Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка будзе падтрымліваць камуністаў, а «Справядлівы сьвет» — «маргіналы»


Аляксандар Лукашэнка лічыць, што дзяржава павінна падтрымліваць патрыятычныя партыі: «Мы ня будзем утрымліваць, дапусьцім, за кошт бюджэту, але падтрымку ім трэба аказаць». Дадаліся камэнтары

Гэтую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў на сустрэчы з другім сакратаром ЦК кампартыі Беларусі (КПБ) Ігарам Карпенкам.

«Усе гэтыя „пяцікалёньнікі“ атрымліваюць салідныя ўліваньні з-за мяжы, гэта немалыя грошы, прынамсі на існаваньне ім хапае (...) А партыі, якія нас падтрымліваюць, краіну падтрымліваюць, дзейнічаюць у інтарэсах народу — у іх часам нават офіса няма, і будынка, і пакоя для таго, каб арганізаваць прыём людзей», — заявіў Лукашэнка.

«Гэта не чужыя нашаму народу партыі, таму я не баюся гэтага і публічна кажу пра тое, што яны не павінны весьці вось такое жабрацкае існаваньне — партыі патрыятычнай накіраванасьці. Там, дзе яны патрэбныя народу, па тых напрамках мы ім павінны дапамагаць», — дадаў прэзыдэнт.

Лукашэнка, перадае Інтэрфакс, пашкадаваў, што некалі камуністычная партыя раскалолася. «Але не бывае ліха без дабра і наадварот», — лічыць ён.

«Тая частка, якая адкалолася ад КПБ, ужо стала маргінальнай. Гэтая партыя была патрыятычнай у цэлым, а частка, якая адкалолася, фактычна зьяўляецца авангардам усёй нашай „пятай калёны“. Можа, і лепш. Няхай. Яны доўга да гэтага ішлі і нарэшце прыйшлі», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Сяргей Вазьняк: «Лукашэнка высока ацаніў нашу працу»

Сябра Цэнтральнага камітэту партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Вазьняк камэнтуе выказваньні Аляксандра Лукашэнкі.

«Па-першае, хачу паправіць Лукашэнку ў той частцы, дзе ён кажа, што мы „адкалоліся“. На самой справе ўсё было якраз наадварот, ад нашай партыі адкалолася тая частка, якую зараз прадстаўляе Карпенка.

Што тычыцца фінансаваньня КПБ, дык яна даўно фінансуецца дзяржавай, у парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Рэгіянальныя суполкі КПБ даўно арандуюць памяшканьні ў адміністратыўных будынках, ня плоцячы арэнднай платы. Было адмысловае распараджэньне Лукашэнкі наконт гэтага.

Так што дзяржава фактычна аказвае ім фінансавую дапамогу, але толку зь яе ніякага. КПБ як была непрыкметнай зьявай, такой яна і застаецца. Яны выяўляюць сябе толькі ў пэрыяд электаральных кампаніяў, у тым ліку іхнімі прадстаўнікамі запаўняюць выбарчыя камісіі».

Гаворачы пра тое, што Лукашэнка назваў партыю «Справядлівы сьвет» «авангардам усёй нашай «пятай калёны», Вазьняк заўважыў:

Вазьняк: «З вуснаў Лукашэнкі гэта высокая ацэнка нашай працы. Гэта мы павінны ўспрымаць як пахвалу. Тое, што наша партыя больш уплывае на грамадзкае жыцьцё, чым КПБ, гэта відавочна. Наша партыя робіць штодзённую працу і па-за рамкамі электаральных кампаніяў».


Чавусаў: «Роля нават ляяльных рэжыму партыяў мізэрная»

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што дзяржава будзе фінансава падтрымліваць ляяльныя ўладам партыі «патрыятычнай накіраванасьці», камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

Чавусаў: «Ляяльныя рэжыму палітычныя партыі даўно ўжо маюць падтрымку дзяржавы — у справе атрыманьня офісаў, юрыдычных адрасоў. Калі па ўсёй краіне адбывалася падвышэньне ў 10 разоў для некамэрцыйных арганізацыяў, то ляяльныя рэжыму партыі былі ўключаныя ў пералік ільготных арганізацыяў, якім захоўваецца паніжальны каэфіцыент для арэнды.

У такіх словах Лукашэнкі праглядаецца праява лабісцкай дзейнасьці з боку шэрагу праўладных партыяў і арганізацыяў у кірунку ўключэньня іх у інстытуцыйную пабудову рэжыму. Пакуль гэтыя партыі адыгрываюць выключна дэкаратыўную ролю. У беларускіх умовах роля палітычных партыяў, нават ляяльных рэжыму, мізэрная, і, у прынцыпе, падобныя заявы Лукашэнкі трэба ўспрымаць як вывучэньне гэтага пытаньня, але не як прыняцьцё нейкага прынцыповага рашэньня наконт палітычных партыяў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG