Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паехаў на заробкі — і не вярнуўся


Мазырская міліцыя абвясьціла ў вышук 19 жыхароў раёну, якія паехалі ў Расею на заробкі й зьніклі бязь вестак.

Супрацоўнік крымінальнага вышуку мясцовага райаддзелу міліцыі апавёў:

«Калі едуць у пэўнае месца, то нармальна, у прынцыпе. Альбо з кімсьці са сваякоў — самастойныя людзі вяртаюцца. А калі „ну вось паеду я ў Расею“, — зьнікаюць там. Дадому не тэлефануюць, і сваякі ня ведаюць, дзе яны й што зь імі».

Зь дзевятнаццаці жыхароў Мазыра, абвешчаных у вышук, днямі адзін знайшоўся — патэлефанаваў маці з Расеі. Гэта Павал Несьцярэня, які зьяжджаў на працу ў Нарафамінскі раён Падмаскоўя, каб зарабіць сабе на легкавік. Павал меўся вярнуцца яшчэ на пачатку верасьня, але не прыехаў, і маці зьвярнулася ў міліцыю. Дзе быў сын амаль месяц — праз тэлефон ён не паведаміў. Сказаў, што раскажа па вяртаньні.

Але такіх шчасьлівых гісторый са зьніклымі няшмат. Сяргей Будовіч, да прыкладу, зьнік у Маскве амаль восем гадоў таму. Да гэтага ён пэрыядычна езьдзіў у расейскую сталіцу на будоўлю. Быў жанаты, меў сям’ю — і прапаў. Маці зьніклага мазырчука спадарыня Марыя апавяла:

«Яшчэ ў 2004 годзе ён віншаваў нас з Новым годам. Сказаў: «Мама, месяцы 2–3 тэлефанаваць і пісаць ня буду — кудысьці ад’яжджаў. І з таго часу — ні слыху ні дыху».

Сваякі шукалі Сяргея, але безвынікова: «Я падала ліст на перадачу „Жди меня“. Тэлефанавалі ў пазамінулым ці мінулым годзе, ужо й ня памятаю, каб мы даслалі два фатаздымкі па электроннай пошце. Я даслала. Казалі, што прыедуць здымаць — і нічога няма».

Зьнікаюць беларускія гастарбайтэры ў Расеі ня толькі з Мазыра. У вышуку —Леанід Кохна й Васіль Багдановіч са Сьветлагорску, Ірына Лаўберт ды Тацяна Руднева з Гомельскага раёну, якія таксама выехалі на заробкі ў Расею й зьніклі. І такіх прыкладаў дзясяткі.

Здараюцца і трагічныя выпадкі. Маладая кабета з Чачэрску распавяла, што іхні кум Уладзімер паехаў на заробкі ў суседнюю краіну, а вярнуўся ў труне:

«Наш кум паехаў на заробкі. Даведаліся, відаць, што зь вялікімі грашыма — забілі чалавека ў цягніку, і ўжо здымалі яго трупам — яшчэ там, за Масквою. Зь Сібіры ён вяртаўся. Такіх чакаюць — едзе з грашыма чалавек. Як быццам выпіў крыху чалавек — атручваньне моцнае было. Яго сябра выкараскаўся, а Валодзя — не. І як вось выпраўляць мужыкоў і спадзявацца, што дапамога будзе? Некаторыя вось так прыяжджаюць дахаты, а некаторыя наагул не вяртаюцца».

XS
SM
MD
LG