Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 кастрычніка — усясьветны дзень псыхічнага здароўя. Сёлетняя тэма — «Дэпрэсія: глябальны крызіс». На дэпрэсію ў сьвеце церпіць больш як 350 мільёнаў чалавек, яна, у сваю чаргу, зьяўляецца прычынай многіх хваробаў.

Хоць эфэктыўныя мэтады лекаваньня дэпрэсіі існуюць, у некаторых краінах менш за 10% з тых, хто церпіць на дэпрэсію, маюць магчымасьць атрымліваюць такую мэдычную дапамогу.

Намесьніца дырэктара рэспубліканскага цэнтру «Псыхічнае здароўе» Тацяна Караткевіч на просьбу «Свабоды» паведаміла пра ўзровень псыхічных захворваньняў у Беларусі па выніках 2011 году:

«Цяпер захворвальнасьць на псыхічныя і паводзінныя расстройствы складае каля 750 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта першасная захворвальнасьць. То бок столькі выяўлена за мінулы, 2011 год. А ўсяго псыхічна хворых на ўліку ў канцы мінулага году было 329 тысяч, годам раней было 319,5 тысяч. У 2002 годзе — 279 тысяч. То бок рост захворваньняў ёсьць, але ён нязначны. Яго можна, сярод іншага, патлумачыць і ростам даверу да псыхіятраў. Але мушу сказаць, што, паводле эпідэміялягічных дасьледаваньняў у краінах Эўропы і ў Расеі, праблемы з псыхічнымі захворваньнямі значна шырэйшыя і глыбейшыя. Гэта толькі відочная частка айсбэргу. Лічыцца, што ў разьвітых краінах ад 20% да 30% насельніцтва маюць праблемы з псыхічным захворваньнем. І тое, што мы рэгіструем, — гэта вельмі мала ў параўнаньні з тым, што ёсьць на самой справе».

Паводле спадарыні Караткевіч, псыхічныя захворваньні маюць самы вялікі паказчык DALI (вымярэньне страчанага з-за хваробы часу). «У выніку псыхічныя захворваньні наносяць вялікія эканамічныя страты, бо шмат гадоў чалавек хварэе, пры гэтым не працуючы. Гэта кладзецца вялікім эканамічным цяжарам на дзяржаву», — заўважае адмысловец.

«Яшчэ можна адзначыць аспэкты стаўленьня нашага грамадзтва да людзей, якія церпяць ад псыхічных хвароб. Гэтыя адносіны не заўсёды адэкватныя. Між тым адносіны грамадзтва да псыхічна хворых людзей — індыкатар псыхічнага здароўя самога грамадзтва. Індыкатар, які паказвае, наколькі грамадзтва разьвітае і адэкватнае. У нас ёсьць тут розныя праблемы, у тым ліку тыя, што да людзей, якія маюць псыхічныя расстройствы, ставяцца не зусім адэкватна. Лічаць іх „псыхамі, хворымі, небясьпечнымі, агрэсіўнымі“. Таму і дзень псыхічнага здароўя праводзяць, каб яшчэ раз зьвярнуць увагу на гэтую праблему. Што гэта такія ж людзі, толькі яны хварэюць. І яны маюць тыя ж правы, што і ўсе астатнія. У тым ліку на паважлівае да іх стаўленьне», — сказала псыхіятар Тацяна Караткевіч.

Паводле дадзеных грамадзкага аб’яднаньня «Голас сэрца», у Беларусі першасная захворвальнасьць на псыхічныя хваробы сярод дарослых вырасла з 2001 году амаль удвая. Актывісты арганізацыі кажуць, што псыхічна хворых у Беларусі —каля 500 тысяч чалавек. У краіне дзейнічае 45 інтэрнатаў для псыхічна хворых, у іх — каля 16 тысяч чалавек.

«Хоць матэрыяльная база гэтых устаноў за апошнія гады значна палепшылася, яны застаюцца закрытымі, то бок там адсутнічае магчымасьць для разьвіцьця гэтых людзей», — мяркуе кіраўнік «Голасу сэрца» Сьвятлана Блай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG