтае карыта заканчваецца, часта яны зьяжджаюць жыць на Захад альбо зараз імкнуцца прыдбаць нерухомасьць у Літве, Польшчы і іншых краінах Захаду».



12.05 Лукашэнка: «Радыкальная апазыцыя» паказала слабасьць і баязьлівасьць, калі байкатавала выбары

«Кампанія па так званым байкоце выбараў ганебна правалілася, паказаўшы слабасьць і баязьлівасьць гэтак званай радыкальнай апазыцыі, пятай калёны, якая не жадае нават імітаваць барацьбу за ўладу», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што абсалютная большасьць насельніцтва падтрымала тых кандыдатаў, якія «выступалі за мір і спакой у краіне, за працяг сацыяльна-эканамічнага курсу, грунтаванага на незалежнасьці і абароне інтарэсаў простага чалавека».

Лукашэнка прызнаўся: «Падставы для злараднасьці тут няма. Шчыра вам скажу: мне шкада, што ў нас так пакуль і не зьявілася нармальная, сумленная, адказная апазыцыя, які перажывае за краіну, а не расьпілоўвае замежную міласьціну».

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў гэтыя заявы:

Рымашэўскі Віталь

Рымашэўскі Віталь

«Лукашэнку дагэтуль кампанія байкоту не дае спакою. Бо пра тых, хто ўдзельнічаў, ён даўно забыўся. Гэта значыць, што кампанія байкоту яго насамрэч зачапіла. У яго ёсьць дадзеныя,што байкот быў вельмі сур’ёзны і шмат людзей практычна па ўсёй Беларусі ў выбарах ня бралі ўдзелу. Гэта насамрэч тое, што небясьпечна для сёньняшняй улады — страта легітымнасьці і ў вачах беларускага грамадзтва на гэты раз, і ў вачах міжнароднай супольнасьці».


11.55 Лукашэнка — пра палітычную мадэрнізацыю

Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Я прыхільнік таго, каб парлямэнт прыступіў да нейкай мадэрнізацыі нашай палітычнай сыстэмы».

Лукашэнка адзначыў, што гэтая мадэрнізацыя будзе залежаць ня толькі ад разьвіцьця ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне: «Гэта будзе залежаць і ад таго, у якой зьнешнепалітычнай сыстэме мы будзем існаваць».

Лукашэнка даў зразумець, што ён мае на ўвазе разьвіцьцё сытуацыі вакол Беларусі, у прыватнасьці, стаўленьне да яе з боку Захаду.

Лукашэнка дадаў: «Пры далейшым цьвёрдым ціску мы ўсё роўна будзем зьбірацца вакол нейкай асобы, каб мы маглі існаваць як дзяржава, як нацыя».

«Пакуль з гэтым ня хочуць мірыцца, зьяўляюцца размовы пра тое, што пакуль немагчыма іх (Беларусь — Інтэрфакс) узяць „цёплымі“, голымі рукамі, то трэба падумаць пра іншыя напрамкі ўзьдзеяньня на Беларусь і на гэтае грамадзтва», — заявіў Лукашэнка.


11.30 Лукашэнка запэўнівае, што Беларусь пераадолела крызіс

«Крызісныя зьявы ў сусьветнай эканоміцы дакаціліся і да Беларусі, нашыя зьнешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы пастаянна атакавалі дзяржаву, спрабуючы разбурыць галоўныя заваёвы апошняга дзесяцігодзьдзя — стабільнасьць, спакой і мір у грамадзтве», — заявіў Лукашэнка.

«Беларусь вытрымала ўсе выпрабаваньні, нацыя засталася адзінай, мы пераадолелі крызіс і працягнулі паступальнае разьвіцьцё эканомікі». Ва ўсім гэтым, цытуе Інтэрфакс Лукашэнку, «немалая заслуга беларускага парлямэнту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG