Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Наваградку, выпускнік адной зь менскіх ВНУ Максім Маціеўскі на прызыўной камісіі выказаўся супраць службы ў войску. У выніку яго зьмясьцілі ў гарадзенскі абласны клінічны цэнтар «Псыхіятрыя і наркалёгія» з дыягназам «Расстройства паводзін і эмоцый».

Максім Маціеўскі перакананы, што гэта сталася вынікам запісу ў дакумэнтах пра тое, што ён адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Актывістка «Маладога фронту» Кася Галіцкая лічыць, што сытуацыя Максіма Маціеўскага — прыклад таго, як дзяржаўныя ўстановы змагаюцца з іншадумствам.

Галіцкая: «Апошні актывіст, якога забіралі ў войска — гэта Міхаіл Мускі. Забіралі яго, магчыма, і адпаведна закону, але адбывалася гэта зусім незаконна і непрыгожа. Міхаіл Мускі адбываў адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна і мусіў адтуль выйсьці, але ня выйшаў. Яго адвезьлі ў суд, далі яшчэ пяць сутак, і за гэты час яго проста адправілі ў войска без мэдагляду, безь нічога. Мы гэта расцэньваем ня проста як спробу, а ўдалую спробу ізаляваць яго ад усялякага грамадзкага і палітычнага жыцьця. Варта адзначыць, што такое ўжо здаралася: гэткім жа чынам абышліся са Зьмітром Хведаруком і яшчэ горшым чынам — з Іванам Шылам, якому нават не далі скончыць сярэднюю школу. Таму я хачу сказаць, што войска выкарыстоўваецца як сродак ціску на моладзь».

Сытуацыю камэнтуе супрацоўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

Воўчак: «Да нас у праваабарончы цэнтар таксама было некалькі зваротаў юнакоў, якія з розных прычын не жадалі служыць у войску, а выказалі жаданьне прайсьці альтэрнатыўную службу. Ім усім прызначалі стацыянар, дзе правяралі іх на наяўнасьць псыхічных расстройстваў і на адэкватнасьць. Натуральна, што бальшыня зь іх былі актывістамі-апазыцыянэрамі. Таму можна казаць пра такі падтэкст, што калі ты выступаеш супраць чагосьці, то тады пачынаюць працаваць нейкія дзяржаўныя ўстановы, якія пачынаюць кантраляваць гэтых людзей. І тут можна казаць ня толькі пра ваеннабавязаных, тут можна ўзгадаць і міліцыю, якая складала сьпісы паводле праходжаньня працэдуры адбіткаў пальцаў, і шмат іншага. Усё ўзаемазьвязана».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG