Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета міграцыйныя службы Расеі паставілі на ўлік амаль 9 мільёнаў гастарбайтэраў, аднак, паводле дадзеных ААН, сапраўдная лічба мінімум удвая большая, бо працадаўцы, каб ашчадзіць на адлічэньнях у дзяржаўныя фонды, намагаюцца прыхаваць выкарыстаньне таннай працоўнай сілы. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, зьніклымі бязь вестак у Расеі значацца больш за 60 тысяч замежнікаў, у іх ліку — і некалькі сотняў беларусаў.

Цягам 2010—2011 гадоў у вышук былі абвешчаныя 584 беларусы, якія не вярнуліся з заробкаў. Знойдзена менш за палову — 276. Ад пачатку 2012-га сярод зьніклых у замежжы лічацца блізу 800 асобаў, лёс бальшыні дагэтуль невядомы. Міністэрства ўнутраных спраў не вядзе адмысловага ўліку зьніклых гастарбайтэраў, але маніторынг надзвычайных здарэньняў сьведчыць: абсалютная большасьць зьнікае ў Расеі. Не спрыяе хуткай ідэнтыфікацыі і тое, што «вылавіць» беларусаў з агульнай плыні выхадцаў зь Сярэдняй Азіі, Украіны, Малдовы стала цяжэй пасьля ўступленьня Беларусі і Казахстану ў Мытны зьвяз — цяпер ні беларусы, ні казахі не абавязаныя атрымліваць дазвол на працу, таму ў агульным уліку іх папросту няма.

Мазырская міліцыя абвясьціла ў вышук 19 жыхароў раёну, якія паехалі ў Расею на заробкі й зьніклі бязь вестак.

Супрацоўнік крымінальнага вышуку мясцовага райаддзелу міліцыі апавёў:

«Калі едуць у пэўнае месца, то нармальна, у прынцыпе. Альбо з кімсьці са сваякоў — самастойныя людзі вяртаюцца. А калі „ну вось паеду я ў Расею“, — зьнікаюць там. Дадому не тэлефануюць, і сваякі ня ведаюць, дзе яны й што зь імі».

Зь дзевятнаццаці жыхароў Мазыра, абвешчаных у вышук, днямі адзін знайшоўся — патэлефанаваў маці з Расеі. Гэта Павал Несьцярэня, які зьяжджаў на працу ў Нарафамінскі раён Падмаскоўя, каб зарабіць сабе на легкавік. Павал меўся вярнуцца яшчэ на пачатку верасьня, але не прыехаў, і маці зьвярнулася ў міліцыю. Дзе быў сын амаль месяц — праз тэлефон ён не паведаміў. Сказаў, што раскажа па вяртаньні.

Але такіх шчасьлівых гісторый са зьніклымі няшмат. Сяргей Будовіч, да прыкладу, зьнік у Маскве амаль восем гадоў таму. Да гэтага ён пэрыядычна езьдзіў у расейскую сталіцу на будоўлю. Быў жанаты, меў сям’ю — і прапаў. Маці зьніклага мазырчука спадарыня Марыя апавяла:

«Яшчэ ў 2004 годзе ён віншаваў нас з Новым годам. Сказаў: «Мама, месяцы 2–3 тэлефанаваць і пісаць ня буду — кудысьці ад’яжджаў. І з таго часу — ні слыху ні дыху».

Сваякі шукалі Сяргея, але безвынікова: «Я падала ліст на перадачу „Жди меня“. Тэлефанавалі ў пазамінулым ці мінулым годзе, ужо й ня памятаю, каб мы даслалі два фатаздымкі па электроннай пошце. Я даслала. Казалі, што прыедуць здымаць — і нічога няма».

Зьнікаюць беларускія гастарбайтэры ў Расеі ня толькі з Мазыра. У вышуку —Леанід Кохна й Васіль Багдановіч са Сьветлагорску, Ірына Лаўберт ды Тацяна Руднева з Гомельскага раёну, якія таксама выехалі на заробкі ў Расею й зьніклі. І такіх прыкладаў дзясяткі.

Здараюцца і трагічныя выпадкі. Маладая кабета з Чачэрску распавяла, што іхні кум Уладзімер паехаў на заробкі ў суседнюю краіну, а вярнуўся ў труне:

«Наш кум паехаў на заробкі. Даведаліся, відаць, што зь вялікімі грашыма — забілі чалавека ў цягніку, і ўжо здымалі яго трупам — яшчэ там, за Масквою. Зь Сібіры ён вяртаўся. Такіх чакаюць — едзе з грашыма чалавек. Як быццам выпіў крыху чалавек — атручваньне моцнае было. Яго сябра выкараскаўся, а Валодзя — не. І як вось выпраўляць мужыкоў і спадзявацца, што дапамога будзе? Некаторыя вось так прыяжджаюць дахаты, а некаторыя наагул не вяртаюцца».


Традыцыйна прыцягальнымі для беларускіх гастарбайтэраў лічацца Масква і Падмаскоўе, Санкт-Пецярбург, а таксама суседнія рэгіёны — Браншчына і Смаленшчына. Апошнім часам актывізаваўся краснадарскі кірунак: да зімовых Алімпійскіх гульняў-2014 у Сочы практычна з нуля ўзводзіцца ўся спартовая інфраструктура, што вымагае прыцягваць багата будаўнікоў.

Аналітык у галіне міграцыйнай палітыкі Андрэй Пахмелкін перакананы: тэндэнцыю на ад’езд можна спыніць толькі пры адной умове — калі ўзровень прыбыткаў стане адпавядаць хоць бы мінімальным запатрабаваньням грамадзянаў:

«Такая тэндэнцыя заўсёды была. Напэўна, найбольш яскрава яна пачала прасочвацца ад сярэдзіны 1990-х, калі жалезная заслона на межах рухнула. Тады я сам навучаўся ў айцішнай сфэры і на ўласныя вочы бачыў: нехта ці зьбіраецца кудысьці зьехаць ці, скарыстаўшы любы момант, зьяжджае. Але факт, што вельмі многія ставілі і ставяць дагэтуль перад сабой такую мэту — зьехаць абавязкова. Цяпер гэтая задача нашмат спрасьцілася — цэлыя фірмы працуюць на тое, каб уладкаваць ахвотных за мяжой. Эфэктыўнасьць — гэта справа кожнага канкрэтнага выпадку. Многія потым усё ж вяртаюцца і працуюць зараз тут. Але некаторыя застаюцца за мяжой. Мне здаецца, калі ў нас неяк зьменіцца сытуацыя ў краіне, зьменіцца сацыяльная атмасфэра, шмат народу вернецца. Бо як бы дзе ні было добра, а на радзіме ўсё ж лепш».

Найбольш ахопленыя працоўнай міграцыяй памежныя рэгіёны. Калі ўсходнія тэрыторыі традыцыйна арыентаваныя на Расею і ў меншай ступені на Ўкраіну, то жыхары Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны выбіраюць Польшчу. Як кажа берасьцейскі будаўнік Андрэй Марачкін, польскі кірунак, магчыма, не такі прывабны з гледзішча заробкаў, але непараўнальна больш бясьпечны. І нагадвае, што сёлета бясьсьледна зьніклі сямёра берасьцейцаў, якія ад’ехалі ў Краснадарскі край:

«У перакладзе на нашы грошы чалавек можа зарабіць у Польшчы і 3 мільёны на тыдзень, але гэта будуць, натуральна, ня 8 працоўных гадзін, пра якія вам спачатку раскажуць. У справаздачах палякі пішуць, што адпрацавана 8 гадзін, але насамрэч людзі працуюць нашмат больш. Так, крыху хітруюць, але збольшага тут усё прадказальна — адрозна ад Расеі. Умовы з жыльлём звычайна таксама ня самыя лепшыя. Здараецца, даюць гатэль для рабочых, але гэта залежыць выключна ад таго, дзе знаходзіцца аб’ект і якой ён важнасьці. Шмат хто едзе на сэзонныя працы, якія звычайна пачынаюцца вясной і заканчваюцца позьняй восеньню, але некаторыя могуць затрымацца і на год, калі гаспадару патрэбная дапамога ў перапрацоўцы сабранага ўраджаю. Але не сказаць, што на сэзонных працах заробкі зашкальваюць».

На падставе шматлікіх фактаў праваахоўныя органы вызначылі групу рызыкі зь ліку мігрантаў, якія ад’яжджаюць на заробкі. Найперш гэта людзі, якія маюць праблемы з алькаголем і гінуць падчас п’яных разборак ці крадзяжу грошай. Па-другое, тыя, за кім цягнецца крымінальны шлейф — такім нават выгадна праімітаваць сваё зьнікненьне, каб адчапіцца ад алімэнтаў ці сплаты іншых запазычанасьцяў.

Аднак, як лічыць кансультант у падборы пэрсаналу Ганна Кірычэнка, нават на тле трагічных навінаў пра зьнікненьне гастарбайтэраў пры цяперашніх эканамічных умовах наўрад ці ёсьць магчымасьць спыніць адток кадраў:

«Мабыць, застаецца прыняць як дадзенасьць, што людзі ў наш час так актыўна мігруюць. Міграцыя, у тым ліку і працоўная, адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца надалей. І магчымасьцяў для такога перасоўваньня ствараецца ўсё больш і больш. Мала таго, міграцыя ахоплівае ўсё новыя і новыя сфэры — едуць жа ня толькі рабочыя, а праграмісты, офісныя работнікі. Я ведаю, што ўзьнікаюць і новыя формы працы: некаторыя вяртаюцца назад у краіну, каб жыць тут фізычна, але працаваць віртуальна, аддалена ад замежнай кампаніі, але на яе — з дапамогай тэхнічных сродкаў. Гэта ўсё нармальна, бо сам час дыктуе новыя ўмовы».

Як сьведчыць статыстыка, нямала гастарбайтэраў гінуць у часе будаўнічых працаў пры парушэньнях элемэнтарнай тэхнікі бясьпекі, пры пажарах у неабсталяваных вагончыках, дзе начуюць рабочыя, у аўтамабільных аварыях па дарозе на заробкі ці вяртаючыся дадому.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG