Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Гомельшчыне нарадзілася новае сьвята — сьвята беларускага ручніка.

З ініцыятывы абласнога ўпраўленьня культуры такое сьвята 6 кастрычніка ладзілі ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёну.

Вёска гэтая здавён славіцца сваімі традыцыямі ткацтва. Неглюбскім ручнікам, вытканым тутэйшымі майстрыхамі на драўляных кроснах, дзівіліся на міжнародных выставах у Нью-Ёрку, Манрэалі, Парыжы, Брусэлі, Токіё.

Неглюбскія ручнікі пабралі залатыя мэдалі шматлікіх музэяў сьвету, адзін зь іх упрыгожвае нават залю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Неглюбскія ручнікі

Неглюбскія ручнікі


«Я й сама ткала ручнікі, — згадвая 83-гадовая Палагея Прыходзька. — У нас, лічы, у кожнай хаце ручнікі. І нідзе моды прыгажэйшай не было. Некалі без ручніка ніводная дзяўчына замуж не выходзіла. І хусьцінкі такія прыгожыя выраблялі, і павалакі, і кашулі. У нас такія знатныя майстрыхі: Настасься Хрушчова, Фрося Дзямчыхіна, Настасься Сарасека. Багата было і старэйшых, але многіх ужо няма з намі».
Нараўлянская экспазыцыя

Нараўлянская экспазыцыя


У вясковым сквэры, што побач зь селькім Домам культуры, — сапраўдны музэй беларускіх ручнікоў пад адкрытым небам. Арганізатары пастараліся, каб на сьвяце былі прадстаўлены ня толькі неглюбскія ручнікі, але й такія ж вырабы зь іншых мясцовасьцяў. Прывезьлі свае ручнікі й паясы майстрыхі з Акцябрскага, Лельчыцкага, Нараўлянскага, Кармянскага, Рэчыцкага, Сьветлагорскага раёнаў.
Вышывае Натальля Малаковіч

Вышывае Натальля Малаковіч


Пад адкрытым небам паказвалі свае ўменьне ткаць Тацяна Суглоб, Людміла Кавалёва зь Неглюбкі, Марыя Плех зь вёскі Данілавічы Лельчыцкага раёну. Паясы прынародна ткала Марыя Сарнаўская з райцэнтру Акцябрскі.
Марыя Сарнаўская

Марыя Сарнаўская


«Такія этнакультурныя сьвяты, дэманстрацыя тканых і вышываных ручнікоў дапамогуць падняць цікавасьць у моладзі да такога старадаўняга й прыгожага рамяства, як ткацтва. Скажу нават больш — у мяне ў гурток пры Доме культуры пачалі хадзіць ня толькі дзяўчынкі, але й хлопчыкі», — кажа Тацяна Суглоб.
Тацяна Суглоб

Тацяна Суглоб


Традыцыям мясцовага ткацтва навучае дзяцей у сельскім Доме культуры й Людміла Кавалёва. Сама яна з Брагіншчыны, выйшла замуж за неглюбскага хлопца і тут навучылася ткаць выдатныя ручнікі.
Людміла Кавалёва

Людміла Кавалёва


На сьвяце ў Неглюбцы ня толькі паказвалі ручнікі, але й услаўлялі іх у песьнях, якія прывезьлі сюды народныя калектывы з розных куткоў Гомельшчыны.
Сьпяваюць ткачыхі Марыя Плех і Алена Карась

Сьпяваюць ткачыхі Марыя Плех і Алена Карась

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG