Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх плянуе сустрэцца з Лукашэнкам


Патрыярх Маскоўскі Кірыл наведае Беларусь з аднадзённым афіцыйным візытам 14 кастрычніка. Пра гэта паведамілі ў Маскоўскай патрыярхіі пасьля таго, як у інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, што патрыярх зьбіраецца ў Менск з таемным візытам.

Пра візыт патрыярха ў Менск прагаварыўся протаярэй менскай Сьвята-Пакроўскай царквы Віктар Белякоў. Ён абвясьціў прыхаджанам, што 14 кастрычніка патрыярх Кірыл адслужыць набажэнства ў гэтым храме. Відэа было выкладзена ў інтэрнэце. У размове з карэспандэнтам «Свабоды» айцец Віктар паведаміў некаторыя падрабязнасьці візыту:

«Візыт прысьвечаны 400-годзьдзю яўленьня абраза Крупецкай Божай Маці. Яго сьвяцейшаства прыяжджае ў 9:30 у Пакроўскі храм, служыць літургію. Потым едзе на месца, дзе будуецца Ўсясьвяцкі храм, і асьвячае помнік патрыярху Аляксію другому, месца для будучай гімназіі там побач. Служыць малітву ў крыптавым храме. Будзе сустрэча з прэзыдэнтам, і вечарам ён адлятае зь Менску».

Нягледзячы на тое, што патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт цяпер на лекаваньні, ён плянуе прыехаць, каб сустрэць патрыярха.

Чым жа выкліканая сакрэтнасьць гэтага кароткага візыту кіраўніка РПЦ?

Кіраўнік сынадальнага аддзелу Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах царквы і грамадзтва протаярэй Усевалад Чаплін:

«Ніякіх сакрэтаў абсалютна. Чакаецца ў бліжэйшыя дні візыт. Ён зусім адкрыты. Але падрабязнасьці высьветліце ў прэс-службе сьвяцейшага патрыярха. Тое, што я сказаў, я сказаў».

Супрацоўнік прэс-службы патрыярха Аляксей сказаў, што гэта афіцыйны аднадзённы візыт. На пытаньне, ці рыхтуецца сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, ён адказаў:

«Не магу нічога цяпер сказаць, даруйце. Да анансаваньня на сайце ніякай інфармацыі даць не магу».

Прэс-сакратар Менскай эпархіяльнай управы протаярэй Сяргей Лепін апавёў «Свабодзе», што візыт працягнецца адзін дзень. Адсутнасьць яго праграмы ў адкрытым доступе ён патлумачыў так:
Тут няма ніякай сакрэтнасьці, проста звычайныя бюракратычныя затрымкі

«Ніякай сакрэтнасьці няма, і было б дзіўна, каб б патрыярх прыехаў сакрэтна. Справа ў тым, што пакуль яшчэ ня ўзгодненая праграма, бо візыт даволі кароткі, але зьмястоўны. Трэба ўзгадніць меркаваны графік з усімі яго ўдзельнікамі. І пакуль поўнага ўзгадненьня ня будзе, ніякіх анонсаў аб праграме таксама ня будзе. То бок тут няма ніякай сакрэтнасьці, проста звычайныя бюракратычныя затрымкі».

Ці зьвязаны гэты візыт з рэфэрэндумам пра ўзьяднаньне Беларусі, Украіны і Расеі, які раней абвясьціў протаярэй Усевалад Чаплін? На гэта протаярэй Сяргей Лепін сказаў:

«Я ня думаю, што гэта нават пытаньне таго ўзроўню. Я ня думаю. У мяне няма ніякай інфармацыі на гэтую тэму».

Паводле палітоляга, рэдактара інтэрнэт-парталу «Царква» Наталкі Васілевіч, візыт можа быць таксама зьвязаны з вырашэньнем і палітычных, і ўнутраных кадравых пытаньняў, і будучыні Беларускай праваслаўнай царквы:

«Нездарма з гэтага рабілі сакрэт. Ну, у прынцыпе, паглядзець, што тут адбываецца, сустрэцца зь япіскапамі, пагутарыць. На парадку дня стаіць вызначэньне будучыні беларускага экзарха — хто прыйдзе на зьмену мітрапаліту Філарэту. Калі гэтае пытаньне ня вырашана загадзя, то нейкія перамовы, напэўна, будуць весьціся. У мітрапаліта здароўе даволі слабое. Пасьля таго як архірэй дасягае пэўнага ўзросту, гэтае пытаньне так ці інакш паўстае. Трэба рыхтавацца да нейкага пераемніка, які б адпавядаў нейкім парамэтрам з боку патрыярхіі, дзяржаўнай улады і з боку беларускіх япіскапаў. Што будзе пераважным пры вызначэньні кандыдатуры новага архірэя, сказаць цяжка. Мне здаецца, што пераважыць пазыцыя самога патрыярха».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG