Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагнозы МВФ і ўраду разыходзяцца


Міжнародны валютны фонд (МВФ) прагназуе рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2012 годзе на 4,3%.

Пра гэта гаворыцца ў аглядзе стану сусьветнай эканомікі (World Economic Outlook, WEO), распаўсюджаным 9 кастрычніка, піша Інтэрфакс.

Улады Беларусі прагназуюць, што сёлета ВУП вырасьце на 5–5,5%.

Рост эканомікі Беларусі ў 2013 годзе чакаецца на ўзроўні 3,4%.

На 2013 год зацьверджаны мэтавы прагноз па росьце эканомікі на 8,5%.

Паводле ацэнкі МВФ, гадавая інфляцыя ў Беларусі ў 2012 годзе складзецца на ўзроўні 60,2%.

Нацыянальны статыстычны камітэт паведаміў 9 кастрычніка, што інфляцыя за студзень-верасень склала 16,1%.

«На 2012 год прагназуецца інфляцыя, не вышэйшая за 22%. Таму няма ніякай неабходнасьці рабіць дэвальвацыю», — заяўляла раней старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Надзея Ермакова.

У 2013 годзе чакаецца зьніжэньне гадавой інфляцыі да 30,6%, прагназуе МВФ.

У сваю чаргу ўрад Беларусі абяцае, што інфляцыя налета будзе 12%.





МВФ лічыць, што Беларусь павінна захаваць жорсткую манэтарную палітыку, каб зьнізіць інфляцыю.

Злотнікаў: Пры вяртаньні пазыкаў ніякага эканамічнага росту ня будзе


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў: «Па-першае, калі б Нацыянальны банк не прытрымліваў інфляцыю сваімі інструмэнтамі ў крэдытна-грашовай палітыцы — ён трымае свае грошы так, каб яны не траплялі ў абарачэньне — калі б гэтая палітыка не праводзілася, то насамрэч было б і 50%, і 60% — так, як прагназуе МВФ. І гэта штучная мера. Якая можа абарвацца ў кожную хвіліну.

Па-другое, МВФ прагназуе наша разьвіцьцё пры ўмове, што наш урад будзе здольны рэфінансаваць свае зьнешнія пазыкі. Маецца на ўвазе, што каб аддаць ранейшыя пазыкі, то мы мусім рабіць новыя пазыкі сёлета. Але калі гэты працэс замарудзіцца, то ніякага разьвіцьця ня будзе, а гэты працэс замаруджваецца. Мы трапілі ў цяжкую сытуацыю зь вяртаньнем гэтых пазык. І ў гэтай сытуацыі ніякага эканамічнага разьвіцьця ня будзе, ня будзе росту ВУП».

Чубрык: 4% ВУП — гэта «занізкі рост»


Аляксандра Чубрыка

Аляксандра Чубрыка

Камэнтар эканаміста Аляксандра Чубрыка: «У пытаньнях інфляцыі ў адным выпадку гаворка вядзецца пра сярэднегадавую, а ў іншым — пра параўнаньне са сьнежнем мінулага году, таму тут разыходжаньняў няма. Гэта проста два асобныя паказчыкі. Што тычыцца росту ВУП, то гэта не заўсёды паказчык таго, што ў эканоміцы ўсё добра. Чатырохпрацэнтны рост для эканомікі Беларусі — гэта тое, што мы можам назваць нейкім патэнцыяльным тэмпам росту ВУП. Для эканомікі з такім узроўнем даходаў, як у Беларусі, я б сказаў, што гэта занізкі рост. Таму я лічу, што гэта вельмі памяркоўны паказчык, які грунтуецца на рэальных рэчах, а не на штучных».
XS
SM
MD
LG