Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка: Ліквідацыя «Плятформы» — доказ парушэньня правоў вязьняў


9 кастрычніка Менскі гаспадарчы суд пастанавіў зьліквідаваць установу «Плятформа», якая займалася абаронай правоў вязьняў.

Кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка заявіў, што будзе абскарджваць гэтае рашэньне і, сярод іншага, зьвернецца ў Страсбург.

Пазоў інспэкцыі па падатках і зборах Савецкага раёну Менску да ўстановы «Плятформа» разглядаў судзьдзя менскага гаспадарчага суду Алег Клюйко. Інтарэсы падаткоўцаў у судзе прадстаўляў супрацоўнік інспэкцыі Дзьмітрый Содаль. Абараняўся ад прэтэнзій чыноўніка дырэктар установы «Плятформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка. Але ціску інспэкцыі ён ня вытрываў. Менш як за дзьве гадзіны разбору суд пастанавіў «Плятформу» ліквідаваць. Андрэй Бандарэнка сказаў у камэнтары, што для яго такое рашэньне суду было чаканым:

«Мы на сваім прыкладзе гатовыя зараз прадставіць сьвету тое, што адбываецца ў Беларусі і якім чынам адбываецца ціск на праваабарончыя арганізацыі. Каб пазбавіць прадстаўнікоў Беларусі ў ААН, у АБСЭ і гэтак далей магчымасьці казаць, што ў Беларусі цалкам выконваюцца правы як грамадзкіх арганізацый, гэтак і правы пэўнага чалавека».

Чым падаткоўцы абгрунтоўвалі неабходнасьць ліквідаваць «Плятформу»? Паводле Дзьмітрыя Содаля, «Плятформа» не разьмяшчалася па ўказаным у дакумэнтах юрыдычным адрасе.

«Неаднаразова нашы супрацоўнікі заходзілі па адрасе Веры Харужай, 22-38 (дарэчы, гэта адрас Аб’яднанай грамадзянскай партыі. — РС), але нікога з „Плятформы“ там не знаходзілі», — паўтарыў у судзе прадстаўнік інспэкцыі.

Паводле яго, яшчэ адзін доказ — тое, што Андрэй Бандарэнка прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні ў вядзеньні спраў. Справаздачу аб выплаце падаткаў «Плятформа» падала несвоечасова, і на блянку быў пазначаны іншы адрас, даводзіў чыноўнік.
З намі вялі перапіску па гэтым адрасе, значыць, прызнавалі яго адзіным дакладным

Андрэй Бандарэнка зь ніводным з гэтых аргумэнтаў не пагадзіўся. Праваабаронца паказаў у судзе дакумэнт, які падаткоўцы даслалі «Плятформе». Там быў пазначаны адрас: вуліца Веры Харужай, 22-38. «З намі вялі перапіску па гэтым адрасе, значыць, прызнавалі яго адзіным дакладным. І мы з гэтага адрасу адказвалі розным установам. А што на некаторых блянках быў пазначаны таксама іншы адрас, гэта — для большай зручнасьці», — даводзіў праваабаронца.

Таксама Андрэй Бандарэнка назваў цалкам незаконным прымусовы прывод яго ў падатковую інспэкцыю 1 жніўня. «Мяне запрасілі ў інспэкцыю, я пагадзіўся прыехаць праз паўтары гадзіны, але ўжо праз хвіліну на ганку стаяў міліцыянт, і мяне, парушаючы правілы дарожнага руху, павезьлі ў інспэкцыю. А назаўтра безь мяне правялі суд і наклалі адміністрацыйнае спагнаньне. Усё дзеля таго, каб незаконна забясьпечыць доказную базу, што нібыта „Плятформа“ не знаходзіцца па юрыдычным адрасе», — даводзіў Андрэй Бандарэнка.

Весьці аўдыёзапіс у судзе судзьдзя забараніў, таму даводзіцца аргумэнты бакоў пераказваць.

Рашэньне гаспадарчага суду Менску Андрэй Бандарэнка зьбіраецца абскарджваць, а дзейнасьць па абароне правоў вязьняў у любым выпадку працягваць.

«Не хацеў раскрываць свае пляны, каб яны не былі парушаныя. Пакуль будуць ісьці апэляцыі і касацыі, мы будзем працаваць ад „Плятформы“, а далей… У нас ёсьць напрацоўкі, якія нам дазволяць знаходзіцца ў прававым полі і працягваць сваю дзейнасьць».

Чавусаў: «Закрыцьцё „Плятформы“ палітычна матываванае»


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Закрыцьцё «Плятформы» камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў: «Тое, што „Плятформа“ праіснавала год і за гэты год зрабіла шмат карыснага, зьвязанага з дапамогай палітвязьням, а таксама з узьняцьцём на парадак дня становішча правоў зьняволеных — усё гэта, безумоўна, выклікала нэрвовасьць уладаў. Мы бачылі, што зь вясны гэтага году чыніўся ціск як на заснавальніка арганізацыі Андрэя Бандарэнку, так і на саму юрыдычную асобу. У гэтым выпадку рашэньне аб закрыцьці праваабарончай арганізацыі „Платформа“ — выключна палітычнае».

Алег Гулак: «Гэта яшчэ адзін факт ціску на структуры грамадзянскай супольнасьці»


Алег Гулак

Алег Гулак

Камэнтар кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Алега Гулака:

«Як звычайна, для перасьледу структур грамадзянскай супольнасьці выкарыстоўваюцца фармальныя парушэньні, да прыкладу, падатковага заканадаўства. На маю думку, у здаровы сэнс ня ўпісваецца ліквідацыя арганізацыі за падобныя парушэньні. Тым больш іх дастаткова ў іншых арганізацыях, і відавочна, што ва ўладаў ня роўны падыход да гэтых арганізацый. Відавочна, што галоўнай матывацыяй была актыўнасьць „Плятформы“, і гэта яшчэ адзін факт ціску на структуры грамадзянскай супольнасьці».

Марына Адамовіч: «Упэўненая, што гэта ня спыніць маіх сяброў»


Марына Адамовіч

Марына Адамовіч

Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Міколы Статкевіча:

«На жаль, гэта чаканае рашэньне. „Плятформа“ ад моманту свайго заснаваньня ўздымала вельмі нязручныя для ўлады і вострыя пытаньні. Яны дэманстравалі і дэманструюць прыклад сапраўднага прафэсіяналізму і адказнага стаўленьня да сваёй працы, да абароны правоў зьняволеных. Я асабіста вельмі ўдзячная ім за дапамогу і падтрымку, якую яны мне аказваюць. Ганаруся сяброўствам з гэтымі людзьмі. Вядома, вынік такой дзейнасьці з пункту гледжаньня ўладаў быў прадказальны і цалкам у рэчышчы сёньняшніх беларускіх рэалій. Але я абсалютна ўпэўненая, што гэта ня спыніць маіх сяброў».

Уладзімер Мацкевіч, аналітык: «Гэтая навiна не навiна. Цяжка было чакаць ад „нашага“ суду справядлiвага прысуду. Але, для тых, хто ў кантэксьце, гэты прысуд сьведчыць пра тое, што дзейнасьць „Плятформы“ была плённай, iнакш да яе не чаплялicя б. Будзем спадзявацца, што i па за рэгiстрацыяй „Плятформа“ будзе дзейнiчаць гэтак жа плённа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG