Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі доктар праляжаў тыдзень у коме і, апрытомнеўшы, распавёў тыднёвіку  Newsweek --> http://www.thedailybeast.com/newsweek/2012/10/07/proof-of-heaven-a-doctor-s-experience-with-the-afterlife.html , што ёсьць жыцьцё і пасьля сьмерці. Гэта значыць, пасьля адключэньня мозгу.

«Восеньню 2008 году, пасьля сямі дзён у коме, на працягу якой чалавечая частка майго мозгу — кара галаўнога мозгу — была неактыўнай, я адчуў нешта настолькі глыбокае, што дало мне навуковыя падставы верыць у захаваньне сьвядомасьці пасьля сьмерці,» — сказаў нэўрахірург Эбэн Аляксандар тыднёвіку Newsweek.

Доктар Аляксандар прызнаецца, што перад сваёй комай ён ня верыў у ніякія «падарожжы па-за целам», пра якія распавядалі шмат хто з тых, хто апынуліся ў стане клінічнай сьмерці і потым вярнуліся да жыцьця. Усім такім адчуваньням, лічыў Аляксандар, можна было знайсьці навуковае тлумачэньне.

Ён стаў думаць інакш пасьля таго, як ачуняў пасьля комы, у якую патрапіў, калі ягоны мозг атакавала бактэрыя E.coli, якая выклікае мэнінгіт.

«Няма навуковага тлумачэньня факту, што калі маё цела ляжала ў коме, мой розум, мой сьвядомы, унутраны сьвет, быў жывы і здаровы, — тлумачыць доктар, чаму зьмяніў сваю думку. — У той час як нэўроны маёй кары былі абсалютна заглушаныя бактэрыяй, якая напала на іх, мая вызваленая з мозгу сьвядомасьць павандравала ў большае вымярэньне іншага сусьвету: у вымярэньне, якое мне і ня сьнілася, якое я перад сваёй комай назваў бы проста немагчымым.

Але гэтае вымярэньне — у агульных рысах яно такое самае, як і тыя, што апісаныя незьлічонымі суб’ектамі клінічнай сьмерці і іншых містычных станаў — існуе. Яно існуе, і тое, што я ўбачыў і пра што даведаўся, паставіла мяне літаральна ў новы сьвет: сьвет, у якім мы — нешта значна большае, чым наш мозг і цела, і дзе сьмерць — гэта не канец сьвядомасьці, але, хутчэй, толькі этап у велізарным і надзвычайна пазытыўным падарожжы».

Як выглядала гэтае падарожжа ў выпадку доктара Аляксандра?

«На пачатку маёй прыгоды я быў у нейкім месцы з аблокамі. Вялікія, пульхныя, ружова-белыя аблокі, якія рэзка вымалёўваліся на тле сіня-чорнага неба.
Тое, што здарылася са мной, разбурыла маё перакананьне, і я маю намер прысьвяціць рэшту свайго жыцьця дасьледаваньню сапраўднай прыроды сьвядомасьці

Па-над аблокамі — у невымернай вышыні — дугамі паласавалі неба чароды празрыстых, мігатлівых істотаў, пакідаючы доўгія, абвеўныя лініі ззаду.

Птушкі? Анёлы? Гэтыя словы прыйшлі мне на розум пазьней, калі я запісваў свае ўспаміны. Але нельга словамі перадаць таго, што гэтыя істоты ўяўлялі самі па сабе; яны адрозьніваліся ад усяго, што я ведаў на гэтай плянэце. Яны былі больш прасунутыя. Гэта былі вышэйшыя формы».

Апісаўшы, якія гукі выдавалі гэтыя істоты, Аляксандар працягвае:

«Большую частку майго падарожжа са мной быў яшчэ нехта. Жанчына. Яна была маладая, і я памятаю, як яна выглядала ва ўсіх дэталях. У яе былі выразныя скулы і цёмна-сінія вочы. Каса залаціста-карычневага колеру атачала яе прыгожы твар. (...) Яна гаварыла са мной, не карыстаючыся словамі. Мэсыдж прайшоў празь мяне, як вецер, і я адразу зразумеў, што гэта была праўда. (...)

Мэсыдж складаўся з трох частак, і калі перакласьці яго на зямную мову, я б сказаў, што ён значыў нешта накшталт гэтага:

Вас любяць і песьцяць, дарагі, заўжды.

Вам няма чаго баяцца.

Усё, што зробіце, будзе правільна


Жанчына, тлумачыць Аляксандар, паабяцала паказаць яму «шмат рэчаў тут» і сказала, што пасьля гэтага ён «вернецца». Але не патлумачыла, куды.

Нэўрахірург пачаў ставіць бясслоўныя пытаньні і, як прызнаўся тыднёвіку, атрымаў асаблівыя адказы:

«Дзе гэтае месца?

Хто я?

Чаму я тут?


Кожны раз, калі я моўчкі ставіў адно з гэтых пытаньняў, адказ прыходзіў імгненна як выбух сьвятла, колеру, любові і прыгажосьці (...). Мне адказвалі, абыходзячы мову. Думкі ўваходзілі ў мяне наўпрост».

Якія высновы робіць Эбэн Аляксандар са свайго «падарожжа» ў коме?

«Тое, што здарылася са мною, патрабуе тлумачэньня.

Сучасная фізыка кажа нам, што Сусьвет уяўляе сабой адзінства, што ён непадзельны. Хоць нам здаецца, што жывем у сьвеце падзелаў і розьніц, фізыка кажа нам, што пад паверхняй кожны аб’ект і падзея ў Сусьвеце цесна спалучаныя з усімі іншымі аб’ектамі і падзеямі. Насамрэч няма падзелаў. Да майго досьведу ў коме гэтыя ідэі былі абстракцыямі. Сёньня яны зьяўляюцца рэаліямі. (...) Я правёў дзесяцігодзьдзі як нэўрахірург у некаторых з самых прэстыжных мэдычных установаў у нашай краіне. Я ведаю, што шмат хто з маіх калегаў прытрымліваецца тэорыі, што мозг і, у прыватнасьці, яго кара, утварае сьвядомасьць, і што мы жывем у Сусьвеце, пазбаўленым якіх-небудзь эмоцый, ня кажучы пра безумоўную любоў, якую, як я цяпер ведаю, Бог і Сусьвет адчуваюць да нас. Але гэтае перакананьне, гэтая тэорыя цяпер ляжыць разьбітая ля нашых ног. Тое, што здарылася са мной, разбурыла гэтае перакананьне, і я маю намер прысьвяціць рэшту свайго жыцьця дасьледаваньню сапраўднай прыроды сьвядомасьці і даказаць, што мы зьяўляемся нечым нашмат большым, чым толькі наш фізычны мозг, як мага ясьней і для маіх калегаў-навукоўцаў, і для ўсіх іншых».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG