Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына ня хоча правяраць байкот у 101-й акрузе


Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася разглядаць скаргу намесьніка старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, які патрабаваў прызнаць несапраўднымі вынікі мінулых выбараў па менскай Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101.

У адказе з Цэнтравыбаркаму, падпісаным Лідзіяй Ярмошынай, адзначаецца, што падаваць скаргі аб непрызнаньні выбараў па акрузе могуць толькі кандыдаты, якія па ёй балятаваліся.

Акрамя таго, Цэнтральная камісія праінфармавала, што падставай для адмены вынікаў выбараў па акрузе могуць быць толькі парушэньні, якія паўплывалі на вынікі выбараў або не дазволілі выявіць сапраўдную волю выбарцаў. На думку ЦВК, такіх парушэньняў зафіксавана не было.

У інтэрвію БелаПАН Губарэвіч назваў адказ з Цэнтравыбаркаму прагназаваным.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«ЦВК нават не патурбавала сябе праверкай фактаў, якія былі выкладзеныя ў скарзе, а іх было больш чым дастаткова, каб не зацьвярджаць вынікі выбараў па Фрунзенскай выбарчай акрузе», — сказаў ён.

Губарэвіч паведаміў, што цяпер чакае адказу з Генпракуратуры на аналягічную заяву. «Калі Генпракуратура таксама адмовіцца разглядаць наш зварот па сутнасьці, то ў нас застанецца адзін шлях — падаваць у суд на дзеяньні акруговай камісіі з указаньнем усіх фактаў, выкладзеных у скарзе», — адзначыў ён.

Прадстаўнікі руху «За свабоду», Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду» і яе маладзёжнага крыла «Zмена» арганізавалі ў выбарчай акрузе № 101 кампанію байкоту. У яе рамках праводзілася назіраньне амаль на ўсіх выбарчых участках акругі. У выніку, на думку назіральнікаў, яўка выбарцаў па акрузе склала 35,7%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG