Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 краінаў заклікаюць вызваліць Бяляцкага


«Мы ўскладаем адказнасьць за пагаршэньне здароўя Алеся Бяляцкага, пакуль ён знаходзіцца ў зьняволеньні, на ўлады», — гаворыцца ў заяве Сеткі Дамоў правоў чалавека, якая накіраваная Аляксандру Лукашэнку і генэральнаму пракурору Аляксандру Канюку.

Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі:

• неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, зьняць усе абвінавачваньні супраць яго і цалкам рэабілітаваць яго;

• да моманту вызваленьня забясьпечыць Алесю Бяляцкаму ў поўнай меры доступ да мэдычнай дапамогі, якая яму патрэбная, і гарантаваць, што ўмовы ўтрыманьня ў турме не адаб’юцца на стане яго здароўя;

• забясьпечыць Алесю Бяляцкаму ў поўнай ступені права прымаць наведнікаў і атрымліваць прыватную карэспандэнцыю.

Сетка Дамоў правоў чалавека — гэта форум супрацоўніцтва паміж Дамамі правоў чалавека. Яна аб’ядноўвае 70 недзяржаўных арганізацыяў у 15 краінах Заходніх Балкан, Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу, Усходняй Афрыкі і Афрыканскага Рога, а таксама Заходняй Эўропы. Мэта Сеткі Дамоў правоў чалавека — абараняць, умацоўваць і падтрымліваць праваабаронцаў і іхнія арганізацыі.

Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG