Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бройлернай фабрыцы раяць жыць па сродках


Сябра Савету рэспублікі дырэктарка Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка сёньня заявіла, што дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаваньне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансаваньня (30%) да 12–15 працэнтных пунктаў.

Сваё абурэньне гэтым Шарэйка адрасавала міністру фінансаў Беларусі Андрэю Харкаўцу, калі ў Савеце рэспублікі абмяркоўваўся праект бюджэту:

«Гэта паўсюль у апошнія два дні — крэдытаў не даюць ні «Белаграпрамбанк», ні «Беларусбанк», ні «Белінвэстбанк».

Абурылася спадарыня Шарэйка і высокімі — да 50 працэнтаў — стаўкамі кароткатэрміновых крэдытаў:
Пад такія стаўкі ня можа крэдытавацца ніводнае, нават пасьпяховае, прадпрыемства

«Пад такія стаўкі ня можа крэдытавацца ніводнае, нават пасьпяховае, прадпрыемства. Або нам трэба спыніць разьвіцьцё?»

Міністар Харкавец адказаў ёй, што асабіста будзе адстойваць жорсткую пазыцыю адносна рэсурснай падтрымкі дзяржбанкаў:

«Ні рубля дадаткова на падтрымку ліквіднасьці банкаў урад ня мае намеру ўносіць».

Зь сярэдзіны верасьня беларускія банкі адчуваюць востры дэфіцыт ліквіднасьці, які прывёў да росту ставак на міжбанкаўскім рынку да ўзроўню 50 працэнтаў гадавых.

Паводле фінансавага аналітыка Ўладзімера Тарасава, падобныя праблемы ўзьніклі з-за павышанага попыту на валюту.

«Нацбанк зразумеў, што калі так будуць скупляць валюту, то ніякіх ягоных запасаў ня хопіць. У выніку Нацбанк пайшоў на абмежаваньне рублёвай эмісіі, і на міжбанкаўскім рынку стаўкі пачалі расьці, бо ўсім пачало не хапаць рублёў».

Уладзімер Тарасаў прагназуе, што вынікам такой сытуацыі стане зьмяншэньне вытворчасьці і рост інфляцыі:
Нацбанк дзейнічае правільна, намагаючыся захаваць стабільнасьць

«Калі гэта не адбудзецца — зноў абваліцца нацыянальная валюта. Таму трэба прызнаць, што Нацбанк дзейнічае правільна, намагаючыся захаваць стабільнасьць».

Віцебскай бройлернай фабрыцы спадар Тарасаў парэкамэндаваў жыць па сродках:

«Калі іх прадукцыю купляюць, то яны выжывуць, яны могуць узьняць цану».

Паводле спадара Тарасава, памылка была зробленая яшчэ на пачатку году, калі надта хутка павялічвалі заробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG