Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўштравічус: Купля беларусамі нерухомасьці ў Літве не ўплывае на палітыку


Вільня
Вільня

Тэму пакупкі беларускімі чыноўнікамі дарагой нерухомасьці ў Літве, распачатую літоўскімі ( TV3 --> http://www.tv3play.lt/program/savaiteskomentarai , delfi.lt --> http://www.delfi.lt ) і падхопленую беларускімі СМІ, камэнтуюць палітыкі суседняй краіны, якая рыхтуецца да парлямэнцкіх выбараў, прызначаных на нядзелю 14 кастрычніка.

«Лічу, што гэта не павінна мець ніякага ўплыву на палітычнае жыцьцё Літвы, на палітыку Літвы ў дачыненьні да Беларусі», — сказаў сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода віцэ-старшыня парлямэнцкага камітэту па справах Эўропы і сябра камітэту замежных справаў Пятрас Аўштравічус.

«Гэта (пакупка нерухомасьці грамадзянамі Беларусі ў Літве) — прыватныя зьдзелкі, і калі такія адбываюцца, то гэта пераход маёмасьці з адных прыватных рук у другія прыватныя рукі, а дзяржава ў гэтым не бярэ ўдзелу. Такія людзі (пакупнікі нерухомасьці), напэўна, атрымліваюць, доўгатэрміновую візу і магчымасьць даўжэй і часьцей бываць у Літве. Я ня бачу ў гэтым ніякага ўплыву на стаўленьне Літвы да Беларусі, і я сам задаюся пытаньнем, колькі такіх асобаў насамрэч ужо ёсьць, якія набылі нерухомасьць у Літве, і ці сапраўды яны ўсе такія, як іх СМІ спрабуюць ахарактарызаваць», — адзначыў Пятрас Аўштравічус.

Рука беларускага КДБ ці тэорыя змовы?

Былы галоўны рэдактар найбуйнейшай літоўскай газэты Lietuvos rytas Рымвідас Валатка, які раней выступаў з рэзкай крытыкай літоўскага ўраду за скандал, зьвязаны з Алесем Беляцкім, цяпер заявіў, што, магчыма, беларускія бізнэсоўцы, якія набываюць нерухомасьць у Літве, выконваюць тут заданьні беларускага КДБ, і назваў у якасьці прыкладу нядаўнюю адмову ў прытулку палітычнаму ўцекачу Сьцяпану Захарчанку.

Адзін зь літоўскіх палітолягаў, які уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі і літоўска-беларускімі дачыненьнямі, назваў цікавасьць да гэтай тэмы «спробай будаваць новыя тэорыя змоваў».

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Арвідас Анушаўскас сказаў журналістам, што «вельмі сумняваецца», каб беларускія бізнэсоўцы «маглі ўплываць на палітыку», але магчымы іх уплыў «на асобных літоўскіх прадпрымальнікаў, якія маюць бізнэс у Беларусі ці рыхтуюцца там мець большы бізнэс». «На іх, без сумненьняў, так — на іх можа рабіцца такі уплыў і напэўна робіцца», — адзначыў парлямэнтар.

«Часьцей за ўсё ў аўтарытарных дзяржавах адбываюцца такія працэсы, што бліжэйшае акружэньне рыхтуе шляхі адступленьня. Вільня знаходзіцца вельмі блізка ад Менску», — дадаў Анушаўскас.

Аўштравічус: месца беларускага рэжыму не зьмянілася

Літва цяпер рыхтуецца да выбараў. Як прадстаўленая тэма дачыненьняў з найбліжэйшай суседкай у дэбатах кандыдатаў?

«У выбарчай кампаніі 2012 году ў Сойм замежная палітыка — не дамінуючае пытаньне. На першым месцы — унутраная палітыка, тыя рэформы, якія ўжо былі распачатыя — гэта мае вялікае значэньне і выклікае найбольшую цікавасьць», — адзначыў літоўскі парлямэнтар Пятрас Аўштравічус.

У ліку гэтых тэмаў — пытаньні энэргетычнай палітыкі: адначасова з выбарамі ў парлямэнт будзе праходзіць і галасаваньне аб будаўніцтве АЭС у Літве.

Пятрас Аўштравічус працягвае:

«У кантэксьце замежнай палітыкі палітыка ў дачыненьні да Беларусі сапраўды ўздымаецца, у тым часе, як кандыдаты, палітыкі дыскутуюць аб замежнай палітыцы. І гучыць гэта ня ў сэнсе таго, якія будуць літоўска-беларускія дачыненьні, а больш у тым аспэкце, як бы мы маглі як краіна Эўразьвязу далей працягваць сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі, не забываючыся, што сапраўды, месца рэжыму не зьмянілася, апошнія выбары ў Беларусі толькі працягнулі своеасаблівае палітычнае існаваньне Лукашэнкі, — як мы можам і мусім дзейнічаць далей, каб не забывацца пра ідэалы дэмакратыі і узмацніць падтрымку беларускай апазыцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG