Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў у назіральнікі — страціў працу


Станіслаў Халадовіч
Станіслаў Халадовіч

Сьлесар філіялу «Водаканал» прадпрыемства «Івацэвіцкая ЖКГ» Станіслаў Халадовіч атрымаў папярэджаньне, што 7 лістапада будзе звольнены.

Сам ён лічыць, што звальняюць яго за палітычную актыўнасьць. Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Уладзімер Малей кажа, што кантрактная сыстэма дазваляе камуфляваць палітычныя звальненьні.

Афіцыйная прычына звальненьня апазыцыянэра Станіслава Халадовіча — сканчэньне кантракту. Аднак ён перакананы, што звальняюць яго за актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць. Падчас парлямэнцкіх выбараў Станіслаў быў назіральнікам на выбарчым участку ў Івацэвічах:

«Я думаю, што гэта ўсё выбары зрабілі… На ніводным участку такіх працэнтаў не было нізкіх, як у мяне… Я лічу, што гэта з-за палітыкі. А іншага і ня можа быць. У 2009 годзе я быў адзначаны ганаровай граматай, у 2010 годзе я адбываў тэрмін пакараньня пасьля Плошчы. Тады нада мною „дамоклаў меч“ занесьлі былі, але ўсё ж пакінулі… А тут вырашылі ад мяне пазбавіцца».

Станіслаў Халадовіч кажа, што рабіў шмат заўвагаў камісіі падчас назіраньня, і ў выніку яго нават перасадзілі далей ад стала.

«Свабодзе» не ўдалося атрымаць камэнтар кіраўніка прадпрыемства, які, дарэчы, быў на гэтых парлямэнцкіх выбарах сябрам Івацэвіцкай акруговай камісіі. У прыёмнай Водаканалу паведамілі, што дырэктар Уладзімер Бурдзь знаходзіцца ў працоўнай паездцы.

Рабочым Водаканалу Станіслаў Халадовіч працаваў апошнія 8 гадоў. Раней служыў у міліцыі. Цяпер, кажа апазыцыянэр, ён сумняецца, што знойдзе працу ў Івацэвічах на дзяржаўным прадпрыемстве:
Давядзецца ўлівацца ў брыгады шабашнікаў

«Я думаю, што не змагу ў Івацэвічах знайсьці працу. У дзяржаўную арганізацыю я ў ніводную ў горадзе не ўладкуюся. Давядзецца ўлівацца ў брыгады шабашнікаў»…

Такой жа думкі і прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Уладзімер Малей:

«Такім чынам дзяржава перасьледуе працоўных. Зразумела, яго ў раёне нідзе ня возьмуць на працу… І практыка судовая паказвае, што ніводная справа з пазовам аб аднаўленьні на працы ня мела станоўчага выніку. Наймальнік не абавязаны казаць, зь якой прычыны ён не працягвае з працаўніком кантракт. Практыка ў нас, на Берасьцейшчыне, паказвае, што за апошні час многія актывісты былі звольненыя па сканчэньні кантракту. Гэта Анжэла Камбалава і Рыгор Грык у Баранавічах, а на мікашэвіцкім „Граніце“ расправіліся з актывістамі незалежнага прафсаюзу».

Уладзімер Малей кажа, што кантрактная сыстэма дазваляе хаваць палітычна матываваныя звальненьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG