Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Богдан: «Ніхто не паверыў бы, што ў Чавэса можа быць 80%»


Уга Чавэс

Уга Чавэс

На прэзыдэнцкіх выбарах у Вэнэсуэле Уга Чавэс пераабраны на чарговы шасьцігадовы тэрмін і можа заставацца пры ўладзе да 2019 году.

Гэта ўжо трэцяе пераабраньне Уга Чавэса на прэзыдэнцкі тэрмін за 14 гадоў яго праўленьня пасьля прыходу да ўлады ў 1998 годзе. Ягоны канкурэнт прызнаў паражэньне і павіншаваў Чавэса зь перамогай. Чым вэнэсуэльскія выбары адрозьніваліся ад беларускіх?

Паводле папярэдніх падлікаў Цэнтравыбаркаму Вэнэсуэлы, за Уга Чавэса прагаласавалі 54,4% выбарцаў. За яго асноўнага суперніка, лідэра апазыцыі Энрыке Капрылеса, якога падтрымліваюць 30 апазыцыйных партый, прагаласавалі 45% вэнэсуэльцаў. Яўка на выбарах перавысіла 80%. Капрылес прызнаў паразу і павіншаваў Чавэса зь перамогай.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына ня стала камэнтаваць вынікі вэнэсуэльскіх выбараў і тое, чаму кіраўнік Беларусі набірае 80–84% галасоў, а ягоны сябар Уга Чавэс — на 30% меней. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў, што ЦВК, маўляў, толькі канстатуе факты:

Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

«У іх кандыдат набраў столькі, у нас столькі. Так прагаласаваў народ. Магчыма, у іх апазыцыянэр больш аўтарытэтны сярод выбарцаў выявіўся, чым нашы апазыцыянэры».

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Аляксандар Казулін мяркуе, што кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку і Лідзіі Ярмошынай варта павучыцца, як трэба праводзіць выбары:

«Час нашаму гегемону браць прыклад са сваіх сяброў у тым, як праводзіць выбары. Ён жа кажа, што ў нас выбары праходзяць лепш, чым ва ўсім сьвеце. Дык вось няхай возьме прыклад са сваіх сяброў, якімі ён ганарыцца. І з Саакашвілі, і з Уга Чавэса. І няхай пашле туды Ярмошыну са сваёй камандай, каб яны павучыліся, як праводзіць выбары, калі няма прэтэнзій з боку апазыцыі. І Саакашвілі прызнаў паразу. Там паказвалі электронныя скрыні для галасаваньня, дзе немагчыма зрабіць фальшаваньні. Самае галоўнае, што і апазыцыя, якая брала ўдзел у выбарах, таксама прызнала перамогу Чавэса і сказала, што выбары прайшлі. Тут жа многа ня трэба — прымаць удзел у падліку галасоў».

Паводле палітоляга Аляксея Караля, і ў Вэнэсуэле, і ў Беларусі можна пераабірацца на пасаду прэзыдэнта шмат разоў. Але ў выбарчай сыстэме ёсьць адрозьненьні:

Алесь Кароль

Алесь Кароль

«У Вэнэсуэле Чавэсу не ўдалося стварыць мадэль выбараў, калі яго супернікі выконваюць ролю статыстаў ці служаць мішэньню і вынікі не падлічваюцца, а проста называюцца. Там захавалася апазыцыя, і яна даволі арганізаваная і актыўная. Таму, хутчэй за ўсё, падлік галасоў і выніковыя лічбы адпавядаюць больш-менш рэальнаму стану грамадзтва. Пэўны падлік вядзецца. Адсюль і розныя лічбы, і паводзіны апазыцыянэраў. І яшчэ адно адрозьненьне. Там ішоў адзіны кандыдат, які не зазнаваў рэпрэсіяў з боку Уга Чавэса і той сыстэмы, якая існуе ў Вэнэсуэле. А ацэнка з боку атачэньня Лукашэнкі магла б быць такая — што там мадэль яшчэ не дасягнула завершанай фазы і Чавэс адстаў у будаваньні сваёй мадэлі. І можа браць майстар-кляс у Лукашэнкі, як рабіць вынікі на 80%».

Палітоляг Сяргей Богдан лічыць: сытуацыя адрозьнівалася тым, што ў Вэнэсуэлы быў шанец, каб неяк памяняць сытуацыю. Бо апазыцыя там далёка не такая маргіналізаваная, як у Беларусі, і за ёй стаяць пэўныя эканамічныя сілы. Паводле Богдана, за беларускай апазыцыяй і блізка няма такіх грошай і такіх людзей, якія ёсьць у апазыцыі вэнэсуэльскай.

«У Вэнэсуэле на стадыі перадвыбарнай агітацыі, мабілізацыі выбарцаў адбываецца вось гэты ціск з боку прыхільнікаў Чавэса, з боку дзяржавы. За кошт гэтага, яны лічаць, можна ўтрымаць уладу. А тое, што будзе 90% — гэта ім самім было б сьмешна на такія вынікі выходзіць. Ды ў прынцыпе і не патрэбна. У Вэнэсуэле гэта нікога б не пераканала, а толькі выклікала б шалёнае абурэньне. Ніхто не паверыў бы, што ў Чавэса можа быць 80%. А ў Беларусі ніякага працэсу, ні перадвыбарнай агітацыі, ні мабілізацыі выбарнікаў проста няма. У прынцыпе выбараў няма. У Вэнэсуэле прэзыдэнт лічыць, што ўладу можна ўтрымаць у тым ліку праз такія дэмакратычныя элемэнты, і ня бачыць у гэтым нічога страшнага».

Паводле Сяргея Богдана, канкурэнцыйны складнік у вэнэсуэльскай палітыцы ў шмат разоў большы, чым у беларускай.

«Па вялікім рахунку, у Вэнэсуэле ёсьць выбары. І нягледзячы на тое, што гэтыя выбары прайграныя, апазыцыя лічыць, што можна працягваць далей удзел у палітычным змаганьні. А ў Беларусі як можна ўсур’ёз прыняць перамогу Лукашэнкі? Ніяк. Лукашэнка ў прынцыпе ня мае патрэбы ў віншаваньнях апазыцыі. Бо лічыць, што ўся беларуская палітыка — гэта ён і ёсьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG