Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі даў інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Мир». Якія праблемы існуюць у дачыненьнях Беларусі з Расеяй? Як ацаніў Аляксандар Лукашэнка адносіны з Захадам? Чаму ў яго такая дзіўная рэакцыя на вынікі выбараў у Грузіі і Вэнэсуэле?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Якія праблемы існуюць у дачыненьнях Беларусі з Расеяй?


Валер Карбалевіч: «У сваім інтэрвію тэлерадыёкампаніі „Мир“ Лукашэнка закрануў шмат тэмаў — ад глябальнага эканамічнага крызісу да свайго прыватнага жыцьця. Найперш пагаворым пра дачыненьні Беларусі з Расеяй. Лукашэнка казаў пра пэрспэктывы аб’яднаньня МАЗа і КаМАЗа, пра бізнэс з растваральнікамі і біядызэлем, пра пэрспэктывы СНД. Якія высновы можна зрабіць зь ягоных выказваньняў на гэтую тэму?»

Андрэй Фёдараў: «Вострыя тэмы ў гэтым інтэрвію закранутыя не былі. Бо хоць тэлерадыёкампанія «Мир» лічыцца структурай СНД, але фактычна гэта расейская кампанія.

Але ёсьць уражаньне, што ў двухбаковых адносінах ня ўсё добра. Напрыклад, Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Падаецца, што доўгая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным у Сочы не прынесла вялікага плёну. Таму і ў інтэрвію няма ўражаньня пазытыву ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Фактычна, Лукашэнка ўхіліўся ад адказу на пытаньне пра аб’яднаньне МАЗа і КаМАЗа.

Як і прагназавалася, Расея пачала эканамічны ціск на Беларусь. Магчыма, гэта было загадзя заплянавана. А магчыма, раздражненьне Масквы выклікаў «растваральны бізнэс».

Паўлюк Быкоўскі: «Сапраўды, ня варта было чакаць у гэтым інтэрвію вострых пытаньняў на беларуска-расейскія тэмы. Бо гэтая тэлекампанія абслугоўвае постсавецкую прастору. Цікава тое, што Лукашэнка не знайшоў, што пахваліць у адносінах Беларусі з Расеяй. Гэта сьведчыць пра тое, што добрых стасункаў паміж саюзьнікамі няма».

Як ацаніў Лукашэнка адносіны з Захадам?


Карбалевіч: «Лукашэнка рэзка крытыкаваў ЭЗ за спробу перавярнуць Беларусь. Ён папракаў Эўразьвяз за несправядлівую, на яго погляд, ацэнку беларускіх выбараў. Таксама адзначыў, што на шляху ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ЭЗ і ЗША ставяць палітычныя перашкоды. Цікавыя развагі яго пра пазыцыю эўрапейскіх краін адносна эканамічнага крызісу. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?»

Фёдараў: «Адносна Захаду Лукашэнка выказаў традыцыйныя сэнтэнцыі. Але гэтым разам папрокі ў бок ЭЗ і ЗША былі ня вельмі жорсткімі. І падчас прыёму даверчых грамат ад замежных амбасадараў з вуснаў Лукашэнкі таксама гучалі абнадзейвальныя выказваньні на адрас Эўропы. Таму ў зьвязку з пэўным напружваньнем у беларуска-расейскіх адносінах можна рабіць выснову, што Менск спрабуе намацаць шлях да паляпшэньня дачыненьняў з ЭЗ».
Менск спрабуе намацаць шлях да паляпшэньня дачыненьняў з ЭЗ

Карбалевіч: «Калі казаць пра такую падзею, як уручэньне даверчых грамат, то сам фармат гэтага мерапрыемства прадугледжвае прымірэнчы, дыпляматычны тон».

Фёдараў: «Так, але наша практыка паказвае, што Лукашэнка, бывала, даволі жорстка выказваўся нават і на такім мерапрыемстве».

Быкоўскі: «Сапраўды, у заявах Лукашэнкі адносна Захаду не было агрэсіўнасьці. Гэта азначае, што беларускі бок спрабуе знайсьці нейкае паразуменьне з Захадам. Бо трэба рэфінансаваць вонкавую запазычанасьць.

Што тычыцца ацэнкі выбараў, то на гэтых выбарах у беларускай улады не было неабходнасьці весьці рэальную палітычную барацьбу. Апазыцыя ў нейкай ступені сама ўхілілася ад такой барацьбы. Таму і вастрыня ацэнак гэтых выбараў з боку Эўропы для беларускіх уладаў не такая, як раней».

Фёдараў: «Праз тыдзень павінна адбыцца паседжаньне Рады ЭЗ, на якім будзе абмяркоўвацца пытаньне пра новыя санкцыі адносна Беларусі. Будзе дадзена ацэнка і беларуска-швэдзкаму канфлікту, і вынікам выбараў. Я ўпэўнены, што ніякіх кардынальных рашэньняў там ня будзе прынята. Але пры ўсім пры тым было б недальнабачна напярэдадні такой падзеі паводзіць сябе агрэсіўна».

Карбалевіч: «Магу ўзгадаць, што на пачатку году, якраз напярэдадні паседжаньня Рады ЭЗ, на якім мелася абмяркоўвацца пытаньне пра новыя санкцыі адносна Беларусі, Лукашэнка рабіў вельмі агрэсіўныя выказваньні на адрас Эўразьвязу».

Фёдараў: «І скончылася гэта дыпляматычнай вайной. Можа, той прыклад чамусьці навучыў».

Быкоўскі: «Акрамя таго, на пачатку году ў Беларусі быў вельмі станоўчы замежнагандлёвы балянс, тэма растваральнікаў не псавала адносіны з Расеяй. Таму можна было так паводзіць сябе з ЭЗ. Цяпер сытуацыя зьмянілася».

Фёдараў: «Адносіны Беларусі з Захадам, Эўразьвязам — вытворная ад дачыненьняў з Расеяй. Гэта ўжо практычна аксіёма».

Рэакцыя на вынікі выбараў у Грузіі і Вэнэсуэле?


Карбалевіч: «Таксама цікавыя развагі Лукашэнкі пра вынікі выбараў у Грузіі і Вэнэсуэле. Ён зьдзівіўся, што прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі прызнаў вынікі выбараў. Таксама ён адзначыў, што апанэнт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Чавэса кандыдат ад апазыцыі Радонскі таксама прызнаў вынікі выбараў, сваю паразу. Здавалася б, звычайная рэч у сьвеце, але ў Лукашэнкі гэта выклікала моцныя асабістыя эмоцыі. Мусіць, для яго прызнаньне вынікаў выбараў — хваравітая тэма».

Быкоўскі: «Па-першае, калі браць беларускую практыку, то толькі Пазьняк у 1994 годзе прызнаў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і павіншаваў Лукашэнку. Пазьней такой традыцыі, каб апазыцыя прызнавала вынікі выбараў, у Беларусі не было. Апазыцыя казала, што выбараў не было, выбар укралі.
Гэта выклікала зьдзіўленьне ў Лукашэнкі: як гэта — губляць уладу?

Па-другое, і ў Грузіі, і ў Вэнэсуэле, у адрозьненьне ад Беларусі, была рэальная канкурэнцыя. Які б ні быў там узровень дэмакратычнасьці выбараў, усё ж улада залежала ад іх вынікаў. Гэта выклікала зьдзіўленьне ў Лукашэнкі: як гэта — губляць уладу? Гэта цяжка ўкладваецца ў галаве чалавека, які вырас у СССР, дзе ўлада перадавалася недэмакратычным шляхам.

Па-трэцяе, Лукашэнка адзначыў, што тыя прызнаньні паразы, пра якія мы кажам, былі з боку тых палітыкаў, якія прайгралі, моцнымі ўчынкамі.

Па-чацьвёртае, ад вынікаў вэнэсуэльскіх выбараў для Беларусі шмат што залежала ў практычным пляне. Калі б перамог кандыдат апазыцыі, то беларуска-вэнэсуэльскія кантракты маглі б быць ліквідаваныя. Таму можна зразумець, чаму Лукашэнка ноч ня спаў».

Фёдараў: «Мяркую, што параза Саакашвілі была для Лукашэнкі нечаканай. Ён быў упэўнены, што той выкарыстае адміністрацыйны рэсурс. Але Саакашвілі гэтага не зрабіў, што выклікала зьдзіўленьне Лукашэнкі. І беларускі лідэр ня змог схаваць гэтага. Аднак Лукашэнка даў станоўчую ацэнку паводзінам грузінскага прэзыдэнта».

Карбалевіч: «Узгадваю, як калісьці Лукашэнка зьдзівіўся, калі кіраўнік Югаславіі Мілошавіч прызнаў сваю паразу. Мусіць, ён падобныя падзеі прымярае на сябе».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG