Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц таму, на сваім апошнім дні нараджэньня, Сяргей расказваў пра свой прызыў у войска напачатку 80-х, ужо пасьля інстытуту.

Пачуўшы беларускую, афіцэр у ваенкамаце зьбялеў ад нянавісьці, пачаў крычаць, што навучыць яго любіць радзіму, што такіх вырадкаў трэба выхоўваць, што бедныя яго бацькі, і што ў арміі яго згнояць. Цімохаў устаў і цьвёрда папрасіў спыніць абразы. Сказаў, што яго бацькі жывуць у вёсцы і ім ганарацца, і ім ёсьць чым ганарыцца — бо ён добры сын, і сам дасягнуў усяго, вывучыўся, выдатна скончыў інстытут.

Пагрозы працягвалі сыпацца. Цімохаў напісаў заяву — яе падпісалі яшчэ некалькі чалавек — і занёс ваенкаму. Той толькі ўздыхнуў і сказаў, што гэта ня першая скарга — пра пачвару ў пагонах, аказваецца, усе ўсё ведалі.

Калі праз год Сяргей прыехаў у адпачынак з Чорнага мора, дзе служыў, і зайшоў у ваенкамат, каб стаць на ўлік, дык уведаў, што вырадка ўжо звольнілі.

Ён расказваў гэту гісторыю, седзячы за сьвяточным сталом, з прыемнай усьмешкай, і бачна было, як жыва ўспомнілася тое выпрабаваньне, і тое, што не змаўчаў, і як файна скончылася.

Насамрэч, канечне, ня скончылася, і незалежнасьць яшчэ маладая, і поскудзі хапае ўсякай, з пагонамі і без. Ды толькі Сяргею было заўсёды чым ганарыцца, а ім не, і ніколі ня будзе.

У яго прасторнай майстэрні, якую ён абсталяваў і перабудаваў сваімі рукамі, сяброў і гасьцей заўсёды чакаў пачастунак і ня толькі чай, хоць сам ён амаль ня піў. Там са старога прыймача заўсёды гучала Радыё Свабода — і часам ягоны голас, удзельніка перадачаў «Вольная студыя», «Вострая брама», інтэрвію ў рэпартажах з выставаў. Менавіта яго карціна «Выкраданне Эўропы» адкрыла дзесяць год таму выдавецкую сэрыю каляндарыкаў Свабоды з хвалямі і частотамі. Яго працы будуць на наступным каляндары, які зьявіцца ў лістападзе.

Сяргею шчасьціла на сяброў — і ў мастацкай вучэльні, і ў інстытуце, і ў Майстроўні, і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і ў Чэхіі. Ён быў блізкім сябрам майго блізкага сябра, таксама мастака, які апекаваўся ім у яго апошнія месяцы так, як дай Бог усім — і было таксама шчасьцем для сяброў ведаць Ціму, Цёму, Сярогу, Сяржука.

Які Сяргей сам быў шчасьлівы, найлепш, верагодна, ведаюць дачка і сын, жонка Рыта, усе трое, як і ён, мастакі. Але яго карціны — творы чалавека, які напэўна ведаў, што такое шчасьце.

Калі яго жывапіс можна параўнаць з арганнай музыкай, дык графіка была джазам, але ня толькі, бо яшчэ і танцам, і віном і каханьнем, і я неяк сказаў яму, што Цімохаў мне падабаецца больш за Мадыльяні і больш за Пікасо, і ён засьмяяўся, а я казаў сур’ёзна, і чым больш я гляджу цяпер на эратычныя лініі, якія пачынаюцца там, дзе спыніўся Батычэлі, на золата і бронзу, якія, у адрозьненьне ад Клімта, ён расьціраў на аркушы далоньню, на тонкія абрысы часу, спыненага ў вечнасьці, тым менш разумею гэты цуд, ад якога немагчыма адвесьці вочы, хіба толькі для таго, каб змахнуць сьлязу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG