Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва: «Сьмяротныя прысуды яшчэ будуць»


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

10 кастрычніка — Усясьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, у якой выносяць і выконваюць сьмяротныя прысуды. Гэта — адна з асноўных прычынаў таго, што Беларусь дагэтуль не прынялі ў Раду Эўропы.

Любоў Кавалёва зь Віцебску з дапамогай праваабаронцаў Нідэрляндаў распачала акцыю «Вярніце цела». Яна дамагаецца ад уладаў Беларусі вярнуць цела яе сына Уладзіслава Кавалёва, расстралянага разам зь Дзьмітрыем Канавалавым паводле прысуду Вярхоўнага суду за выбух у менскім мэтро. Нідэрляндзкія актывісты зьбіраюць подпісы да ўладаў Беларусі, у тым ліку за адмену сьмяротнага пакараньня. Любоў Кавалёва тлумачыць, дзеля чаго гэта робіцца:

​«Так, я не магу вярнуць сына. На жаль, не магу вярнуць ні жывым, ні мёртвым. Гэта вельмі балюча. А самі разумееце, для маці гэта катаваньне — ня ведаць, дзе тваё дзіця. Я думаю, што ў такой сытуацыі, у якой апынулася я, няма гарантыі, што не апынуцца іншыя людзі, іншыя беларусы. Зараз прынятыя папраўкі ў закон аб тэрарызьме і экстрэмізьме, дзе такія масавыя выступы, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, любыя іншыя масавыя выступы, я так думаю, будуць разглядацца як тэрарызм. А тэрарызм — гэта артыкулы аб 25 гадах зьняволеньня і сьмяротным пакараньні. Таму я думаю, што сьмяротныя прысуды яшчэ будуць».

Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава расстралялі сёлета ў сакавіку. Праваабаронцы заяўляюць пра верагодны расстрэл яшчэ аднаго чалавека, якога прысудзілі да вышэйшай меры два гады таму. Колькі такіх прысудаў прыводзіцца ў выкананьне, першы намесьнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Сяргей Працэнка паведаміць адмаўляецца:

«Суд паведамляе сваякам аб выкананьні прысуду. Да мяне гэтая інфармацыя не прыходзіць, і справаздачнасьці такой у мяне няма».

Як паведамляюць праваабаронцы, за часы незалежнасьці Беларусі да вышэйшай меры пакараньня прысудзілі каля 400 чалавек. Колькі зь іх прыведзена ў выкананьне, невядома — гэтыя зьвесткі сярод самых засакрэчаных у краіне. Даведацца пра колькасьць расстраляных можна хіба праз сваякоў. Гэткім чынам вядома, што вышэйшая мера выконваецца адносна 2-3 чалавек штогод.
Пытаньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі знаходзіцца пад вельмі сур’ёзнай заслонай таямніцы

Кардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда:

«Насамрэч пытаньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі знаходзіцца пад вельмі сур’ёзнай заслонай таямніцы. І вось гэтая заслона, калі сваякам не выдаюць цела пакаранага, спараджае мноства розных легендаў. Кшталту таго, што людзі на рудніках працуюць і гэтак далей. Я думаю, што гэта спадчына з часоў НКВД, калі людзей расстрэльвалі масава і існавалі нейкія інструкцыі аб неразгалошваньні, каб сваякі нават ня ведалі месцаў пахаваньняў. Я думаю, што гэта доўжыцца з часоў Курапатаў і застаецца і па сёньняшні дзень».

Як паведаміў Андрэй Палуда, кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» сёньня прэзэнтуюць у Менску фільм «Убыл по приговору», прысьвечаны праблеме сьмяротнага пакараньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG